Наведение порядка в сельских населённых пунктах стало главной целью районного суботника, состоявшегося 17 мая

Благоустройство Экология

Раённы суботнік па навядзенні парадку, які прайшоў на мінулым тыдні, быў накіраваны ў першую чаргу на добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў раёна. Іх пералік, аб’ёмы першачарговых работ, вызначалі старшыні сельвыканкамаў, а арганізацыі і прадпрыемствы гарпасёлка прадставілі неабходную колькасць работнікаў для выканання задач.

У сельскіх населеных пунктах на дапамогу ім выйшлі работнікі бюджэтных устаноў, старэйшыны і вяскоўцы. Напрыклад, на добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў Жарскага сельсавета працаўнікам лясгаса, якія ў Старым Сяле і ў Жарах займаліся высечкай кустоўя, дапамагалі работнікі клубаў, бібліятэк, фельчарска-акушэрскіх пунктаў, сельвыканкама. Дарэчы, навядзеннем парадку і азеляненнем тэрыторыі ў гэты дзень займаліся работнікі ўсіх мясцовых выканаўчых камітэтаў. У некаторых населеных пунктах запланаваныя работы былі выкананы загадзя. У пятніцу, напярэдадні суботніка, шэфы з Полацкай друкарні імя Ф.Скарыны правялі абкос тэрыторый у Дубраўцы. А вось у Чарапоўшчыне ўборкай пажарышча на месцы жылога дома займаліся, наадварот, у панядзелак. Такім чынам выкананы практычна ўвесь запланаваны аб’ём работ.

Зноў вялікая ўвага надавалася добраўпарадкаванню вясковых могілак. Маштабныя работы праведзены ў Пліне. Работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, РайЦГЭ, кінавідэасеткі, цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі райсельгасхарча ліквідавалі рэшткі сухой расліннасці, якія засталіся на могільніку пасля мінулых суботнікаў, высякалі кустоўе і палілі смецце. Вялікія аб’ёмы работ па выдаленні аварыйных дрэў і высечцы кустоўя выканалі на грамадзянскіх могільніках у Рыбаках працаўнікі раёна электрычных сетак на чале з начальнікам В.М.Варанько. Спраўляцца з кучамі сучча і іншага смецця ім дапамагалі работнікі цэнтральнай аптэкі, УП “Прагрэс”, райспажыўтаварыства. Добраўпарадкаваннем месца апошняга прытулку ў Бычках, рамонтам агароджы займаліся працаўнікі раённага вузла паштовай сувязі, цэнтра банкаўскіх паслуг у г.п.Ушачы ААТ “Беларусбанк”. На могілках у Глыбачцы звінелі пілы работнікаў мясцовага лясніцтва і ўчастка ЖКГ. Лясгасаўцы працавалі таксама на высечцы кустоўя ў Пуцілкавічах, а ў Вялікіх Дольцах спраўляцца з гэтай справай і абкосам тэрыторый, уборкай смецця ім дапамагалі работнікі ААТ “Прамкамбінат”. Супрацоўнікі райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і разлікова-касавага цэнтра ААТ “Белаграпрамбанка” накіраваліся ў Матырына на ліквідацыю сметніка. Шэраг арганізацый і прадпрыемстваў гарпасёлка займаліся ў гэты дзень прывядзеннем у парадак ведамасных тэрыторый, аднаўлялі газоны, кветнікі.

Былі арганізаваны работы і па ўборцы месцаў масавага адпачынку. У Арэхаўне праведзены абкос парка, у Глыбачцы аўтамабілі ДРБУ-105 падвозілі пясок на пляжы. Абкошвалі і добраўпарадкоўвалі месца адпачынку на возеры Сосенка ля Крывушчына рабочыя ўчастка ЖКГ аграгарадка Вяркуды. Работнікі адміністрацыі камунгаса не адзін прычэп смецця вывезлі з любімага месца адпачынку ўшачан – прыбярэжнай паласы возера Вечалле. Акрамя таго высеклі кустоўе, адрамантавалі і пафарбавалі лежакі, кантэйнеры для збору смецця, туалеты і раздзявалкі. Побач з імі завіхаліся супрацоўнікі Ушацкай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах. Ад іх я і пачуў цікавы каментарый аб мэтазгоднасці правядзення падобных мерапрыемстваў:

– Галоўны вынік такіх суботнікаў нават не ў тым, што пасля калектыўнай працы стане чысцей і прыгажэй, – відавочнай здаецца іх выхаваўчая карысць. Проста потым усе, ці па крайняй меры большасць з прыняўшых удзел у суботніку людзей, зусім па-іншаму будуць адносіцца да парадку, які яны наводзілі сваімі рукамі.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *