Что принёс и чем запомнился 2012-й год ушачанам?

Общество

Кожны год прыносіць нешта сваё, адметнае і непаўторнае. Штораз адыходзячы – у нечым непадобны на іншыя. Так і 2012-ы. Ён запомніцца многім ушачанам добрымі падзеямі, яркімі зменамі. Некаторыя жыхары згадзіліся адказаць на пытанне: “Чым адметны для вас год адыходзячы?” Вось што прыгадалі нашы землякі.
Вера Васільеўна Кіліна, трэнер ДЮСШ:
– Для мяне адыходзячы год застанецца памятным, таму што сёлета ў нас з мужам нарадзілася другая дачка. Назвалі яе Кацярына. Гэта адбылося ў жніўні. А пачатак 2012-га парадаваў юбілейным вечарам сустрэчы выпускнікоў Ушацкай сярэдняй школы. Два дзесяцігоддзі аддзялялі нас, аднакласнікаў, ад часу заканчэння роднай навучальнай установы. Мы сабраліся, парадаваліся адзін аднаму, даведаліся аб поспехах. Дарэчы, якраз сёлета мне прысвоілі вышэйшую катэгорыю трэнера. Так што і ў прафесійным плане таксама прыемныя перамены. Выходзіць, 2012-ы – незвычайны для мяне год.
Вольга Міхайлаўна Галавач, г.п.Ушачы:
– Сёлета пайшла на так званы заслужаны адпачынак. Можа для каго такі перыяд сумны, а я ўзрадавалася, што магу заняцца любімай справай – рукадзеллем. Да гэтага раней не хапала часу. Цяпер жа паспяваю ажыццявіць свае мары. Сёлета асвоіла вышыўку стужкамі, бісерапляценне, дэкор бутэлек рознай канфігурацыі з дапамогай паперы і іншых спадручных матэрыялаў. Зробленае дару родным, сябрам. Шмат задуманага пакінула на новы, 2013-ы.
Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі, дырэктар Вяркудскай школы:
– Праходзячы год запомніцца мне сустрэчай па запрашэнні старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі нашай дэлегацыі раённага Савета дэпутатаў і старшыняў сельскіх Саветаў дэпутатаў у Мінску. Мы пабывалі на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат беларускага парламента і ўрада. Уражанне незабыўнае. І яшчэ на памяці сустрэча з першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшынёй РГА “Белая Русь” Аляксандрам Радзьковым.
Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў:
– Год 2012-ы быў для мяне вельмі рэзультатыўным. Праведзена нямала мерапрыемстваў. Вынікі работы нашай грамадскай арганізацыі і мае асабіста адзначаны тым, што я ўзнагароджаны ордэнам Пашаны. І знамянальныя даты таксама выпалі на 2012-ты. 25 гадоў споўнілася раённай ветэранскай арганізацыі, 70-гадовы юбілей адзначыў я, акрамя таго мы адсвяткавалі з жонкай 45 гадоў сумеснага жыцця. Запрасілі самых родных, ветэранаў, тых, хто блізкі мне па духу і па жыцці. Уражанняў хопіць надоўга.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *