Изделия С.Карейши из дерева пользуются спросом не только у жителей Ушаччины

Экономика и малый бизнес

Яго вырабы не прэтэндуюць на нейкую яркую індывідуальнасць і іх не знойдзеш сярод прадметаў выстаў майстроў на фестывалях народнай творчасці. Між тым, створаныя Сяргеем Мікалаевічам Карэйшам плеценыя агароджы, казачныя дэкаратыўныя хаткі, млынкі карыстаюцца попытам не толькі сярод жыхароў раёна, але задавольваюць і густы гараджан, нават улічваючы той факт, што робіць іх мужчына з матэрыялаў, якія многія іншыя майстры пусцілі б у адходы.

Невялічкая хата ў Наваселлі дасталася Сяргею Мікалаевічу ў спадчыну ад бацькоў. Адшукаць яе ў вёсцы, якая працягнулася больш чым на кіламетр уздоўж аўтадарогі з райцэнтра на Вялікія Дольцы, зусім нескладана. У двары да ўвагі патэнцыяльных пакупнікоў выстаўлены пералічаныя вышэй вырабы з дрэва. Дарэчы, дзейнасць сваю С.М.Карэйша напрыканцы мінулага года легалізаваў – зарэгістраваўся ў падатковай інспекцыі як рамеснік, плаціць падаткі. Для Сяргея Мікалаевіча гэты занятак зараз з’яўляецца адзіным сродкам заробку, бо наступствы перанесенай пяць год таму аварыі не дазваляюць уладкавацца на працу. “Вартаўніком мог бы, або качагарам” – старанна падбірае словы гаспадар. З­-за траўмы ў яго ўтварыўся дэфект мовы, таму, па словах рамесніка, людзі часта памылкова лічаць, што ён нецвярозы…

“Хітом” продажу сярод сваіх вырабаў С.М.Карэйша называе невялікія дэкаратыўныя хаткі. Упрыгожваюць яны сядзібы як ушачан, так і жыхароў Полацка, Наваполацка, Віцебска, іншых гарадоў, праязджаючых праз Наваселле. Менавіта таму робіць майстар хаткі разборнымі, “каб умяшчаліся ў багажнік легкавога аўтамабіля, а потым лёгка і хутка манціраваліся”. Дах па жаданні заказчыка можа быць з рознага матэрыялу – драўляны, саламяны, або з чароту. У апошні час практыкуе Сяргей Мікалаевіч браць з кліентаў задатак, бо сустракаюцца і несумленныя грамадзяне – спачатку заказваюць вырабы, а потым не заязджаюць. Рамеснік жа ў чаканні выкупу вымушаны адмаўляць іншым кліентам.

Цэны на яго вырабы  “дэмакратычныя” і могуць залежыць нават ад будучага месца ўстаноўкі. Для Наваполацкай дзіцячай бальніцы казачны домік на курыных лапках змайстраваў бадай што дарма – кампенсаваў толькі кошт матэрыялаў, якія давялося набываць. Ёсць яго домікі і на тэрыторыях некаторых сацыяльных аб’ектаў раёна, напрыклад, ля Сарочынскага сельвыканкама.

Большасць нарыхтовак Сяргей Мікалаевіч знаходзіць у прылягаючым да Наваселля лесе, прычым шкоды прыродзе не наносіць – бярэ драўніну з павалаў. З матэрыяламі дапамагае і дваюрадны брат Генадзь, разам з якім пасябравалі з цяслярскай справай з маладосці, бо калі было здароўе, займаўся Сяргей Мікалаевіч зусім не “цацачнымі” пабудовамі. Умее рабіць усё – ад зруба да падстрэшкаў, расказвае, што да аварыі працаваў над рамонтам будынка храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры ва Ушачах, на вытворчых аб’ектах і ў прыватнікаў. Можа і зараз зрабіць па заказе пабудовы не толькі эстэтычнага, але і практычнага прымянення, праўда, невялікіх памераў: незвычайны верх для калодзежа, альтанкі розных форм, рубленую будку для сабакі, прычым як уласнай задумы так і па жаданні кліента – на аснове чарцяжа або фотаздымка.

– Усё робіцца ўручную – станкоў у мяне няма, – распавядае пра тэхналогію сваіх вырабаў Сяргей Мікалаевіч. – Пры неабходнасці бяру сучасны электраінструмент у брата, а так карыстаюся ў асноўным “дзедаўскім”: сякерай, малатком, долатам ды нажоўкай.

Хоць і адносна нядаўна займаецца элементамі добраўпарадкавання мужчына, а некаторыя рэчы ўжо можа майстраваць з заплюшчанымі вачыма. Ён ведае аб тым, што плеценая агароджа з ляшчыны больш прыгожая і даўгавечная, чым з лазы, шмат спосабаў апрацоўкі дрэва, можа з дакладнасцю да сантыметра без рулеткі ацаніць памеры канструкцый і шмат іншых тонкасцей, якія разам з фантазіяй дапамагаюць пры стварэнні яго аўтарскіх работ.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



2 комментария по теме “Изделия С.Карейши из дерева пользуются спросом не только у жителей Ушаччины

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *