Порядок должен быть всегда. Тема наведения порядка на постоянном контроле у председателя райисполкома В.В.Родича

Благоустройство

Навядзенне парадку на зямлі – тэма, якая ніколі не губляе актуальнасці. Старшыня райвыканкама В.В.Родзіч заўсёды трымае яе на кантролі і ў пачатку гэтага і мінулага тыдня разам з кіраўнікамі ўсіх зацікаўленых службаў праверыў стан вытворчых тэрыторый некаторых прадпрыемстваў райцэнтра.

Нельга назваць узорнай прылягаючую тэрыторыю Ушацкай ЛДД ДЭУ­37. На пляцоўцы разам з рабочым матэрыялам (пяском) будаўнічыя адходы і рознае смецце. Толькі з’яўленне гасцей прымусіла дарожнікаў успомніць пра навядзенне парадку.

Карціна на аўтабазе райспажыўтаварыства парадавала. Як адзначылі прадстаўнікі экалагічнай службы і жыллёва­камунальнай гаспадаркі,  у параўнанні з папярэднімі гадамі сітуацыя з навядзеннем парадку на прадпрыемстве значна палепшылася. У момант наведвання названай тэрыторыі частка работнікаў якраз убірала смецце. Змяніўся і выгляд самога будынка майстэрняў пасля замены старых вокнаў на новыя.

На суседніх размеркавальных складах райспажыўтаварыства, пэўна, убіраюць толькі самую бачную частку тэрыторыі, калі ж звярнуць убок, то лёгка знойдзецца і смецце. Напрыклад, з­за аднаго з будынкаў “выглядваў” ужо сухі леташні бур’ян, а тэрыторыя ўздоўж агароджы ператварылася ў сметнік. Каля складоў – няўбраныя каробкі з­пад тавараў, непасрэдна на пляцоўцы, дзе загружаюцца таварамі аўтамабілі, у вочы адразу кідаюцца акуркі ад цыгарэт.

А вось сітуацыю на “Ленга­Вест” інакш як хаосам не назавеш. На прасторнай тэрыторыі з будынкамі, складамі сухі бур’ян ледзьве не ў рост чалавека, раскіданы металалом ва ўсіх вуглах, абрэзкі і апілкі ад драўніны па ўсёй тэрыторыі, разбітае шкло, будаўнічае і бытавое смецце, бутэлькі і нават скрыні ад іх, а ў цэнтры пачэснае месца заняў недароблены і ўжо крыху пачарнелы зруб. Усё гэта “ўпрыгожвае” названую тэрыторыю, за добраўпарадкаванне якой даўно ніхто не браўся. Складана аказалася знайсці тут і хоць адну жывую душу, усё ж нарэшце ўдалося ўбачыць толькі аднаго чалавека, які патлумачыў, што не з’яўляецца гаспадаром, а арандуе толькі адно з памяшканняў, і наогул на гэтым адрасе зарэгістравана некалькі юрыдычных асоб. Старшыня райвыканкама даў даручэнне ўсім службам разабрацца ў сітуацыі, знайсці ўладальнікаў і прыняць меры па дадзеным факце безгаспадарчасці.

Увогуле парадак не толькі на вытворчых тэрыторыях, а і каля домаўладанняў залежыць ад кожнага з нас. І калі адзін сумленна нясе ў кішэні да бліжэйшай сметніцы паперку ад цукеркі, то другі масава выкідвае ў бліжэйшыя кусты ўвесь бытавы хлам. Як прыклад – самы канец вуліцы Полацкай ператварыўся ў звалку, сюды несумленныя грамадзяне ў роў і прылягаючае кустоўе зносяць смецце, бытавыя адходы. Між тым, як адзначыў дырэктар УП ЖКГ С.Б.Завадскі, на вуліцы ўстаноўлены кантэйнеры…

Парадак на зямлі павінен быць заўсёды, вясной традыцыйна гэтай тэме ўдзяляецца найбольшая ўвага. Для прадпрыемстваў і арганізацый устаноўлены адзіны санітарны час – у пятніцу пасля абеду, ну а прыватнікі самі выберуць зручны для гэтага час.

***

Не толькі ў межах участка

Прыбірацца на сваіх падворках, убіраць смецце каля дамоў – справа не толькі вясновая. Трымаць у парадку і чысціні вуліцы і двары трэба пастаянна. Добраўпарадкаванне ўключае ў сябе мноства накірункаў – гэта развіццё камунікацыйных сетак, будаўніцтва дарог, упрыгожванне горада ці домаўладання зялёнымі насаджэннямі, архітэктурнымі формамі і многае­многае іншае. Сёння мы спынімся канкрэтна на тым, якія ж патрабаванні існуюць для ўладальнікаў індывідуальных жылых пабудоў. Аб асноўных з іх нам расказала памочнік урача­гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ганна Уладзіміраўна Коўшаль:

– Згодна Санітарных патрабаванняў да ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў, домаўладальнікі павінны падтрымліваць чысціню і парадак на прыдамавой і прылягаючай да вашага дома тэрыторыі да праезнай часткі вуліцы і па ўсёй даўжыні ўчастка. Прасцей кажучы, вы адказваеце за парадак не толькі ўнутры вашага ўчастка, а і ў радыусе пяці метраў ад вашай агароджы – сістэматычна ачышчаеце ад смецця, ажыццяўляеце скошванне расліннасці. Зямельны ўчастак, які выдзелены чалавеку для вядзення падсобнай гаспадаркі, агародніцтва павінен выкарыстоўвацца па яго мэтавым назначэнні і нельга дапускаць, каб ён зарастаў пустазеллем. Не дапускайце на сваіх уладаннях утварэння звалак. Забараняецца складзіраванне і захоўванне на тэрыторыях, якія прылягаюць да зямельных участкаў (у тым ліку і ў садовых таварыствах), і праезнай часткі вуліц будматэрыялаў, дроў і іншага. Нельга паліць на тэрыторыі пасяленняў цвёрдыя бытавыя адходы. Забараняецца выліваць памыі на вуліцу, у вадаёмы, рабіць адпампоўванне вады з водаправодных калодзежаў на газоны, тратуары, дарогі.

Адразу хочацца адзначыць, што дадзеныя патрабаванні – гэта не пустыя словы. За парушэнне санітарнага заканадаўства вы можаце атрымаць штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *