Количество неперспективных деревень с заброшенными земельными участками увеличивается

Общество

Праехалі пару вёсак Кубліцкага сельсавета. Доўгіх, у адну вуліцу, з абодвух бакоў якой некалі шчыльна стаялі дамы і яшчэ шчыльней адзін да аднаго прымыкалі зямельныя надзелы. Яны пераважна ўсе такія – з адным ці двума скрыжаваннямі на доўгай цэнтральнай гравійцы, абапал засаджанай бярозамі, дубамі, ліпамі. У кожнай свая, адметная гісторыя стварэння, засялення, разрастання – і аднолькавае сёння. Калі не стаіш ты на беразе возера – то паступова знікнеш з карты раёна, калі толькі не здарыцца дзіва. Нікому не патрэбна ні самае дарагое багацце селяніна мінулага стагоддзя – зямля, ні спакой і хараство прыроды.

Праўда, і хараства часта не ўбачыш за суцэльнай сцяной баршчэўніку, крапівы, лазы. А нерухомасць неперспектыўных вёсак – нерухомасць у самым прамым сэнсе слова. Рассыпецца, толькі крані. Ніхто асабліва і не кранае. Даваенныя пабудовы не ўяўляюць каштоўнасці нават на перанос, спадчыннікі не вельмі рады такому скарбу і часта носу не кажуць у роднае гняздо. І калі суседскія надзелы раней аддзяляла вузенькая мяжа, то сёння і не разбярэш, дзе заканчваецца адзін і пачынаецца другі.

Старэйшына вёскі Лажаншчына Генадзь Іванавіч Кулянок вядзе па вуліцы і расказвае пра былых аднавяскоўцаў і сённяшніх спадчыннікаў: “Гэта хата Марозавай, ва Ушачы ў дачкі жыве здаецца, на Прыазёрнай, траву ў двары атрутай палілі, каб не так расла. Направа – Барысёнкава, ён з Новага Сяла, – дзяцей не было – і ніхто сюды не ездзіць. Генадзь Пугачоў гадоў шэсць ужо ў дачкі ў Шуміліна. У Івана Ігнатавіча Кандрацкага дачка Раіса ў Віцебску. Гэты дом на продаж выстаўлялі, толькі купцоў не знайшлося. А вось спадчыннікі Восіпа Дуніка ад радавога гнязда не адмаўляюцца, вунь і зараз лазню рамантуюць.”

Трэба сказаць, што гэта аказаўся адзіны дом у вёсцы, абкошаны на адлегласць усяго участка, на якім выдатна праглядваліся нават дробныя гаспадарчыя пабудовы. На астатніх, у тым ліку і жылых, чыстая прастора была намнога меншай. І калі летам гэта зялёная трава і відовішча, быццам у чарнобыльскай зоне адсялення, то восенню яшчэ і рэальная пагроза выгарання.

Розныя лёсы ў спадчыннікаў гэтай вёскі, розныя магчымасці, густы, але ёсць яшчэ адно агульнае. Калі ты маеш участак вакол дома, то павінен яго даглядаць, незалежна ад таго – пастаяннае гэта месца жыхарства, дача або спадчына. У любым выпадку спецыялісты землеўпарадкавальнай службы за неэфектыўнае, нямэтавае выкарыстанне або наогул невакарыстанне зямельнага ўчастка складуць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (сёлета ўжо 44). Неэфектыўнае выкарыстанне – гэта і ёсць заросшы пустазеллем участак.

Што рабіць, калі вы атрымалі паведамленне аб складанні на вас пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні? Па­першае, абавязкова з’явіцца па выкліку і (калі гэта ваш участак, і факт мае месца) пагадзіцца. Пры згодзе на прымяненне адміністрацыйнага спагнання справа не накіроўваецца ў суд і вы атрымаеце, як правіла, мінімальны штраф (0,5 базавай велічыні). У адваротным выпадку выдаткі акажуцца большымі. Па­другое, ці па­першае, трэба тэрмінова навесці парадак на зямелным участку, бо калі выяўленае парушэнне не будзе ўхілена ў тэрмін, то мясцовыя выканаўчыя камітэты могуць пачынаць працэдуру аб спыненні права карыстання зямельным участкам. Зямельны ўчастак можа быць канфіскаваны незалежна ад таго, знаходзіцца ён у прыватнай уласнасці, пажыццёвым спадчынным валоданні, часовым або арэндзе. Падставай для гэтага з’яўляюцца: выкарыстанне зямельнага ўчастка не па мэтавым прызначэнні; невыкарыстанне на працягу аднаго года ўчастка, які быў выдзелены для сельскагаспадарчых мэт, і двух гадоў – калі не для сельскагаспадарчых; за нездзяйсненне мерапрыемстваў па ахове зямель, а таксама для дзяржаўных патрэб, у гэтам выпадку з кампенсацыяй урону. Прычым канфіскавана можа быць не толькі неэфектыўна выкарыстоўваемая зямля, але і капітальныя пабудовы, якія знаходзяцца на ёй.

Аб’яднаўшы як лірычную, так і практычную частку артыкула, можна параіць нашым чытачам наступнае: пакінуць столькі зямлі, колькі можаце апрацаваць. Калі не стае сіл самастойна абкасіць і няма родных, хто б мог дапамагчы, найміце пабочную асобу або закажыце гэту паслугу, якую аказваюць некаторыя арганізацыі раёна. Пенсіянерам варта звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, паколькі для іх гэтая платная паслуга аказваецца па льготным кошце. Канечне, і гэта не вырашыць праблему неперспектыўных вёсак , але паспрыяе большаму парадку на іх і яўна зэканоміць вашы выдаткі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



2 комментария по теме “Количество неперспективных деревень с заброшенными земельными участками увеличивается

  1. Тое, што вёска вымірае, зразумела, дрэнна. Аднак яшчэ горш тое, што мясцовыя ўлады нічога акрамя каральна-адміністратыўных захадаў не прэдпрымаюць. Каб штрафаваць за пожні, парослыя пустазельлем, шмат розуму ня трэба. Хоць яно і прасьцей, чым штодзённа вынікова працаваць, вырашаючы праблемы грамадзянаў.
    Праблему закінутых сядзібаў трэба і можна вырашаць. Зразумела не ўсіх. Занядбаныя гаспадаркі у вёсачках, дзе няма ні возера, ні ракі, ні добрага лесу ці прыгожых краявідаў, так ці інакш будуць ліквідаваныя. А вось з сядзібамі у прывабных у рэкрыацыйным сэнсе месцах можна працаваць. Як? Адкажу. Трэба стварыць лакальную біржу нерухомасьці на вёсцы, працуючую пад кантролем і з удзелам раённых уладаў:
    1. Стварыць інфармацыйную базу патэнцыйна цікавых сядзібаў, гаспадары якіх не маюць жаданьня ці магчымасьці утрымоўваць сваю нерухомасьць у належным стане. База мусіць быць паўнавартай – з дастатковай колькасьцю фота-, відэа- матэрыялу, тэхнічным апісаньнем пабудоваў, дакладнай лакалізацыяй сядзібы і населеннага пункта на мапе, якасным апісаньнем навакольнага асяроддзя.
    2. З гаспадарамі, зразумела ж, папярэдне трэба правесьці інфармацына-разтлумачальную працу. Неабходна давесьці простую рэч: стан калі “несьці цяжка, а кінуць шкада” мае выйсьце. Больш таго, выйсьце матэрыяльна выніковае для гаспадароў сядзібы. Калі чалавек мае выбар: нязручнасьці (не кажу ўжо аб штрафах 🙂 ) ці жывыя грошы, то звычайна абірае апошняе;
    3. Сабраўшы пэўную колькасьць інфармацыі (мяркую 15-20 сядзібаў для пачатку дастаткова) і правёўшы папярэднюю рэкламную кампанію акцыі у СМІ і сеціве, трэба пераходзіць да чарговага этапу: аўкцыённага гандлю сядзібамі.
    Як праводзіць аўкцыён – пытаньне тэхнічнае і цалкам вырашальнае. На першым этапе гэта можа быць звычайным зборам прапановаў ад зацікаўленых пакупнікоў (электронная ці звычайная пошта, тэлефанаваньне ды г.д.) з выбарам найлепшага для прадаўца варыянта. Важна тое, што раённыя улады выступяць у гэтай зьдзелцы гарантам забеспячэньня яе юрыдычнай чысьціні. Не навіна ж, што часам вясковыя пабудовы не маюць тэхнічных паспартоў, а гаспадары – прававызначаючых папераў. А гэта заўсёды напружвае пакупніка, нават калі і кошт задавальняе. З іншага боку, прадаўцу-селяніну, што не заўсёды дастаткова падкаваны юрыдычна, лягчэй пагадзіцца на здзелку з удзелам мясцовай улады каб не рызыкаваць быць падманутым недабрасумленным пакупніком.
    Я далёкі ад думкі, што дзейнасьць падобнай біржы нерухомасьці здольная прыносіць значны прыбытак у раённы бюджэт, бо рынкавы кошт тых сядзібаў у лепшым выпадку складзе якую тысячу-паўтары даляраў, і на “тлустыя” камісійныя разьлічваць не выпадае :). У той жа час новыя гаспадары закінутых сядзібаў здольныя даць новае жыцьцё хоць бы нейкай частцы выміраючых вёсак.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *