В «Ушачском райагросервисе» в честь 70-летия Победы посадили яблоневый сад

Сельское хозяйство

– У апошні час мы чулі толькі негатыўныя выказванні наконт парадку, дысцыпліны і вытворчых паказчыкаў “Ушацкага райаграсэрвіса”, а я вам хачу паведаміць пра станоўчы факт аб гэтай арганізацыі,  – сказаў, завітаўшы ў рэдакцыю, галоўны спецыяліст інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Мікалай Віктаравіч Азевіч. – Работнікі завячэльскага комплексу не толькі прыводзяць у парадак прылягаючую тэрыторыю, а і садзяць побач… яблыневы сад!

Ідэя пасадкі дрэў належыць дырэктару ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” Уладзіміру Уладзіміравічу Верташонку. Падчас навядзення парадку на тэрыторыі, афарбоўкі агароджы комплексу было вырашана пасадзіць тут і дрэвы. Насустрач сельгаспрадпрыемству пайшла сялянска-фермерская гаспадарка “Зарубаўшчына”, якая ў апошні час актыўна займаецца вырошчваннем саджанцаў садовых дрэў. Кіраўнік гаспадаркі У.Л.Тарасевіч выдзеліў саджанцы лепшых сартоў яблынь і нават сам прывёз іх. Першапачаткова планавалася пасадка меншай колькасці дрэў, але пасля непрацяглых “перагавораў” дамовіліся не проста пасадзіць яблыні, а прымеркаваць гэтую добрую справу да 70-годдзя Вялікай Перамогі і адпаведна пасадзіць 70 саджанцаў. І гэта асабліва сімвалічна, бо яблыневы цвет у Беларусі з’яўляецца сімвалам сёлетняга свята.

Да добрай справы па прапанове М.В.Азевіча далучыўся і фермер з Пастаў С.І.Парэнгоўскі, які таксама займаецца вырошчваннем саджанцаў садовых дрэў, пладова-ягадных кустоў і перыядычна прывозіць іх на продаж ушачанам. Ён бясплатна выдзеліў “Ушацкаму райаграсэрвісу” саджанцы яблынь з сімвалічнымі назвамі “Слава пераможцам”, “Прэзідэнт”, а таксама лепшыя сарты грушы, чарэшні, вішні і парэчак.

– Праз некалькі гадоў будзем са сваімі яблыкамі! – адзначылі працаўнікі комплексу, з энтузіязмам узяўшыся за справу (на здымку).

Праз пэўны час сад сапраўды парадуе пладамі, ну а пакуль распачатае добраўпарадкаванне павінна стаць стартам новай старонкі развіцця гаспадаркі з вялікім патэнцыялам і багатымі традыцыямі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *