Про выбор будущей профессии нужно думать заранее. Правила поступления в Академию МВД и Могилёвский институт МВД Республики Беларусь

Общество

Нягледзячы на тое, што да канца навучальнага года яшчэ шмат часу, паклапаціцца пра выбар будучай прафесіі выпускнікам варта ўжо зараз. Аб правілах паступлення ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі інстытут МУС наша сённяшняя гутарка з намеснікам начальніка Ушацкага райаддзела міліцыі па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні С.І.ЦІХАНЁНАК.

– Святлана Іванаўна, хто можа стаць студэнтам названых ВНУ?

– Сюды могуць паступаць юнакi i дзяўчаты, якiя маюць агульную сярэднюю, сярэднюю спецыяльную цi прафесiянальна­тэхнiчную адукацыю. Да прэтэндэнтаў ёсць узроставае абмежаванне: ад 17 да 25 гадоў і абавязкова добры стан здароўя. Дарэчы, адзінаццацікласнікам Ушаччыны, якія па прадметах школьнай праграмы маюць бал не ніжэй 7, па месцы жыхарства разасланы запрашэнні на паступленне ва ўстановы адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

– Удакладнiце, калі ласка, інфармацыю аб уступных экзаменах.

– Для абiтурыентаў прадугледжаны iспыты ў форме цэнтралiзаванага тэсцiравання па беларускай або рускай мове (на выбар), замежнай мове і грамадазнаўстве. Залiчэнне праводзіцца ў адпаведнасцi з правiламi прыёму. Тэрмiн навучання на дзённай форме атрымання вышэйшай адукацыі ў абедзвюх установах – чатыры гады.

– Ці прадугледжаны якія­небудзь ільготы пры залічэнні?

– Так. Без уступных экзаменаў у гэтыя навучальныя ўстановы залічаюцца выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС, а таксама кадэцкіх вучылішчаў, якія ў год паступлення закончылі названыя ўстановы з адзнакамі не ніжэй 7. Ёсць бонусы і для пераможцаў (дыпламантаў 1, 2, 3 ступені) рэспубліканскай алімпіяды, праведзенай у навучальным годзе, па прадметах уступнай кампаніі – па апошніх выстаўляецца вышэйшы бал. Некаторыя катэгорыі маладых людзей могуць разлічваць таксама на залічэнне па­за конкурсам.

– Якія выгоды маюць студэнты Акадэміі і Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь і работнікі міліцыі?

– Навучэнцы забяспечваюцца бясплатным абмундзіраваннем, пражываннем і харчаваннем на ўвесь перыяд вучобы, атрымліваюць высокую стыпендыю. Пасля заканчэння ВНУ ім прысвойваецца спецыяльнае званне “лейтэнант міліцыі”. Не ўзнікае праблем і з працаўладкаваннем выпускнікоў па атрыманай спецыяльнасці ў органах унутраных спраў, іншых сілавых структурах нашай краіны.

Што датычыцца супрацоўнікаў міліцыі, то яны забяспечваюцца дастойнай заработнай платай, дадатковым адпачынкам за выслугу гадоў, грашовай надбаўкай за службовую складанасць. Пры дасягненні 45 гадоў, а таксама пасля 20 гадоў службы (у гэты тэрмін уваходзіць і вучоба ва ўстанове адукацыі МУС) яны маюць права на пенсійнае забеспячэнне.

– Які першы крок павінны зрабіць тыя, хто вырашыў звязаць сваю будучую прафесію са службай у органах унутраных спраў?

– Прэтэндэнты, якія жадаюць паступіць у названыя навучальныя ўстановы, павінны звярнуцца найперш у мясцовы аддзел міліцыі. Прычым, як мага хутчэй, бо працэс паступлення мае свае асаблівасці – у асноўным яны звязаны з медыцынскім аглядам.

Больш падрабязную інфармацыю пра ўмовы паступлення і асаблівасці навучання ў гэтых ВНУ можна атрымаць на афіцыйных сайтах УУС Віцебскага аблвыканкама, устаноў адукацыі МУС: www.uvd.vitebsk.by, www.academy.mia.by, www.collegeMVD.by ці непасрэдна ў райаддзеле міліцыі па адрасе: г.п.Ушачы, вул.Ленінская, 26; тэлефон 2­-77-08.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *