На восьмой отчётно-выборной конференции Ушачского районного комитета профсоюзов работников АПК избрали нового профсоюзного лидера аграриев Ушачского района

Официально Саветы і жыццё Экономика и малый бизнес

Восьмая справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу не ўклалася ў папярэдне вызначаны рэгламент часу, але ніхто з паўсотні дэлегатаў не паглядваў на гадзіннік, бо размова была цікавай, а атмасфера — шчырай і пранікнёнай. Абумоўлена гэта было не толькі вялікай колькасцю надзённых тэм, па якіх кожнаму было што сказаць, але і тым, што Пётр Мікалаевіч Хвашчэўскі, які кіраваў раённай арганізацыяй на працягу 8 гадоў, выступаў са справаздачным дакладам у апошні раз, бо прыняў рашэнне не выстаўляць сваю кандыдатуру для перавыбараў.Прафсаюз аграрыяў самы шматколькасны ў раёне: на пачатку бягучага года ён аб’ядноўваў 1395 працаўнікоў. На жаль, за 5 гадоў, якія мінулі з дня правядзення папярэдняй канферэнцыі, яго склад паменшыўся амаль на паўтысячы чалавек, з 15 да 13 скарацілася і колькасць пярвічных арганізацый, бо спынілі сваё існаванне некалькі прадпрыемстваў, паменшылася колькасць работнікаў і на тых, што маюцца.

Такая тэндэнцыя характэрна не толькі для нашага раёна, а яе галоўныя фактары — невялікая заработная плата і складаныя ўмовы працы. Так, за 9 месяцаў бягучага года сярэдні заробак аграрыяў склаў у нашым раёне 2705 тысяч рублёў, і калі ў «Ільюшынскім» гэтая лічба — 3642, то ў «Агра-Селішчы» і «Ушацкім райаграсэрвісе» — 2251 і 2196 тысяч адпаведна. Як адзначыў старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Яўсеевіч Кузьмянкоў, які прымаў удзел у канферэнцыі, абумоўлена гэта як аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі фактарамі. А значыць, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі і лідары пярвічак павінны прыкладаць больш намаганняў, каб у калектыўных дагаворах прапісваліся дадатковыя меры заахвочвання працаўнікоў, што магчыма толькі пры рэнтабельнай рабоце ўсяго калектыву, а таксама абараняць іх законныя правы.

І ў большасці ім гэта ўдаецца. Сярод самых актыўных сваіх памагатых П.М.Хвашчэўскі назваў старшыню прафкама ААТ «Ільюшынскі» Жанну Васільеўну Клопаву, Людмілу Іванаўну Гоман (КУСГП «Вялікадолецкае»), Мікалая Макаравіча Пятніцу (ААТ «Ушацкі райаграсэрвіс»), Пятра Яўгенавіча Дзюкарава (ПМС) і іншых. Лідары асобных пярвічак падзяліліся вопытам сваёй работы. Ж.В.Клопава расказала пра пільны кантроль з боку прафсаюза за выкананнем усіх пунктаў калектыўнага дагавора, арганізацыю ў «Ільюшынскім» працоўнага спаборніцтва, работу па замацаванні маладых спецыялістаў, выдачу мэтавых дапамог. Так, напрыклад, да 1 верасня сем’ям работнікаў, у якіх выхоўваецца некалькі школьнікаў, сёлета было выплачана 8 мільёнаў 700 тысяч рублёў. Генадзь Паўлавіч Грабоўскі расказаў аб прафсаюзнай рабоце, якая вядзецца ў КУСГП «Арэхаўна». У прыватнасці, работнікі забяспечваюцца бясплатным спецадзеннем (у тым ліку і цёплымі курткамі), двухразовым гарачым харчаваннем, 90 працэнтаў кошту якога аплачвае гаспадарка, аказваецца матэрыяльная дапамога да юбілейных дат, нараджэння і пахавання, аплачваецца праезд на работу, усе маладыя спецыялісты атрымліваюць камфортнае жыллё. Не апускае рук і імкнецца абараніць правы працаўнікоў прадпрыемства Мікалай Макаравіч Пятніца — вадзіцель па спецыяльнасці, які нязменна ўзначальвае пярвічку «Райаграсэрвіса» ўжо на працягу 23 гадоў, што красамоўна сведчыць аб тым, як давяраюць яму работнікі. І прафсаюз на прадпрыемстве сапраўды мае вагу. Напрыклад, калі аднаго з работнікаў адміністрацыя звольніла без згоды прафкама, ён быў адноўлены на працоўным месцы рашэннем суда.

Гэты момант асабліва адзначыў А.Я.Кузьмянкоў: «Нават калі заключаны кантракт, адміністрацыя павінна атрымаць згоду прафкама на звальненне работніка». Аляксандр Яўсеевіч, які большую частку жыцця адпрацаваў дырэктарам саўгаса ў Полацкім раёне, даў шэраг слушных парад прысутным.

Кульмінацыйным момантам канферэнцыі стала ўшанаванне старшыні раённай арганізацыі Пятра Мікалаевіча Хвашчэўскага, у адрас якога прагучала шмат цёплых слоў. Выключна станоўчай назвала яго дзейнасць загадчык арганізацыйнага аддзела рэспубліканскага камітэта галіновага прафсаюза Часлава Вільгельмаўна Паходня, якая ўручыла яму каштоўны падарунак. А намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч адзначыла не толькі прафесійныя, але і чалавечыя якасці Пятра Мікалаевіча: надзейнасць, інтэлігентнасць, прыстойнасць. П.М.Хвашчэўскаму былі ўручаны Ганаровая грамата абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК і Падзякі рэспубліканскага камітэта галіновага прафсаюза і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Ну а новым старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК абраны Уладзімір Мікалаевіч Круглік, які добра ведае земляробскую працу, бо ў свой час кіраваў сельгаспрадпрыемствам, старшынёй рэвізійнай камісіі — Л.І.Гоман. У склад новага прэзідыума райкама прафсаюза ўвайшлі Ж.В.Клопава, Г.П.Грабоўскі, П.Я.Дзюкараў, Э.П.Жлоба, Т.Я.Іванюта, М.М.Пятніца і У.М. Круглік, а Мікалай Макаравіч і Уладзімір Мікалаевіч абраны дэлегатамі на абласную канферэнцыю.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *