Советы врача: как бороться с гриппом?

Здравоохранение

Грып – цяжкая вірусная інфекцыя, якая паражае людзей незалежна ад полу і ўзросту. Гэта вострае захворванне, якое адрозніваецца рэзкім таксікозам, катаральнымі з’явамі ў выглядзе рыніту, закладзенасці носу, кашлю. Перыядычна паўтараючыся, грып і вострыя рэспіраторныя захворванні (далей – ВРЗ) адымаюць у нас сумарна каля года паўнацэннага жыцця. Чалавек праводзіць гэты час у бездапаможным стане, пакутуючы ад ліхаманкі, агульнай разбітасці, галаўнога болю. Пры цяжкім цячэнні грыпу ўзнікаюць незваротныя паражэнні дыхальных органаў, сардэчна-сасудзістай і цэнтральнай нервовай сістэм.

Эпідэміі грыпу здараюцца звычайна ў халодную пару года і паражаюць да 15 працэнтаў насельніцтва зямнога шару. Грып і ВРЗ складаюць 95 працэнтаў усіх інфекцыйных захворванняў у свеце, штогод заражаецца да 500 мільёнаў чалавек, 2 мільёны з якіх паміраюць.

Вірус грыпу вельмі лёгка перадаецца. Самы распаўсюджаны шлях – паветрана-кропельны. Пры кашлі, чханні, гутарцы з насаглоткі хворага выдзяляюцца часціцы сліны, слізі, макроты з хваробатворнай мікрафлорай. Вакол чалавека ўтвараецца 2-3-метровая заражаная зона з максімальнай канцэнтрацыяй аэразольных часціц. Магчымы таксама бытавы шлях перадачы інфекцыі, напрыклад, праз прадметы ўжытку.

Звычайна грып пачынаецца востра. Інкубацыйны перыяд доўжыцца 2-4 дні, пасля чаго пачынаецца перыяд вострых клінічных праяў. Цяжар хваробы залежыць ад агульнага стану здароўя чалавека, яго ўзросту. Пры развіцці цяжкай формы грыпу тэмпература цела падымаецца да 40-40,5 градусаў, з’яўляюцца сутаргавыя прыпадкі, галюцынацыі, насавыя крывацёкі, ваніты.

Калі грып працякае без ускладненняў, ліхаманкавы перыяд працягваецца 2-4 дні, а хвароба адступае на працягу 5-10-ці. Пасля перанесенага грыпу на працягу 2-3 тыдняў звычайна захоўваюцца з’явы постінфекцыйнай астэніі: слабасць, галаўны боль, раздражняльнасць, бяссонніца.

Для прафілактыкі грыпу на сённяшні дзень існуе шырокі выбар лекавых сродкаў. Гэта супрацьвірусныя прэпараты, якія аблягчаюць клінічныя сімптомы захворвання і змяншаюць працягласць хваробы ў сярэднім на 1,5-3 дні. Трэба звярнуць увагу на тое, што многія лекавыя прэпараты маюць супрацьпаказанні і могуць выклікаць пабочныя рэакцыі, а лячэнне супрацьвіруснымі сродкамі эфектыўнае толькі ў выпадку іх прыёму на працягу першых 48 гадзін пасля пачатку захворвання.

Пры ўзнікненні першых сімптомаў грыпу неабходна абавязкова звярнуцца да ўрача. Самалячэнне небяспечна для здароўя!

Н.ЗЫРАНАВА, урач-тэрапеўт Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *