В питомнике Ушачского лесхоза закладывается будущее лесного богатства района

К профессиональному празднику Экология

З дарогі памеры пітомніка Ушацкага лясгаса здаюцца невялікімі, але гэта толькі на першы погляд. Калі зазірнуць на тэрыторыю, то за стройнымі стваламі дрэў Стайскага бору адкрыецца цудоўны від на вялікую пляцоўку плошчай у 9,3 гектара, дзе закладаецца будучае ляснога багацця Ушаччыны.

Асноўныя культуры, якія тут растуць – сасна, елка, лістоўніца і дуб. Большасць плошчаў займаюць сасна і елка. Усе расліны прарошчаны з насення, часткова са свайго, а часткова з купленага. Насенне лістоўніцы, напрыклад, набывалі ў Глыбокім.

Прыгожымі роўнымі радкамі прабіваюцца аднагадовыя расліны, побач з імі густой коўдрай зелянеюць двухгадовыя – саджанцы сасны ўжо гатовы для перасадкі на дзялянкі, а вось маладыя елачкі двухгадовымі не высаджваюць. Іх сеянцы пераносяцца ў “школьнік” – спецыяльны ўчастак пітомніка, дзе яны гадуюцца яшчэ два гады і толькі тады стануць саджанцамі, бо інакш не прыжывуцца ў лесе, іх заглушыць травой і парасткамі лісцевых парод. Дуб больш патрабавальны да глебы, чым хваёвыя пароды, і ў адрозненне ад сасны не будзе расці на беднай пясчанай глебе. Таму яго пасадка практыкуецца пры рэканструкцыі малакаштоўных насаджэнняў, ім замяняюць у асноўным высякаемае кустоўе алешніку і лазы. У гэтым годзе дуб садзілі на тэрыторыі Касарскога і Вялікадолецкага лясніцтваў.

– Як удаецца спраўляцца з такой тэрыторыяй? – пытаюся ў Аляксея Іванавіча Савіна, памочніка ляснічага Вялікадолецкага лясніцтва, на тэрыторыі якога размешчаны пітомнік.

– Мы працуем на ўвесь лясгас, – адказвае А.Савін. – Маленькія саджанцы, вырашчаныя ў нашым пітомніку, высаджваюцца на тэрыторыі ўсяго раёна, таму і дапамагаюць нам пры неабходнасці ўсе лясніцтвы. Вось і ў гэтым годзе араў участкі пад пар трактар Кубліцкага лясніцтва, калі неабходна дапамога пры праполцы культур, кіраўніцтва лясгаса таксама дапамагае людзьмі і тэхнікай.

На пітомніку за апошні час механізаваны многія тэхналагічныя працэсы, якія ў недалёкім мінулым выконваліся людзьмі, але зусім абысціся ў гэтым карпатлівым занятку без ручной працы немагчыма. На працягу сезона, з мая па кастрычнік, на праполцы, перасадцы сеянцаў і ўборцы саджанцаў задзейнічана брыгада ў складзе трох жанчын, кіруе працэсам малады спецыяліст Вераніка Леанідаўна Машчонак – мясцовая дзяўчына, якая нядаўна скончыла Полацкі дзяржаўны лясны каледж па спецыяльнасці “садова-паркавае будаўніцтва”. Для пасадкі насення набылі польскую саджалку.

– Раней садзілі насенне пад меч Колесава, для пасадкі аднаго гектара плошчы збіралі ўвесь лясгас, – успамінае памочнік ляснічага. – Зараз жа гэты аб’ём робіць трактарыст і тры чалавекі на саджалцы за чатыры дні.

Выкопваюць саджанцы з дапамогай спецыяльнай скабы, падразаючы грунт на глыбіні 15-20 сантыметраў, каб не пашкодзіць каранёвую сістэму. Потым змочваюць іх карпансілам, спецыяльным прэпаратам, які з’яўляецца вадкім узмацняльнікам росту, і размяшчаюць у драўляныя скрыні – саджанцы гатовы для адпраўкі.

Магутнасці пітомніка дазваляюць забяспечыць пасадачным матэрыялам асноўных парод ўласныя патрэбы лясгаса і нават іх прадаваць. У 2011 годзе пасля моцных лясных пажараў у Расіі лесаводы Пскоўскай вобласці набылі ў нашых калег 540 тысяч саджанцаў на суму каля 74 мільёнаў рублёў.

У мінулым годзе ў Вялікадолецкім лясніцтве створана і парніковая гаспадарка, але вырошчваюць тут не агуркі з памідорамі, а туі, якія пасля чаранкавання развіваюць каранёвую сістэму. У наступным годзе іх можна будзе набываць для ўласных патрэб.

Для працаўнікоў лясгаса, якія задзейнічаны на пітомніку, створаны добрыя ўмовы працы і адпачынку. На агароджанай тэрыторыі з аднаго боку размешчана вялікая альтанка, на супрацьлеглым баку пабудаваны прыгожы драўляны дом, дзе маецца мэбля, печ з плітой, каб разагрэць і гатаваць ежу, вада, ля дома выкапана вялікая сажалка, дзе, па словах А.І.Савіна, трапляюцца нядрэнныя карасі… Гледзячы на маленькія парасткі сасны, якія ўпарта прабіваюцца праз глебу на фоне сваіх дарослых сясцёр, міжволі задумываешся пра час, пра грунтоўнасць працы лесаводаў, бо калі гэтыя парасткі стануць вялікімі дрэвамі, зрзаць і перапрацоўваць іх будуць ужо іншыя, новыя пакаленні працаўнікоў лесу.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *