Главный ветеринарный врач Ушачского района ответил на вопросы по содержанию свиней в личных подсобных хозяйствах граждан

Выясняем ситуацию Личное подсобное хозяйство Сельское хозяйство

Свініна была і застаецца самым хадавым мясам у беларусаў, а парсюкі на асабістых падворках – самымі распаўсюджанымі гадаванцамі. Яно і зразумела, лішкі бульбы і ўласнае зерне гарантуюць, можна сказаць, самае таннае атрыманне мясных прадуктаў. Распаўсюджванне афрыканскай чумы свіней на тэрыторыі Беларусі ў апошні час паставіла пад пагрозу ўтрыманне свіней на асабістых падворках. Жыхарам нашага раёна ветслужба рэкамендавала забіваць здаровую жывёлу, каб потым не плакаць пры яе ўтылізацыі. Зараз у Беларусі не зарэгістравана новых ачагоў захворвання, аднак пытанне “трымаць ці ўстрымацца ад заводу парсюкоў” для насельніцтва застаецца адкрытым. Гэтай тэме і прысвечана наша інтэрв’ю з галоўным ветэрынарным ўрачом раёна В.Л.ЗЕЛЕНІКОМ.

Васіль Леанідавіч, зняты каранцін і на комплексе “Лучоса”, новых успышак на комплексах вобласці няма, ці можа насельніцтва раёна гадаваць парсюкоў на ранейшых умовах?

– У краіне няма новых ачагоў захворвання афрыканскай чумой свіней перш за ўсё дзякуючы жорсткім мерам захавання ветэрынарных правілаў. Яны захоўваюцца на ўсіх комплексах краіны, аднак нераспаўсюджванне чумы немагчыма без выканання іх грамадзянамі і на асабістых падворках. Улічваючы рэальную сітуацыю пастановай Савета Міністраў ад 29 жніўня 2013 года №758 зацверджаны новыя ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках. І згодна з імі насельніцтва раёна можна падзяліць на дзве групы. Першая – гэта населеныя пункты, якія знаходзяцца ў пяцікіламетровай зоне ад свінагадоўчага комплексу “Сарочына”. Утрыманне свіней там забаронена. Другая – гэта ўсе астатнія населеныя пункты раёна: трымаць на падворках парсюкоў можна, аднак са строгім захаваннем ветэрынарна-санітарных правілаў.

– Адразу расставім кропкі над “і” па першай катэгорыі. Калі чалавек усё ж прыхаваў парсючка і ў пяцікіламетровай зоне ад комплексу?

– Дабаўлю, што некаторыя нават пачалі набываць. Нашымі спецыялістамі зараз робіцца падваравы абход. Утрыманне ў пяцікіламетровай зоне на падворках свіней з’яўляецца парушэннем ветэрынарных правілаў і згодна дзеючага заканадаўства за гэта прадугледжаны штраф у памеры да 20 базавых велічынь.

На што трэба звярнуць увагу пры ўтрыманні свіней астатнім жыхарам раёна?

– Асноўнае – не дапусціць на падворак інфекцыі. Для гэтага тэрыторыя асабістых падсобных гаспадарак павінна быць агароджана, каб не магла трапіць дзікая жывёла, тыя ж пераносчыкі інфекцыі – дзікі. Кожны від жывёлы павінен утрымлівацца на асобных пляцоўках. Калі вы наведалі лес, вымыйце абутак і адзежу, а лепш для наведвання хлева мець асобны. Набывайце камбікармы толькі ў магазінах. Уласныя бульбу і зерне давайце толькі варанымі, паколькі вы не можаце быць застрахаванымі ад пападання інфекцыі ў кармы, а пры тэрмічнай апрацоўцы вірус гіне. Рэгулярна выдаляйце гной і чысціце кармушкі. Сачыце, каб у памяшканне, дзе ўтрымліваюцца парсюкі, не траплялі пацукі, птушкі, мухі. Зразумела, трэба пільна сачыць за станам жывёлы (ужываннем ежы, вады, тэмпературай, паводзінамі), а пры пагрозе захворвання і пры падзяжы трэба тэрмінова выклікаць ветэрынарнага ўрача.

Раней мы пісалі, што забіваць на асабістых падворках жывёлу можна толькі пры выкліку спецыялістаў ветэрынарнай службы.

– Гэта захоўваецца ў сіле. Прычым свініна абавязкова правяраецца, і калі здаровая, можна выкарыстоўваць у асабістых мэтах. Прадаваць прыватнікам свініну на рынках па-ранейшаму забаронена.

— Аднак на крытым рынку гарпасёлка па-ранейшаму гандлююць свінінай.

– Так. Гандлюе Глыбоцкі мясакамбінат, прычым законна – гандляваць на рынках дазволена толькі прадпрыемствам, якія ажыццяўляюць прамысловую перапрацоўку. І канечне, можна смела набываць у магазінах.

Калі ў жыхароў узнікнуць якія пытанні, адказ на іх можна атрымаць у спецыялістаў ветэрынарнай службы па нумары 2-75-38.

В.КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Главный ветеринарный врач Ушачского района ответил на вопросы по содержанию свиней в личных подсобных хозяйствах граждан

  1. Вот видите как аукналась бомба замедленого действия Ведь по санитарным нормам того времени нельзя было строить свинокомплексы бближе пяти км от населенного пункта насколько я знаю устрашающие акции карательного толка были независимо от расстояния свинокомплекса

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *