На Ушаччине отпраздновали День Победы

В памяти их имена Юбилейные даты

Кожны пражыты год, ды што там год – дзень, для ветэранаў Вялікай Айчыннай – ужо выпрабаванне. Але, калі засталася моц у саслабелых нагах ці калі лекі яшчэ здольныя на некалькі гадзін “вярнуць у строй” зношанае сэрца, 9 Мая яны абавязкова прыйдуць на сваё самае дарагое свята. Ускладуць кветкі да магіл загінуўшых сяброў, успомняць тых, хто пайшоў з жыцця нядаўна – толькі за апошні год рады ўшацкіх ветэранаў паменшыліся на 7 чалавек…

Галоўныя героі свята – Віктар Арцёмавіч Паршанка, Васіль Маркіянавіч Клопаў, Мікалай Іванавіч Севярын, Арсеній Кліменцьевіч Первянёнак, Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня, Сяргей Трафімавіч Клопаў, Мікалай Дзмітрыевіч Клачок, Іван Кірылавіч Падворны, Аляксей Максімавіч Алексяёнак, Кацярына Мікалаеўна Васілеўская, Кацярына Кузмінічна Шасцярэнь – пачулі ў гэты дзень шмат віншаванняў і слоў удзячнасці: на ўрачыстым прыёме, арганізаваным для іх у райвыканкаме, на мітынгу на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, куды ветэранаў сёлета клапатліва падвезлі на камфортных аўтамабілях. Канечне, не засталіся без увагі і ўдзельнікі ваенных баталій, якія па стане здароўя не змаглі быць на свяце.

Увогуле ж, праграма цудоўнага сонечнага дня 9 Мая ва Ушачах была вельмі змястоўнай. Узнёслы тон святкаванню задаў мітынг, прысвечаны Дню Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Як заўсёды, велічным і масавым было шэсце да помніка загінуўшым воінам і партызанам. Кранальным і шчымлівым атрымалася святочнае мерапрыемства, наладжанае на “Прарыве”. На вачах прысутных ажыла гісторыя: прайшлі ў розныя бакі калоны мужчын-ваенных і жанчын з дзецьмі, а падчас трагічнай сцэны развітання байца з жонкай і сынам цяжка было ўтрымацца ад слёз.

Аб значымасці Вялікай Перамогі казаў у сваёй прамове на мітынгу старшыня райвыканкама В.В.Родзіч. А.К.Первянёнак падзякаваў за клопат і ўвагу да ветэранаў, выказаў упэўненасць, што новыя пакаленні беларусаў захаваюць мір і незалежнасць нашай краіны. Абяцанне заўсёды быць дастойнымі подзвігаў продкаў ад імя моладзі раёна дала выконваючая абавязкі першага сакратара райкама “БРСМ” Ганна Бугай. Данінай памяці загінуўшым сталі вянкі і кветкі. Сотні людзей схілілі галовы над мемарыяльнымі плітамі з навечна занесенымі на іх імёнамі.

Як заўсёды, многія ўшачане прыехалі на “Прарыў” сем’ямі. Былі на мітынгу не толькі жыхары раёна. Так, ля мемарыяльнай пліты з прозвішчам камісара партызанскай брыгады імя Чапаева Івана Фёдаравіча Каранеўскага давялося ўбачыць вялікую дэлегацыю яго родных і блізкіх. Ва Ушачах сустрэла свята Перамогі віцябчанка Зінаіда Ігнатаўна Дышынская, якая ваявала разам з Каранеўскім. Тры ўнучкі легендарнага героя з мужамі і дзецьмі спецыяльна прыехалі ў гэты дзень на Ушаччыну з Мінска, Мурманска і Харкава. “У Беларусі, Расіі і Украіны агульнае баявое мінулае, і хочацца верыць, што славянскае сяброўства пераадолее ўсе няпростыя цяперашнія выпрабаванні”, – адзначылі нашчадкі загінуўшага героя. З гэтым нельга не пагадзіцца. Як і з тым, што на нашай беларускай зямлі, шчодра палітай крывёю, умеюць захоўваюць памяць аб сваіх героях, цаніць мір і спакой.

* * *
У святочны дзень для ўшачан была арганізавана вялікая забаўляльная праграма. З поспехам прайшлі канцэрты ваеннага духавога аркестра, мастацкай самадзейнасці РДК і дзіцячай школы мастацтваў. Для дзяцей і дарослых былі наладжаны выставы і конкурсы, працавалі атракцыёны, вулічныя гандлёвыя кропкі. Ну а вечар ушачане правялі ў цудоўнай кампаніі спевакоў і танцораў народнага ансамбля “Свята”.

Н.БАГДАНОВІЧ



1 комментарий по теме “На Ушаччине отпраздновали День Победы

  1. Очень понравился репортаж о празднике. Мой отец, Харламов Виктор Викторович, уроженец Ушачи, не был на Родине уже более 50 лет. Сейчас мы проживаем в Донецкой области Украины. Особенно приятно смотреть на то, как почитают заслуженных ветеранов на Отчизне. Желаем вам дальнейшего процветания и спасибо вам за ваш труд! Даст Бог, сможем побывать на Родине. С уважением, Харламовы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *