Кассандра Шахаб — девушка с не белорусским именем, но ушачскими корнями любит изучать белорусский язык

Общество

Тады я яшчэ была школьніцай. Памятаю, мы ішлі з мамай ля былой бальніцы – гэта дзе цяпер стаіць будынак “Беларусбанка”, і ўбачылі: пад вакном стаіць незвычайна прыгожая чорнавалосая дзяўчына і размаўляе, відаць, з нейкім родным праз вакно.

– Гэта дачка Алеся Антонавіча і Ефрасінні Міхайлаўны Карабанёў, – сказала мне мама. – Яна не толькі прыгажуня, але і разумніца – вучыцца ў Мінску ва ўніверсітэце, вывучае беларускую мову і літаратуру. Па бацьках пайшла…

Калі працавала ўжо ў рэдакцыі, мне расказалі, што А.А.Карабань  некаторы час быў супрацоўнікам нашай газеты. А яшчэ пазней ва ўспамінах Р.Барадуліна прачытала, што гэтыя муж і жонка працавалі ва Ушацкай школе: ён – дырэктарам, яна – настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, удзячнасць ім Рыгор Іванавіч пранёс праз усё жыццё.

Калі ж з’яўлялася дэлегатам з’ездаў Таварыства беларускай мовы имя Ф.Скарыны і сядзела ў зале, у аўтарытэтнай прыгожай жанчыне з членаў прэзідыума пазнала тую ўшацкую дзяўчыну, якую прадставіла мне мама. Гэта ўжо была Вольга Аляксандраўна Кузьміч, загадчыца кафедры беларускай мовы і літаратуры тэхналагічнага ўніверсітэта.

Вольга Аляксандраўна ў свой час уладкавалася ў Мінску, завяла сям’ю. І адысці ад бацькоўскай справы – служыць роднаму слову – не змагла на працягу дзесяцігоддзяў свайго жыцця. Любоў да беларускай мовы жанчына перадала дачцэ Вользе Васільеўне Шахаб (муж – іранец, працуе ў інстытуце хіміі Акадэміі навук), якая таксама занята ў тэхналагічным універсітэце.

І далей – прадстаўнікам гэтага цудоўнага роду ўдалося ўвесці ў свядомасць самай маладой прадстаўніцы Карабанёў – Касандры Шахаб – адчуванне хараства роднай мовы. Дзяўчына з такім небеларускім імем і прозвішчам нясе ў сабе карэньчык маці і продкаў па яе лініі. Касандра – навучэнка гімназіі №3 Мінска. Сказаць, што дзяўчына добра паспявае ў авалоданні прадметамі – нічога не сказаць. У канцы мінулага года яны разам з навуковым кіраўніком настаўнікам беларускай мовы і літаратуры гімназіі №23 Мінска В.В.Вайцяшонак распрацавалі навуковую працу  “Літаратурная Ушаччына як экскурсійна-­турыстычны аб’ект”. У сваёй рэцэнзіі загадчык кафедры рэдакцыйна­выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, дацэнт У.І.Куліковіч піша: “Адным з самых цікавых і нераспрацаваных айчыннай турыстычнай індустрыяй з’яўляецца такі напрамак, як літаратурны турызм. Менавіта падрыхтоўцы першага ў краіне літаратурнага турыстычнага маршруту прысвечана вышэйназваная праца. Такі падыход да асэнсавання багатай літаратурнай спадчыны Ушацкага раёна Віцебскай вобласці дазваляе глыбей зразумець вытокі літаратурнага феномена раёна. Гэтая праца можа стаць штуршком для развіцця літаратурнага турызму ў Рэспубліцы Беларусь”.

А аб падрыхтоўцы такой грунтоўнай працы навучэнкай гімназіі мне расказала Людміла Рыгораўна Карабань. Уся ж названая адметная дынастыя – яе родныя, з якімі яна падтрымлівала цесную сувязь і калі працавала загадчыцай аддзела адукацыі райвыканкама, і цяпер. Яна ж дапамагла Касандры наладзіць інтэрв’юіраванне нас, паэтэс, якія пражываюць ва Ушачах, аб творчасці і поглядах на літаратурныя працэсы, звязаныя з нашым, на першы погляд, непрыкметным кутком.

Пачынаючы сваю работу, Касандра звяртаецца да тэмы: “Роля пісьменнікаў Ушаччыны ў кантэксце гісторыка­культурнай спадчыны Беларусі”. Апавядаецца, што сівая даўніна гэтай зямлі таямніча захоўвае памяць продкаў яшчэ з часоў каменнага веку. Самыя старажытныя стаянкі знойдзены ў вёсках Пуцілкавічы і Славені. Праз Ушачы пралягаў шлях полацкіх князёў на Мінск і мінскіх на Полацк, пазней падоўжыўся на захад. Выгаднае геаграфічнае становішча полацкіх зямель, як вядома, спрыяла іх хуткаму эканамічнаму і культурнаму развіццю…

Цікавай старонкай у гісторыі Ушаччыны з’яўляецца яе знаходжанне ў складзе Вялікага княства Літоўскага, у межах якога і з’явілася слова “ліцвіны”. У восьмым стагоддзі маскоўскія летапісцы ў дачыненні таго месца, дзе зараз знаходзяцца Ушачы, ужывалі назву “Белая Русь”. А самі Ушачы, вёскі Пуцілкавічы, Вялікія Дольцы, Кублічы (праз іх праляжа апісаны маршрут) пазначаны яшчэ на картах 1579, 1687, 1893 гадамі.

Спусташальныя войны, якія спазнала наша зямля, не абмінулі і Ушаччыну. У 1863­1864 гадах у Польшчы, Літве і Беларусі ўспыхнула нацыянальна­вызваленчае паўстанне супраць царызму. У ім удзельнічалі вядомыя ўсёй Беларусі ўраджэнцы Ушаччыны Вярыга­Дарэўскі і Фелікс Тапчэўскі.

А яшчэ ў літаратурным даследаванні дзяўчыны прыведзены прозвішчы пятнаццаці пісьменнікаў – ураджэнцаў Ушаччыны. Гэта як нашы вялікія Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Пятрусь Броўка, так і не зусім вядомыя сённяшнім жыхарам Ушаччыны творцы. Скажам, мала хто ведае, што ўраджэнец Краснай Горкі Валерый Іосіфавіч Атрашкевіч дасягнуў вышыняў у навуцы: быў дацэнтам Магілёўскага педінстытута, аўтарам навуковых работ па гісторыі беларускай літаратуры. А празаік, публіцыст, этнограф Аляксандр Раманавіч Пшчолка, якога далі Беларусі маляўнічыя Чарсцвяды ў 1869 годзе, працаваў акруговым суддзёй Вільні, выдаў больш за дзесяць кніг апавяданняў і нарысаў, пад яго рэдакцыяй выдадзена паэма “Тарас на Парнасе”.

Што датычыцца маршруту экскурсіі, то прапанавана наведанне музея Ушацкай сярэдняй школы, раённай бібліятэкі імя Е.Я.Лось, музея народнай славы імя У.Е.Лабанка, мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, сядзібы­музея народнага пісьменніка Беларусі В.Быкава, у Кублічах – памятнага знака пісьменніка Вярыга­Дарэўскага, а таксама ў мясцовай сярэдняй школе – інтэграванай бібліятэкі­музея імя В.У.Быкава, тут жа магчымы беглы агляд матэрыялу экспазіцыі, творчасці А.Р.Пшчолкі і Ф.Ф.Тапчэўскага. Школьны музей у Вялікіх Дольцах  можа прапанаваць агляд матэрыялаў пра П.Броўку, Е.Лось, М.Мірановіча. У Старыне можна пабываць ля памятнай дошкі на месцы хаты Е.Лось. У Пуцілкавічах чакае наведвальнікаў мемарыяльны дом­музей народнага паэта Беларусі П.Броўкі і помнік­абеліск яго маці, якая загінула ў канцлагеры Асвенцым.

Цікавая праца маладой аматаркі роднай мовы з ушацкімі каранямі – першая цаглінка ў важную справу  развіцця літаратурнага турызму.

Галіна ВАРАТЫНС КАЯ.

На здымку: Касандра Шахаб.



2 комментария по теме “Кассандра Шахаб — девушка с не белорусским именем, но ушачскими корнями любит изучать белорусский язык

  1. Шчыры дзякуй за такi цiкавы артыкул!

  2. Welmi zikawa, sciri dank sa kavalacak gistorii usackaj sjamli.
    Rigor Baradulin u seinim wersi pisau:
    usackaj skole 50 gadou
    mi s rodnaj skolaj sönnja adnagodki
    u persi klas pajsci gatowi snou
    pacuusi golas radasci drigotki
    dogd pa strase dsirawaj baraban*
    hacini, sto kalja staroj bal*hici
    kab mne direktar persi Karaban*
    Ales* Antonawic skasau spinicca…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *