В КУСХП «Глыбочаны» заканчивается ремонт молочно-товарного комплекса

Сельское хозяйство

З аптымізмам сустракаюць Новы год працаўнікі жывёлагадоўчага комплексу КУСГП “Глыбачаны”. Падыходзіць да завяршэння працяглы капітальны рамонт, пасля якога, па словах жывёлаводаў, на комплекс прыйдзе “цывілізацыя” – будзе запушчаны новы даільна-малочны блок, у новыя, перабудаваныя пад бяспрывязнае ўтрыманне кароў памяшканні пераселіцца 300 з 485 кароў дойнага статка сельгаспрадпрыемства.Гэта не азначае, што будуць пуставаць іншыя збудаванні комплексу, бо агульны статак гаспадаркі налічвае каля 1300 галоў. Дырэктар КУСГП “Глыбачаны” Сяргей Іванавіч Кірпічонак за час рамонту паспеў тэарэтычна асвоіць некалькі відаў будаўнічых спецыяльнасцей, таму аб завяршаючым этапе кажа з веданнем справы.

– Хацелася б наваселле справіць у 2013 годзе, але крыху не паспеем, не хопіць літаральна некалькіх дзён.

Адметнасць работ на гэтым жывёлаводчым аб’екце хаця б у тым, што сюды не ўкладзена ніводнага рубля бюджэтных сродкаў, увесь капітальны рамонт праводзіцца за ўласны кошт і амаль без крэдытных рэсурсаў. Бывае, што хутчэй пабудаваць новае, чым перарабляць і прыстасоўваць старыя памяшканні пад новыя вытворчыя аб’екты. Улічваючы гэты факт – вынік уражвае. Пустуючае памяшканне пасля правядзення ўнутраных аддзелачных работ зусім хутка стане даільна-малочным блокам, бо сучаснае абсталяванне айчыннай вытворчасці там ужо ўстаноўлена, праведзена кантрольная дойка, якая не выявіла дэфектаў у выкананні пусканаладачных работ. Выйгралі тэндар і праводзілі іх спецыялісты з Мінска. Даільнае абсталяванне набыта ў лізінг, першапачатковы ўзнос – 150 мільёнаў рублёў. Зараз у даільна-малочным блоку рабочыя ПУП “НікСілБуд” кладуць на сцены плітку, кошт якой для гаспадаркі склаў 25 мільёнаў рублёў, ёсць яшчэ некаторыя ўнутраныя работы.

Спадзяюцца ў “Глыбачанах”, што новае абсталяванне дасць і новыя магчымасці, дазволіць павысіць прадукцыйнасць і якасць малака.

Даярка Сафія Аляксандраўна Каваленка на комплексе ў Глыбачцы працуе 8 гадоў, раней даіла кароў на малочнатаварнай ферме ў Красным, была ў паляводчай брыгадзе. “Яшчэ дзяўчынкай хадзіла на ферму дапамагаць маці”, – кажа жанчына, якая з малых гадоў ведае цану нялёгкай справе жывёлавода. Яна, як і намеснік загадчыка комплексу Наталля Анатольеўна Новікава, ужо паспела азнаёміцца з новымі тэхналогіямі, кіраваць якімі будзе камп’ютар, ацаніць працэс дойкі, дзе ручная праца будзе мінімальнай – магчымасці новага даільнага абсталявання дазваляюць абслугоўваць 150 кароў усяго двум аператарам.

Каля 1 мільярда рублёў затраціла сельгаспрадпрыемства толькі на будаўнічыя матэрыялы, а яшчэ быў рамонт адміністрацыйнага будынка, набывалі мэблю. С.І.Кірпічонак кажа, што “каб не будоўля, было б намнога прасцей”, былі б дадатковыя сродкі на павышэнне зарплаты працаўнікам, на набыццё запчастак і гаручага. Але ў гаспадарцы разумеюць неабходнасць мадэрнізацыі, ды і “пацярпець” засталося нямнога.

А пакуль нягледзячы на цяжкасці працаўнікі “Глыбачан” рыхтуюцца да Новага года і Каляд, падчас майго візіту раздавалі падарункі. Грошы на салодкую іх частку выдзеліў прафсаюзны камітэт, дабавіла і кіраўніцтва гаспадаркі разам з добрымі прадуктовымі наборамі – каўбасамі і традыцыйнай бутэлькай шампанскага. Адкаркаваць яе пад бой курантаў давядзецца не ўсім, бо хтосьці будзе сустракаць Новы год на комплексе – такая спецыфіка работы працаўнікоў сельскай гаспадаркі.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *