Лидеры уборочной кампании. Михаил Реут перевёз тысячу тонн, Владимир Лёля первым намолотил в районе 700 тонн зерна

Сельское хозяйство

Дожджык, які ў панядзелак з раніцы крыху прыбіў пыл над стомленымі спёкай палямі, адклаў наш візіт у ААТ “Ільюшынскі” на пасля абеду, бо камбайнеры чакалі, пакуль падсохне. А ўжо ля 15 гадзін на полі за Бараўцамі разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу У.М.Круглікам засведчылі першае дасягненне сёлетняга жніва – пад шчырыя словы віншаванняў дыпломы і грашовыя прэміі атрымаў экіпаж у складзе старшага камбайнера Уладзіміра Уладзіміравіча Лёлі і яго памочніка Ігара Уладзіміравіча Петухова, якія намалацілі 700 тон зерня.

Візіты ў “Ільюшынскі” пасля падвядзення прамежкавых вынікаў на розных відах сезонных работ сталі звыклымі. Сёлета менавіта працаўнікі гэтай гаспадаркі ўзначальвалі спіс механізатараў у спаборніцтве на корманарыхтоўцы, вось і бліжэй да экватара жніва прывычна “выцеснілі” з верхніх радкоў раённых зводак прадстаўнікоў іншых сельгаспрадпрыемстваў.

Акрамя вопыту і зладжанасці дзеянняў, спрыяе хуткаму запаўненню бункераў ільюшынскіх камбайнераў і добрая ўраджайнасць. Азімая пшаніца, якую ў гаспадарцы скончылі ўбіраць на мінулым тыдні, дала ў цэлым пад 40 цэнтнераў на круг, разлічваюць мясцовыя аграрыі на неблагі намалот і па астатніх відах збожжавых культур.

15 тон жыта, якога не хапала да 700, экіпаж У.У.Лёлі намалаціў хутка. Чыстае залацістае зерне высыпалася ў прычэп МТЗ­3022 Міхаіла Станіслававіча Рэута, які таксама атрымаў дыплом і грашовую прэмію – тысяча тон зерня, адвезенага ад камбайнаў, на яго рахунку была яшчэ ў нядзелю. “Сёння ўжо 1022!”, – лаканічна адзначыў малады чалавек, які аднолькава ўпэўнена адчувае сябе на розных відах сельскагаспадарчых работ.

Павіншавалі і заахвоцілі матэрыяльна сваіх працаўнікоў таксама прадстаўнікі адміністрацыі і прафсаюз сельгаспрадпрыемства – унутрыгаспадарчае спаборніцтва ў “Ільюшынскім” традыцыйна наладжана як след. “Прыязджайце да нас яшчэ!” – з падтэкстам, намякаючы на тое, што пальму першынства ўступаць яны не збіраюцца, казаў задаволены галоўны аграном “Ільюшынскага” Аляксандр Сяргеевіч Селявёнак. “Колькі там трэба намалаціць і перавезці, каб вы завіталі ў наступны раз?” – цікавіліся ва Уладзіміра Мікалаевіча Кругліка ўдзельнікі жніва. Атрымаўшы адказ і пажаданні поспехаў, праз лічаныя хвіліны яны зноў прыступілі да працы, штурмуючы рубяжы новых дасягненняў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *