Весенний сев яровых в ОАО «Агро-Селище набирает обороты

Сельское хозяйство

На мехдвары ААТ “Агра-Селішча” з раніцы было нешматлюдна. Нягледзячы на тое, што напярэдадні амаль усю ноч ішоў дождж, механізатары выехалі ў поле ў надзеі адшукаць месцы, дзе можна весці работы. МТЗ-3022 Анатоля Жаваранка спрабаваў заехаць на невялікі ўчастак у 4 гектары ля Селішча. Дрэннае надвор’е зрабіла сваю справу — там было вязка, таму і адчапіў механізатар перад выездам тры корпусы плугоў, каб зменшыць нагрузку на тэхніку. Узворваннем глебы займаецца таксама Алег Крывёнак, які ў гэты дзень на МТЗ-1221 з чатырохкорпусным плугам накіраваўся ў дальні канец гаспадаркі — на палі на мяжы з кубліцкімі землямі. Пачынаў пасяўную Алег Юльянавіч з сеялкай СЗУ-3, але зараз таксама арэ – у гаспадарцы толькі адзін энерганасычаны трактар, які акрамя ўзворвання працуе з дыскатарам і на падрыхтоўцы глебы. Адзіную ж спраўную сеялку ў “Агра-Селішчы” даверылі Дзмітрыю Бараўцову. Агрэгат працаваў за Лажанямі, дзе пясчаным глебам дождж не страшны. Туды мы накіраваліся з Кацярынай Сталбовай, галоўным аграномам гаспадаркі.

Па дарозе на поле Кацярына Сяргееўна расказала аб асаблівасцях пасяўной кампаніі гэтага года:

– Азімыя выйшлі з зімоўкі нармальна, – галоўны аграном паказвае на праплываючыя за акном аўтамабіля зелянеючыя ўчасткі. – А вось з рапсам — бяда: прапала больш паловы, 55 гектараў са 100. Цікава, што на адным і тым жа полі культура захавалася па-рознаму, участкі пустыя чаргуюцца з тымі, дзе рапс перазімаваў нармальна. Гэта ўскладняе далейшыя работы, але зямля пустой стаяць не будзе, хутчэй за ўсё будзем перасяваць ячменем. Ужо пасеялі авёс, яго плошчы сёлета займаюць 67 гектараў. 10 тон насення эліты куплялі ў насенняводчай арганізацыі ААТ “Кушлікі” Полацкага раёна. 33 гектары пшаніцы са 100 запланаваных, больш 100 ячменю з патрэбных 266 таксама ўжо пасеяны. На чарзе зернебабовыя, якія зоймуць плошчы ў 96 гектараў. Лубін і віку для гэтых мэт набывалі адпаведна ў “Дземенцы” і “Вялікадолецкім”. Ну вось, здаецца і ўсё…

Канечне, параўноўваць яравы клін зерневых і зернебабовых “Агра-Селішча” з пасяўнымі плошчамі буйных гаспадарак раёна нават неяк няёмка, але ж трэба ўлічваць, што гаспадарцы яшчэ неабходна пасадзіць і 50 гектараў бульбы. Яе насенны матэрыял добра захаваўся ў сховішчы агароднінасушыльнага завода, плануюць закупіць і некаторыя элітныя сарты ў тых жа “Кушліках”.

Пад размовы пра пасадку “другога хлеба” праехалі якраз каля старой бульбасартавальнай станцыі, якая размяшчаецца за Лажанямі столькі год, колькі яшчэ не пражыў галоўны аграном гаспадаркі, і выехалі на ўскраек 20-гектарнага поля. Працаўнікоў, занятых на сяўбе, заўважылі здалёк. Д.Бараўцоў на сваім МТЗ-82 пад’ехаў загружаць насенне. Яго на трыццацігадовым ГАЗ-53 са складоў гаспадаркі падвозіць Аляксандр Пілімон, засыпаюць зерне вёдрамі ў бункер сеялкі рабочыя Генадзь Кандрацкі і Міхаіл Карбоўскі. Непасрэдна на полі знаходзіцца і аграном Віктар Мазго, назірае за якасцю сяўбы. Сустрэлі мы ля ўдзельнікаў сяўбы “Агра-Селішча” і Дзмітрыя Хамёнка, які раней шмат год працаваў у гаспадарцы, падчас уборачнай і зараз прыходзіць на дапамогу аграрыям.

– Сёння ў мяне выхадны. Прыехаў вось паглядзець як сеюць, будзе сэнс дапамагаць на ўборачнай або не, – ці то жартам, ці то ўсур’ёз кажа мужчына.

Сваіх механізатараў у “Агра-Селішчы” не хапае, таму на працягу апошніх гадоў на асноўных відах сезонных работ тут не абыходзяцца без дапамогі шэфаў з арганізацый гарпасёлка. Сёлетняй вясной гаспадарцы дапамагаюць Арцём Грабоўскі з прадпрыемства меліярацыйных сістэм і Віктар Гаманёк з раённага вузла электрасувязі – па неабходнасці разам з братамі Віктарам і Генадзем Хадасевічамі займаюцца вывазкай арганікі, падвозам зерня, унясеннем мінеральных угнаенняў.

– На сённяшні дзень у нас падкормлена 328 з 418 гектараў азімых, – расказвае галоўны аграном. Калію хапае, а вось з забяспечанасцю фосфарам і азотам узнікаюць праблемы…

Праблем, канечне, шмат. Гэта і недахоп фінансаў, і зношанасць некаторай тэхнікі, той жа кадравы голад. Але селішчанскія земляробы стараюцца, механізатары тут вопытныя, працуюць дружна.

– Робім усё магчымае, – кажа Д.Бараўцоў. – Падганяць нас не трэба, самі разумеем: паспеем пасеяць у аптымальныя тэрміны – атрымаем ураджай.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *