В Ушачах прошёл день снега

Cпорт

Сусветны дзень снегу з’явіўся ў календары ўсяго тры гады таму: праводзіць у перадапошнюю нядзелю студзеня свята здаровага ладу жыцця прапанавала Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту, і ўжо на наступны год больш 40 краін прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах. Вядома ж, не магла не падтрымаць добрую ініцыятыву і Беларусь. Сёлета толькі ў Віцебскай вобласці ўдзельнікамі Дня снегу, мерапрыемствы якога праходзілі 17 і 18 студзеня, стала больш 17 тысяч чалавек. Былі сярод іх і ўшачане, якіх не здолеў спыніць нават такі, здавалася б, сур’ёзны аргумент, як адсутнасць галоўнага атрыбуту свята. А фантазія арганізатараў дазволіла ўдзельнікам, не пакідаючы спартыўную залу Ушацкай школы, пагуляць у сняжкі і нават прадэманстраваць хакейны дрыблінг.

Ну а пачалося свята з урачыстага ўзняцця флага краіны – гэтая пачэсная місія была даручана капітанам каманд прадпрыемстваў, якія стабільна вызначаюцца добрымі спартыўнымі вынікамі: УП ЖКГ, ПМС і ЦРБ. Каманды 10 працоўных калектываў Ушаччыны высвятлялі, чые работнікі самыя спрытныя, трапныя, хуткія, моцныя і дружныя. І сапраўды, для перамогі тут недастаткова было добрых спартыўных кандыцый – аб гэтым сведчыла ўдалае выступленне каманды прамкамбіната, у складзе якой не было “волатаў”, аднак нацэленасць на барацьбу і ўзаемападтрымка дазволілі ёй заняць трэцяе месца ў дартсе, ганаровае чацвёртае – у жартоўным мнагабор’і і атрымаць спецыяльны прыз “Самая жаночая каманда” ад аднаго з арганізатараў свята – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Прызам названага аддзела была адзначана і “самая мужчынская” каманда выратавальнікаў, якая першынствавала ў перацягванні канату. Другое і трэцяе месцы ў гэтым практыкаванні заваявалі адпаведна прадстаўнікі ДРБУ-105 і раённага вузла электрычнай сувязі. А вось у кіданні дроцікаў апроч “бронзавых” прамкамбінатаўцаў вызначыліся настаўнікі Ушацкай школы, якія саступілі толькі камандзе РВЭС.

Самым жа цікавым і масавым спаборніцтвам стала прыгаданае вышэй шматбор’е, дзе ўдзельнікам трэба было праявіць сябе ў баскетболе, дартсе, боўлінгу, а таксама згуляць у сняжкі. Вось тут і спатрэбіліся некаторым удзельнікам набытыя раней навыкі. Так, адным з лепшых у боўлінгу стаў галоўны інжынер ААТ “Ільюшынскі” Аляксей Клопаў, які прызнаўся, што напрактыкаваў кідок, калі ў Мінску ў вольны ад вучобы час заглядваў у боўлінг-клубы. Увогуле хочацца зрабіць чарговы камплімент названаму сельгаспрадпрыемству, прадстаўнікі якога не прапускаюць ніводнага раённага мерапрыемства. Каманда “Ільюшынскага” была на свяце самай маладой і выступіла вельмі дастойна.

Цікава праходзіў конкурс “сняжкі”, і хоць былі яны бутафорскімі, эмоцыі на пляцоўцы былі самымі сапраўднымі. Далёка не ўсе спраўляліся з простай на першы погляд задачай трапіць сняжком у кошык. Няблага гэта атрымалася ў дружнай і вясёлай каманды ЦРБ, якая заняла ў мнагабор’і 5 месца. Мы ведаем, што нашы медыкі ўмеюць добра лячыць, але, аказваецца, могуць яны і добра “хварэць” – бо прыйшлі на Дзень снегу сем’ямі: поруч здабывалі балы ў камандную скарбонку малады педыятр Кацярына Наўцэня і яе муж псіхіятр-нарколаг Вадзім, а за медсястру паліклінікі Анастасію Мамонаву перажывалі муж Васіль і 4-гадовая дачушка Жэнечка. “Стараемся не прапускаць такіх мерапрыемстваў, бо не толькі на рабоце прапагандуем, але і дома практыкуем здаровы лад жыцця. Сёння ж у нас увогуле вялікая праграма: пасля заканчэння свята мяркуем яшчэ трапіць на ралі”, – падзялілася сямейнымі планамі Насця. Таксама вельмі актыўную і абаяльную балельшчыцу – сваю маленькую пляменніцу Машу Радзюш – прывёў на спартыўнае свята капітан каманды РВЭС Алег Курбатаў. Трэба сказаць, што дзяўчынка падрыхтавалася грунтоўна: намалявала плакат у падтрымку “белтэлекамаўцаў”. А вось школьніца Эвяліна Мядзведзева хварэла не толькі за каманду Ушацкай СШ, але і персанальна за сваю любімую настаўніцу фізічнай культуры Святлану Васільеўну Кладніцкую. Напэўна, у тым ліку і глядацкая падтрымка дапамагла сувязістам і педагогам выйсці ў фінал забаўляльнага шматбор’я, дзе кампанію ім склала каманда райгаза. Абсалютнага пераможцу конкурсу вызначыла спартландыя, якая вярнула дарослых людзей у дзяцінства: яны скакалі і бегалі з мячамі, спрытна – а часам і не вельмі – арудавалі клюшкамі. Адным з вырашальных стаў конкурс скачкоў праз скакалку, падчас якога быў развеяны міф, што справа гэта –дзявочая. Трэба было бачыць, як апантана змагаліся за перамогу два багатыры – райгазавец Цімур Баркоўскі і прадстаўнік РВЭС Сяргей Васілеўскі, які і стаў першым, зрабіўшы 139 скачкоў за хвіліну. На пытанне, адкуль такія нечаканыя ўменні, герой спаборніцтваў усміхнуўся: “Дык у мяне ж тры дачкі!” Каманда, за якую ён выступаў, у выніку стала лепшай, другое месца – ва ўшацкіх настаўнікаў, якія апярэдзілі газавікоў толькі падчас дадатковага конкурсу. Ну а Сяргей за свае перамогі атрымаў персанальны салодкі прыз, які, канечне, раздзяліў з калегамі.

Увогуле, падарункаў у гэты дзень было шмат. Граматы і каштоўныя прызы ад імя арганізатараў свята ўручылі лепшым камандам начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іна Фёдараўна Сыроўчанка, намеснік старшыні ФСК “Ураджай” Святлана Фядосенка, в.а.першага сакратара райкама БРСМ Ірына Ціханава. І хоць “нябесная канцылярыя” не дазволіла ў гэты дзень ажыццявіць усё запланаванае, ушачане абавязкова працягнуць гэтай зімой свята снегу на катках і лыжных трасах.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *