В Ушачском районе прошли выпускные вечера

Наши дети Образование и молодежь

Дзейства ля Ушацкай школы ў час выпускных баляў заўсёды разгортваецца загадзя. Проста ўшачане, не гаворачы пра матуль, бацькоў, бабуль, дзядуляў і сваякоў, падцягваюцца на цэнтральную плошчу гарпасёлка, каб убачыць і традыцыйнае шэсце выпускнікоў да помніка загінуўшым воінам і партызанам, і канечне, убранне прыгожых дзяўчат. Дарэчы, яны так мяняюцца ў гэты дзень, што замест школьніц ператвараюцца ў нявест. Яшчэ адна з прычын збору ўшачан на плошчы – зала школы не можа ўмясціць у гэты дзень усіх жадаючых – трапляюць на выпускны вечар толькі самі выпускнікі, іх бацькі. І, канечне, нешматлікія аднакласнікі, якія перайшлі вучыцца ў іншыя навучальныя ўстановы, як Павел Жыткі ці Аляксандр Янушкевіч, аднак Ушацкую школу і клас па-ранейшаму лічаць сваім.

Затое ў прасторнай зале Вялікадолецкай школы хапіла месца ўсім. І тым больш былым выпускнікам. Прыехаўшая на час канікул дадому Марыя Машчонак бегла ў школу, якую скончыла год таму. Ці зможа забыць залатая медалістка настаўнікаў, што далі ёй грунтоўныя веды, якія яна бліскуча пацвердзіла падчас здачы ЦТ, набраўшы (без стобальнага атэстата) ажно 230 балаў. Канечне не, і не яна адна. Далеччыну можна лічыць кузняй медыцынскіх кадраў. Заканчваюць 6 курс Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта сёлета Юрый Аніскевіч і Аляксандр Вусько, ну а малодшая дачка Сяргея Міхайлавіча і Раісы Анатольеўны разам з аднакласніцай Таняй Качан таксама збіраецца ў медыцынскі ўніверсітэт, а Оля Бука – у каледж. Навучанне ў школе без перабольшвання можна назваць персанальным – кожны з дзяцей згодна з прыроднымі здольнасцямі абірае свой профіль і знаходзіць падтрымку настаўнікаў, якія выконваюць і ролю рэпетытараў, займаючыся не за аплату, а на аддачу. “Гэта і наш імідж, імідж школы”, – неаднойчы чула падчас вечара ад калектыву прафесіяналаў.
Сама ж вечарына ў Вялікадолецкай школе прайшла так цёпла, як можа быць толькі ў вясковай навучальнай установе. Шчырыя словы знайшліся і пра кожную з шасці прыгажунь – так атрымалася, што 11 клас тут заканчвалі толькі дзяўчаты, і пра іх бацькоў, якім дырэктар Рыма Леанідаўна Аніскевіч уручыла лісты падзякі, і канечне, пра настаўнікаў.
Сёлета сярод выпускнікоў 11 класаў раёна няма залатых медалістаў, затое ёсць 8 пахвальных лістоў за асаблівыя дасягненні ў вывучэнні асобных прадметаў – усе іх уладальнікі з Ушацкай школы. А вось сярод выпускнікоў 9 класаў пасведчанні з “адзнакай” атрымала трое вучняў Ушацкай школы і адзін – Плінскай. Дарэчы, усё гэта зусім не галоўнае ў іх далейшым самастойным жыцці. Зрабіць правільны выбар, знайсці тую адзіную блізкую душы галіну, каб стаць прафесіяналам і самадастатковым шчаслівым чалавекам – куды больш варта. І вельмі пахвальна, што літаральна ўсе дзяўчаты Вялікадолецкай школы дакладна вызначыліся з будучай прафесіяй, прычым зусім не імкнучыся трапіць абавязкова ў інстытут. Наташа Падворная мяркуе стаць кандытарам, Насця Шунто – правадніком, Луіза Ляшкевіч хоча вучыцца ў тэхналагічным універсітэце.
У добры самастойны шлях, дарагія выпускнікі, без вас крыху сумна стала ў кожнай навучальнай установе Ушаччыны.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *