Дорогая цена качества. Сколько молока высшего качества сельхозпредприятия района сдают на молочно-консервный комбинат

Сельское хозяйство

На нядаўна прайшоўшым пасяджэнні калегіі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама разглядалася пытанне якасці малака, якое гаспадаркі раёна паставілі на Лепельскі малочна-кансервавы камбінат у мінулым годзе. У гэты ж дзень была праведзена і вучоба-семінар, на якую былі запрошаны не толькі заатэхнікі, лабаранты і загадчыкі ферм гаспадарак раёна, але і начальнік аддзела нарыхтовак малаказавода Д.М.Барадзейка.

У мінулым годзе нашымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі адпраўлена 10513,9 тоны прадукцыі, што склала 92 працэнты да ўзроўню 2013 года. Таварнасць малака за 12 месяцаў мінулага года  склала 88,8 працэнта пры заданні 90 працэнтаў. Сортам «экстра» рэалізавана толькі 38,4 працэнта малака, вышэйшым — 44, першым — 15,8, другім — 1,8. У разрэзе гаспадарак паказчыкі якасці вельмі адрозніваюцца. У практычна аднолькавых умовах гаспадарання КУСГП «Вялікадолецкае» рэалізавала малака сортам «экстра» 92,2 працэнта, 7,8 — вышэйшым. У той жа час значна ніжэй патэнцыяльных магчымасцей гэтыя паказчыкі ў ААТ «Ушацкі райаграсэрвіс», «Ільюшынскі», КУСГП «Кублічы», «Арэхаўна», якія не пераадолелі 30-працэнтны рубеж, а ў ААТ «Дземенец» «экстры» не атрымалі ніводнага кілаграма.

82,2 тоны малака былі вернуты з малаказавода з-за нездавальняючай якасці. Самая высокая ўдзельная вага па зваротах назіралася ў «Кублічах» — 3,6 працэнта ад агульнага аб’ёму паставак, у «Глыбачанах» і «Дземенцы» гэты паказчык склаў 1,3 і 1 працэнт адпаведна. Вяртанне малака адбывалася па прычынах высокай кіслотнасці, а вось выпадкаў няякасных паставак з-за наяўнасці ў прадукцыі антыбіётыкаў удалося пазбегнуць. Тым не менш з-за недапрацовак па якасці малака гаспадаркамі раёна за мінулы год недаатрымана выручкі на суму 2,3 мільярда рублёў! Страты з кожнай тоны склалі па раёне 218 тысяч рублёў, а ў асобных гаспадарках яны значна большыя: у «Дземенцы» — 888, «Кублічах» — 657, «Глыбачанах» — 366, «Райаграсэрвісе» — 347 тысяч рублёў.

Галоўнае — адносіцца да працы добрасумленна, а залогам якасці прадукцыі становіцца элементарная чысціня даільнага абсталявання, малакаправодаў і халадзільнікаў. Між тым, малочныя лабараторыі большасці сельскагаспадарчых арганізацый не ажыццяўляюць кантроль за якасцю малака, не прытрымліваюцца тэрмінаў выкарыстання і захоўвання хімічных рэактываў для правядзення лабараторных даследаванняў. Таму і не вытрымлівае малако нашых вытворцаў паглыбленага аналізу-рэдуктазы на малочна-кансервавым камбінаце, а праводзіцца яна мінімум раз у 10 дзён.

Трэба сказаць, што ў многіх гаспадарках скардзяцца на тое, што перапрацоўшчыкі «прыдзіраюцца» і неабгрунтавана заніжаюць якасць малака. У ААТ «Агра-Селішча» выязджалі прадстаўнікі Лепельскага малочна-кансервавага камбіната, каб на месцы высветліць, чаму гаспадарцы не ўдаецца выйсці на «экстру». У выніку мясцовым жывёлаводам прыйшлося прызнаць, што прычына таму — уласныя недапрацоўкі, бо малакаправод недастаткова добра мыўся на згібах і правісаннях. Пасля якаснай апрацоўкі абсталявання за першыя 22 дні студзеня бягучага года ўсё малако гаспадаркі пайшло «экстрай»! Традыцыйна няма праблем з якасцю ў «Вялікадолецкім», папраўляецца стан спраў у «Кублічах», дзе бадай што самыя складаныя ўмовы. Дзякуючы намаганням лабаранта Вольгі Анатольеўны Зуевай за першыя тры тыдні года тут змаглі давесці паказчык рэалізацыі малака «экстрай» да 66 працэнтаў. Аб адсутнасці кантролю, сістэмнага падыходу да павышэння якасці малака з боку кіраўніцтва і недапрацоўках работнікаў у астатніх гаспадарках сведчаць лічбы. За першыя тры тыдні месяца ў «Арэхаўне» і «Райаграсэрвісе» паказчык «экстры» ў агульным аб’ёме рэалізаванага малака склаў адпаведна 28 і 24 працэнты, а ў «Дземенцы», «Глыбачанах» і «Ільюшынскім» не атрымана ніводнага кілаграма прадукцыі найвышэйшага гатунку.

Л.Міхаль, галоўны спецыяліст райсельгасхарча.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *