Сельскохозяйственные предприятия Ушачского района приступили к массовому севу яровых культур

Сельское хозяйство

Гаспадаркам раёна сёлетняй вясной неабходна пасеяць яравыя зерневыя і зернебабовыя на агульнай плошчы 10 828 гектараў. Пад яравы рапс адведзена 1300 гектараў, 2900 – пад кукурузу. Бульба будзе пасаджана на плошчы 100 гектараў, 10 гектараў зойме агародніна. Самыя вялікія пасяўныя плошчы ў КУСГП “Вялікадолецкае”, ААТ “Ільюшынскі” і “Ушацкі райаграсэрвіс”.

*…..*…..*

Не па-сакавіцку высока і ярка свеціць сонца, саграваючы сваімі праменямі глебу. А гэта першы кліч хлебаробам для выхаду на сяўбу, да якой прыступілі амаль усе гаспадаркі раёна. Першымі пачалі адлічваць засеяныя гектары на палетках ААТ “Дземенец”. Яго кіраўнік Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка кажа, што за свой багаты працоўны стаж на хлебнай ніве нават і не памятае, калі на канец першага месяца вясны ў гаспадарцы была пасеяна амаль трэцяя частка яравога кліна.Сёння ў таварыстве разгорнуты поўны комплекс палявых работ, не прастойвае ніводная адзінка тэхнікі. Для якаснага правядзення пасяўной кампаніі тут ёсць амаль усё: насенне, паліва, запчасткі і самае галоўнае – жаданне працаваць і яснае бачанне таго, як правесці сяўбу ў аптымальныя тэрміны. Гаспадарцы, якая год ад году павялічвае пасяўныя плошчы, не хапае толькі мінеральных угнаенняў.

Механізатары ў “Дземенцы” ўсе свае, працуюць на вясенне-палявых работах не першы год. З 7 гадзін у поле выязджаюць Мікалай Уладзіміравіч Яловік на МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам АПП-6Д і Ігар Васільевіч Мамон на “Палессі” з АПП-3. Глебу для іх рыхтуюць Анатоль Валер’евіч Грачоў на МТЗ-3022 з шасцімятровым дыскатарам і на МТЗ-1221 Дзмітрый Мікалаевіч Ермак з БДТ-3. Улічваючы тое, што ўздым зябліва праведзены з восені на 100 працэнтах запланаваных плошчаў, праблем з падрыхтоўкай глебы пад сяўбу не ўзнікае. Насеннем пасяўны агрэгат М.У.Яловіка забяспечвае на МАЗе Руслан Валер’евіч Грачоў, а меншую сеялку аператыўна абслугоўвае МТЗ-1221 Аляксандра Віктаравіча Спірыдовіча. У выніку атрымліваюцца звенні, за працай якіх замацаваны адказныя спецыялісты гаспадаркі – брыгадзір Аляксандр Уладзіміравіч Яловік і галоўны інжынер Уладзімір Ягоравіч Хамёнак.

Зразумела, што выхадных зараз у аграрыяў няма, незапланавана рана скончыўся і водпуск дырэктара гаспадаркі, якога я, нібы генерала ў штабе, з раніцы застаў над картай сельскагаспадарчых угоддзяў – перад выездам на поле Аляксандр Віктаравіч планаваў работы на перспектыву.

– Першы ўчастак лубіну мы пасеялі аж 15 сакавіка, – кажа кіраўнік. – Парасткаў яшчэ няма, але і гібелі насення не назіраецца, як толькі пацяплее – пойдзе “шчоткай”. Лубін і авёс у нас ужо пасеяны. Зараз у зямлю кладзецца насенне ячменю – за дзень засяваем у сярэднім каля 35 гектараў, 20-25 з якіх прыходзіцца на М.У.Яловіка, 12-13 гектараў выпрацоўвае І.В.Мамон. Пры спрыяльным надвор’і такімі тэмпамі сяўбу на сваіх, “глыбацкіх” землях плануем скончыць да 5 красавіка і накіраваць тэхніку на “дубраўскія” ўчасткі.

Усяго ж гэтай вясной у гаспадарцы трэба пасеяць 777 гектараў зерневых і зернебабовых, чакаюць сваёй чаргі яравы рапс, грэчка і кукуруза. Захаванне аптымальных тэрмінаў яравой сяўбы, выкарыстанне сучаснай агратэхнікі і добрага насеннага матэрыялу безумоўна паспрыяюць якаснаму правядзенню работ. У іх завяршэнні старанныя і добрасумленныя працаўнікі “Дземенца” разлічваюць у першую чаргу на сябе, ну і крыху – на спрыяльнае надвор’е.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *