Как поддерживается порядок на зерносушильных комплексах Ушачского района

Благоустройство Сельское хозяйство

У разгары жніво. У гэты час у ліку задач аграрыяў не толькі сабраць зерне з палёў, але і дапрацаваць яго – дасушыць, ачысціць. Для гэтага ў сельгаспрадпрыемствах на ўзбраенні маюцца зернесушыльныя комплексы. У многіх гаспадарках яшчэ служаць старыя комплексы М-819, спраўна працуе новы комплекс у “Ільюшынскім”, не першы год карыстаюцца перасоўнай італьянскай сушылкай у “Райаграсэрвісе”, два гады таму з’явілася тут і новая “Васіліса”, у гэтым сезоне апрабуюць такія ж новыя мабільныя сушылкі ў “Глыбачанах” і “Кублічах”. У цяперашні час з-за спякотнага надвор’я зерне паступае з найменшай вільготнасцю, у параўнанні з пачаткам уборачнай кампаніі. Работа кіпіць, але, як адзначыў старшыня райвыканкама В.В.Родзіч у час нядаўняга аб’езду названых аб’ектаў,  акрамя ўсіх асноўных клопатаў не варта забываць і пра навядзенне і падтрыманне элементарнага  парадку на тэрыторыях.

Як высветлілася, не на ўсіх зернесушылках можна ўбачыць чысціню. Так, напрыклад, адна з зернесушылак “Райаграсэрвіса”, што размяшчаецца ў Матырыне, знаходзіцца ў непрыглядным стане: неабкошаная трава ледзь не ў рост чалавека, раскіданы металалом і смецце. Хоць зернесушылка і не запушчана ў дадзены момант, але ж гэта не прычына трымаць бардак на аб’екце…

А вось у “Агра-Селішчы” ў момант нашага наведвання зернесушыльны комплекс працаваў поўным ходам –  дасушвалася намалочанае за апошні дзень зерне. Аднак нягледзячы на гэта, парадку тут не назіралася. Зноў жа неабкошаная тэрыторыя, металалом і іншыя адходы пад вугламі. Што ўжо казаць аб асноўнай плошчы, калі работнікі не пастараліся і не прыклалі намаганні, каб прыбраць смецце ў падсобных памяшканнях. Да таго ж у гаспадарцы не падрыхтавалі як след і складскія памяшканні да прыёму новага ўраджаю.

Зноў пахваліць нельга і “Кублічы” – уборачная кампанія ў разгары, а  тут толькі плануюць устанаўліваць новы мабільны зернесушыльны комплекс, які з’явіўся ў гаспадарцы яшчэ зімой.

Канечне, ёсць і станоўчыя прыклады на сельскагаспадарчых аб’ектах раёна. Зусім іншая карціна назіраецца ў ААТ “Дземенец”. Нягледзячы на тое, што зернесушыльнае абсталяванне тут ужо старое і зношанае, адпрацавала шмат гадоў, не раз рамантавалася, работа наладжана на высокім ўзроўні. Радуе вока чыстая тэрыторыя, ударна тут працуюць у дзве змены школьнікі, якія задзейнічаны на напольнай зернесушылцы і зернеачышчальніку, уборцы тэрыторыі. Выдатны прыклад таго, як без вялікіх укладанняў можна арганізаваць работу і атрымліваць добры вынік.

Са станоўчага боку трэба адзначыць і ААТ “Ільюшынскі”. Ужо пяты сезон працуе новы зернесушыльны комплекс. Дагледжаная тэрыторыя, ніякага смецця, металалому і іншых адходаў тут не ўбачыш, пастаянна дзяжураць і кантралююць працэс спецыялісты.

Зразумела, што зараз самая гарачая пара ў працаўнікоў сельскай гаспадаркі, але парадак на сельскагаспадарчых аб’ектах павінен падтрымлівацца пастаянна.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *