Для начальника отделения социальной помощи на дому ТЦСОН Ушачского района З.К.Хаткевич забота о пожилых людях стала призванием

Ими гордятся Наш современник Экономика и малый бизнес

Калі пасля работы мы спяшаемся дамоў з думкамі аб смачнай вячэры і любімым серыяле, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме ТЦСАН Ушацкага раёна Зейнаб Кямалаўна Хаткевіч аб адпачынку яшчэ і не думае — дабраўшыся да свайго няблізкага Завячэлля, яна пачынае штовячэрні «абход» суседскіх бабулек — адной трэба памераць ціск, другой занесці прадукты, ну а трэцюю проста выслухаць. Вядома ж, гэта не ўваходзіць у пералік яе працоўных абавязкаў, але жанчына не размяжоўвае жыццё і работу.

Многія з нас лічаць, што няма абавязкаў больш непрыемных, чым даглядаць знямоглых старых. Іншыя гатовы плаціць любыя грошы, каб «збыць» з плячэй такую ношу, нямала, на жаль, і тых, хто ўвогуле кідае сваіх бацькоў у апошнія іх гады на волю лёсу. А вось Зейнаб Кямалаўна, напэўна, адзіны сустрэты мной у жыцці чалавек, які з абсалютнай шчырасцю сцвярджае: «Люблю клапаціцца пра старыкоў — гэта маё прызванне».

Адкуль такое крэда? Магчыма, з ранняга дзяцінства, калі маленькая Зейнаб (незвычайнае імя даў дачцэ бацька-татарын) цяжка захварэла. Сям’я жыла тады ў Каламыйскім раёне Іванафранкоўскай вобласці. Урачы паставілі крыж на дзяўчынцы, і толькі старэнькая прабабка не пакінула надзеі яе выхадзіць — і зрабіла гэты цуд з дапамогай Усявышняга. Так і ідзе Зейнаб з тых пор па жыцці — з любоўю і ўдзячнасцю да старых і да Бога.

Пасля заканчэння Плінскай школы (маці перавезла дачку з Украіны на Ушаччыну), яна некаторы час працавала піянерважатай, потым была сацыяльным работнікам, псіхолагам, завочна атрымала вышэйшую адукацыю, стала загадчыкам аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання інвалідаў. За 14 гадоў, якія Зейнаб Кямалаўна працуе ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ёй давялося мець справу з рознымі «праблемнымі» катэгорыямі грамадзян: ахвярамі насілля, нядобранадзейнымі сем’ямі, непаўналетнімі правапарушальнікамі, асобамі, што вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі — і з усімі сваімі падапечнымі гэтая незвычайная жанчына ўмела наладзіць кантакт. Неяк давялося ўбачыць, як адзін з наведвальнікаў аддзялення, інвалід з цяжкім захворваннем, прытуліўся да яе пляча і вымавіў непаслухмянымі вуснамі: «Зіна, мы цябе любім!» І гэтыя словы яна чуе ад навакольных пастаянна. Але часцей за ўсё — ад пажылых людзей, бо ў мінулым годзе прыняла прапанову ўзначаліць аддзяленне сацыяльнай дапамогі на доме. Аб тым жа, як Зейнаб Кямалаўна Хаткевіч выконвае свае абавязкі, сведчыць занясенне яе прозвішча на раённую Дошку гонару. Зараз пад яе кіраўніцтвам працуе 80 сацыяльных работнікаў, якія абслугоўваюць больш за паўтысячы пажылых людзей і інвалідаў. Дагадзіць усім, канечне, немагчыма, аднак Зейнаб Кямалаўна патрабуе ад сваіх падначаленых не толькі сумленнага выканання абавязкаў, але і цярплівых, спагадлівых адносін да падапечных. Асабліва ж яна перажывае за адзінокіх хворых старыкоў, якія практычна не могуць сябе абслугоўваць. Канечне, у кожнага з пажылых ёсць права ўладкавацца ў сацыяльных установах, дзе забяспечаны камфортныя ўмовы для пражывання, але ж многія да апошняга моманту чапляюцца за магчымасць заставацца ў родных сценах. Для іх адзіныя памагатыя — сацыяльныя работнікі і чулыя суседзі — такія як Зейнаб Кямалаўна Хаткевіч і яе муж Юрый Леанідавіч, які падзяляе жыццёвыя погляды жонкі і ва ўсім яе падтрымлівае.

Памятаю, як летась прыйшлі ў рэдакцыю людзі, каб расказаць пра такі выпадак. «Зіначка, не аддавай мяне нікуды, я хачу дома памерці!» — папрасіла нашу гераіню хворая суседка. І Зейнаб Кямалаўна разам з мужам не адзін месяц даглядалі зусім чужую ім бабулю, якая не ўставала з ложку. А яшчэ і суседа-інваліда, таксама ляжачага… Нядаўна ж яна практычна вярнула з таго свету 75-гадовую аднавяскоўку — здолела своечасова збіць ёй крывяны ціск, які падскочыў да 260, усю ноч прасядзела ля яе ложка, а раніцай — на работу… Многія яе не разумеюць, лічаць дзівачкай. «А я не дзівачка. Я проста стаўлю сябе на іх месца, — кажа гэта ўнікальная жанчына і ўсміхаецца: — Дай мне волю — я б сваіх бабулек і дома пасяліла!» Зрэшты, магчымасці такой у яе няма: жыве Зейнаб Кямалаўна з мужам у невялікай драўлянай хатцы — у свой час пераехалі сюды, каб даглядаць хворую маці Юрыя Леанідавіча, а тая ў апошнія хвіліны жыцця ўзяла з нявесткі абяцанне, што яны застануцца ў гэтым доме. І ўжо будавалі Хаткевічы кааператыў на Віцебскай, але ў апошні момант саступілі сваю чаргу іншым, бо вырашылі жыць у Завячэллі. «Вёска неперспектыўная, але прывыклі мы да яе. Ды і як жа бабуль сваіх пакінем?» — кажа Зейнаб Кямалаўна — чалавек з анёльскай душой і вялікім добрым сэрцам. Чалавек, які міжволі прымушае цябе задумацца: а што добрага ты зрабіў на гэтай зямлі?

Н.БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Для начальника отделения социальной помощи на дому ТЦСОН Ушачского района З.К.Хаткевич забота о пожилых людях стала призванием

  1. Действительно говорят,что человек должен выбирать профессию «по зову сердца»-лично знаю эту женщину и уверена-это именно её стихия,дай Бог здоровья,терпения ей и её подопечным!!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *