В районном Доме культуры состоялась традиционная встреча ветеранов войны и труда, пенсионеров Ушачского района

В общественных организациях Ими гордятся

У святочныя дні прынята загадваць самыя запаветныя жаданні. Але, пагадзіцеся, не проста марыць, калі “гадзіннік жыцця” адлічыў ужо 70, 80, 90 гадоў. Прыемна, што нашы ветэраны застаюцца ў страі, плануюць новыя справы і нават не гавораць пра старасць. Як трапна заўважыў старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец, кожны год дадае ім мудрасці і аптымізму…

Традыцыйная раённая сустрэча ветэранаў вайны і працы, пенсіянераў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, прысвечаная Дню абаронцаў Айчыны і святу 8 Сакавіка, сёлета сабрала ў раённым Доме культуры нямала ўшачан. Усе ўдзельнікі ўрачыстасці, з якімі давялося пагутарыць, не хавалі свайго захаплення: падкрэслівалі выдатную арганізацыю мерапрыемства, цёплую атмасферу, дзякавалі за магчымасць сустрэцца з баявымі сябрамі і былымі калегамі.

Як заўсёды, сярод ганаровых гасцей свята – ветэраны вайны. На жаль, з кожным годам іх становіцца ўсё менш. Як паведаміў у сваёй прамове У.М.Малаткавец, сёння ў раёне засталося толькі 63 удзельнікі Вялікай Айчыннай. Вельмі прыемна, што восем з іх змаглі папрысутнічаць на сустрэчы. Арсеній Кліменцьевіч Первянёнак, Віктар Арцёмавіч Паршанка, Аляксей Максімавіч Алексяёнак, Кацярына Кузьмінічна Шасцярэнь, Зінаіда Сцяпанаўна Жданко, Кацярына Мікалаеўна Васілеўская, Іван Кірылавіч Падворны, Мікалай Іванавіч Севярын атрымалі кветкі і, вядома ж, шчырыя словы ўдзячнасці за тое, што яны зрабілі для нашчадкаў.

Не засталіся па-за ўвагай і тыя, хто ўслаўляў наш раён сваімі працоўнымі дасягненнямі. Гучнымі апладысментамі сустракала зала тых, хто адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі за шматгадовую плённую працу. Віншаванні атрымалі таксама воіны-інтэрнацыяналісты, запрошаныя на свята.Ветэранская арганізацыя нашага раёна – адна з самых актыўных у вобласці, яе дзейнасць не застаецца незаўважанай. Нашы ветэраны вядуць маштабную работу па патрыятычным выхаванні моладзі, прымаюць удзел у грамадска-палітычных кампаніях і культурна-масавых мерапрыемствах, ахвотна ахвяруюць сродкі на грамадскія мэты. Апошняе пацвердзіла ў сваёй прамове старшыня раённага аддзялення Фонду міру Т.М.Малак. Таццяна Міхайлаўна падкрэсліла, што за 2013 год ветэранамі і пенсіянерамі Ушаччыны сабрана 11,5 мільёна рублёў ахвяраванняў (усяго – 53 мільёны). Сёлета, у перыяд святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 90-годдзя стварэння Ушацкага раёна, 40-годдзя адкрыцця мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, гэтыя сродкі вельмі дарэчы. У планах раённай арганізацыі – патраціць іх на рамонт і рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, помніка загінуўшым воінам і партызанам у аграгарадку Вялікія Дольцы, на ўвекавечанне імёнаў мірных жыхароў вёскі Усая Вяркудскага сельсавета, расстраляных у ходзе карнай аперацыі ў студзені 1943-га, на ўстаноўку помніка на месцы перапахавання астанкаў расстраляных мірных жыхароў вёскі Павулле. Прыняць удзел у дабрачыннай справе і зараз можа любы жадаючы, накіраваўшы грашовыя сродкі на спецыяльны разліковы рахунак Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” 3015411066013 у дырэкцыі ААТ “Белінвестбанк” па Віцебскай вобласці, код 153001739 УНП 300126737.

З цёплымі віншавальнымі словамі да прысутных звярнуліся ў гэты дзень старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Васільеўна Пашковіч і ваенны камісар Ушацкага раёна Уладзімір Яўгенавіч Пальчэх. Шмат прыемных уражанняў прынёс усім і вялікі канцэрт, падрыхтаваны ўдзельнікамі народнага хора клуба “Ветэран” пад кіраўніцтвам Інэсы Клімавай. Дарэчы, сёлетні год для творчага калектыву асаблівы – юбілейны, 30-ы па ліку.

Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі У.М.Малаткавец пажадаў удзельнікам мерапрыемства здароўя на доўгія гады, аптымізму і каб больш цвёрдым быў крок.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *