В Ушачах прошёл областной семинар по вопросам организации ремонта техники и подготовки машинного парка к полевым работам 2016 года

Сельское хозяйство

Падвесці вынікі года, павучыцца ў суседзяў і прыняць неабходныя рашэнні – такімі былі задачы ўдзельнікаў абласнога семінара-­нарады па пытаннях арганізацыі зімовага рамонту тэхнікі і падрыхтоўкі машынна­-трактарнага парку да вясенне-­палявых работ 2016 года. І хаця пастаноўка машын і механізмаў на зімовае захоўванне, навядзенне парадку на мехдварах у назве мерапрыемства адсутнічала, менавіта на гэтым акцэнтавалася значная частка ўвагі спецыялістаў інжынерных службаў райсельгасхарчаў вобласці, кіраўнікоў прадпрыемстваў Віцебшчыны, якія ­аказваюць паслугі па рамонце і сэрвісным абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі, спецыялістаў Віцебскай абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

Ну а месцам правядзення семінара-­нарады наш раён абраны не з-­за таго, што размешчаны ў цэнтры Віцебшчыны. Выбар гэты лепш за ўсё характарызуюць словы начальніка абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляда В.У. Буракова:

– Калі аднойчы ўвечары раздаўся тэлефонны званок супрацоўніка рэспубліканскай інспекцыі, быў прыемна ўражаны, – расказваў Валерый Уладзіміравіч. – “Пабываў у некаторых гаспадарках Ушацкага раёна. Стан спраў з пастаноўкай тэхнікі такі, што многім рэгіёнам Гродзеншчыны можна было б павучыцца!”. Паверце, гэта дарагога каштуе.

Пры падрыхтоўцы мехдвара і тэрыторыі ААТ “Ільюшынскі” затраціў не адзін дзясятак мільёнаў рублёў. Але гэта той выпадак, калі зробленае яшчэ доўга будзе служыць і прыносіць карысць. Менавіта на машынным двары гаспадаркі праходзіла практычная частка семінара. Старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч і дырэктар таварыства Сяргей Анатольевіч Халімоненка правялі гасцей па тэрыторыі, дзе роўнымі радамі застылі закансерваваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, пад рэканструяванымі навесамі і ў гаражах стаялі надзейна ўкрытыя на зіму збожжа­ і кормаўборачныя камбайны, новы выгляд набылі майстэрня, боксы захоўвання іншай тэхнікі, рамонт якой не спыніўся пры візіце шматлікіх гасцей. Ад некаторых з іх давялося пачуць, маўляў, добрая савецкая спадчына дасталася гаспадарцы! Магчыма і так, але без пастаяннай работы па падтрыманні парадку, без укладанняў захаваць яе і тым больш прымножыць было б немагчыма. Гэту заслугу мясцовых механізатараў, кожны з якіх прыкладае рукі да рамонту не толькі сваіх “жалезных коней”, але і памяшканняў для іх утрымання, адзначыў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Генадзь Генадзьевіч Сабыніч.

Канечне, не ўсё і ў нас гладка – праблем, у першую чаргу фінансавых, хапае. Але пад кіраўніцтвам патрабавальнага начальніка раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляда Івана Мікалаевіча Пухальскага і галоўнага спецыяліста райсельгасхарча Міхаіла Аляксандравіча Шука інжынерныя службы і механізатары гаспадарак стараюцца ў тэрмін справіцца з пастаўленымі задачамі і на момант правядзення семінара яго ўдзельнікаў можна было везці практычна ў любое сельгаспрадпрыемства раёна. Магчыма ў  “Глыбачанах” ці да прыкладу “Кублічах” і не навялі  б такі “бляск”, але сорамна не было б. Ды і наогул, папрысутнічаўшы на мерапрыемстве, злавіў сябе на думцы, што дарэмна падазраваў раней І.М.Пухальскага ў залішніх строгасці да інжынераў і кіраўнікоў гаспадарак пры пастаноўцы тэхнікі на захоўванне, правядзенні тэхаглядаў – патрабаванні да службаў вельмі сур’ёзныя.

В.У Буракоў спыніўся на асноўных з іх. Камбайны павінны ставіцца да 1 кастрычніка, астатняя тэхніка – да 1 лістапада. Ужо з сярэдзіны верасня мабільныя групы правяраюць, як ідзе працэс захавання машын і механізмаў. У апошнія гады намецілася станоўчая дынаміка, хаця недапрацоўкі яшчэ ёсць у многіх раёнах. У Гарадоцкім знялі камбайны з захоўвання і паехалі малаціць, у Сенненскім убіралі кукурузу. А па ўсіх справаздачах гэтыя работы ў вобласці выкананы на сто працэнтаў, таму з 15 лістапада за такія факты выкарыстання тэхнікі адказныя асобы будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці. У многіх гаспадарках выклікае нараканні стан прэс­падборшчыкаў, пасяўных агрэгатаў – у лепшым выпадку яны пачышчаны толькі зверху. За 9 месяцаў бягучага года па вобласці 54 кіраўнікі і спецыялісты атрымалі штрафы за грубыя парушэнні і ігнараванне правілаў пастаноўкі тэхнікі на захоўванне. Меры гэты не з’яўляюцца жорсткімі, бо здараюцца яшчэ выпадкі, калі ў раённыя і абласную інспекцыю тэлефануюць паляўнічыя, якія па першым снезе выходзяць у поле і сустракаюць то трактар, то культыватар, то іншыя прычапныя механізмы. Работы па падтрыманні парадку на машынных дварах павінны стаць нормай, бо па словах Г.Г.Сабыніча “расстаўляць тэхніку навучыліся, а вось касіць пустазелле – яшчэ не”. Ёсць недапрацоўкі з агароджваннем тэрыторый мехдвароў, заправачных, якія ў многіх выпадках ніяк не абазначаны, не асветлены ў цёмны час сутак і толкам не ахоўваюцца. У гэтым плане зноў паказальны прыклад “Ільюшынскага”, дзе за тэрыторыяй “назіраюць” чатыры відэакамеры, малюнак з якіх выведзены на камп’ютар у дыспетчарскай. Адміністрацыя гаспадаркі ў хуткім часе плануе ўстанавіць дадатковыя апараты на зернесушыльным комплексе,  у майстэрні.

Асаблівага кантролю патрабуе стан лізінгавай тэхнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія эксплуатуюць яе, не выплаціўшы поўны кошт. А многія адзінкі трактароў і камбайнаў па прычыне нядбайных адносін знаходзяцца на “вечным” захоўванні. Пры працэдуры ліквідацыі аднаго з прадпрыемстваў са 131 адзінкі тэхнікі звыш 30 не аказалася ў наяўнасці, а некаторыя агрэгаты такімі можна было назваць толькі ўмоўна, бо яны былі поўнасцю разукамплектаваны, а ад асобных абарачальных плугоў засталіся толькі рамы. У поле ж яны ні разу не выязджалі… Як негатыўны быў прыведзены прыклад ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, дзе восем камбайнаў не ўдзельнічалі ва ўборачнай.

Складаная сітуацыя з касілкамі, граблямі, кормаўборачнымі агрэгатамі. Часта прычынай паломак з’яўляюцца “левыя” дэталі, купленыя ў несумленных прыватнікаў. У адной з гаспадарак праверылі набытыя такім чынам нажы для КВК-­800 – толькі адзін адпавядаў неабходным стандартам якасці. Між тым, 180 мільярдаў рублёў за бягучы год патрачана на набыццё вузлоў і дэталей у недзяржаўных арганізацыях. Тэхнічнае абслугоўванне энерганасычаных трактароў – задавальненне дарагое, але неабходнае. Каштуе яно каля 20­25 мільёнаў рублёў, але калі выйдзе са строю рухавік, то шукаць прыйдзецца суму ў разы большую, а несвоечасовы рамонт прыводзіць да зрываў аптымальных агратэхнічных тэрмінаў. У бягучым годзе ў сярэднім па вобласці кожны дзень прастойвала каля 15 працэнтаў трактароў МТЗ­3022, а ў Лепельскім раёне – больш 30 працэнтаў. Хоць і была адзначана зношанасць машынна­трактарнага парку, але да 1 сакавіка ўся тэхніка павінна быць адрамантавана.

Гэтаму ніяк не спрыяюць адсутнасць планаў рамонту, неабходнай дакументацыі, якія патрэбны не для правяраючых, а для саміх гаспадарак – часта кіраўнікі нават прыблізна не ведаюць, колькі сродкаў патрэбна на правядзенне асноўных работ па падрыхтоўцы тэхнікі, маючы вельмі нізкую забяспечанасць запаснымі часткамі для рамонту.

Грошы на запчасткі можна зэканоміць на паліве, наладзіўшы як след яго ўлік і кантроль. Гаспадаркі нашага, Верхнядзвінскага, Шаркоўшчынскага раёнаў дасягнулі добрых вынікаў па змяншэнні расходу дызельнага паліва, захаваўшы пры гэтым аб’ёмы вытворчасці. З цікаўнасцю азнаёміліся прысутныя з вопытам работы КУСГП “Вялікадолецкае”, дзе сістэмамі спадарожнікавага маніторынгу абсталявана 59 працэнтаў тэхнікі: 21 трактар, 5 збожжаўборачных і кормаўборачны камбайн, 2 “Амкадоры”, 3 аўтамабілі – практычна ўся тэхніка, якая найбольш інтэнсіўна эксплуатуецца. Гэта дазваляе ў рэжыме рэальнага часу весці кантроль за яе выкарыстаннем і бачыць рэальны расход паліва. М.А.Шук прадэманстраваў  прыклад назірання за адным з аўтамабіляў гаспадаркі. Высветлілася, што калі раней на 100 кіламетраў прабегу УАЗа спісвалася 16 літраў бензіну, то рэальна аўтамабіль “з’ядаў” усяго 11,4 літра! Камплект абсталявання на адну адзінку тэхнікі каштуе 4,4 мільёна рублёў, але сябе апраўдвае за сезон, бо на энерганасычаных трактарах расход паліва знізіўся ў сярэднім на 400 літраў. На камбайнах КЗС­1218 спадарожнікавая сістэма акупіцца за 418 гектараў убраных плошчаў. 28 тон дызельнага паліва і 5 тон бензіну гаспадарка зэканоміла за год – эканамічны эфект і карысць відавочныя.

Былі абмеркаваны пытанні аховы працы і тэхнікі бяспекі пры правядзенні работ па рамонце тэхнікі, энергазберажэння. Парушэнні правілаў пажарнай бяспекі прывялі сёлета па вобласці да страт 5 адзінак тэхнікі, якія згарэлі падчас эксплуатацыі. Некаторыя з іх можна было выратаваць, вось толькі не аказалася ў механізатараў спраўных вогнетушыцеляў. У мінулым годзе назіраўся рост траўматызму, у тым ліку і са смяротным зыходам, а ў двух выпадках працаўнікі знаходзіліся на рабочых месцах у стане алкагольнага ап’янення. У 8 гадзін 10 хвілін пры выездзе з мехдвара супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі затрыманы механізатар адной з гаспадарак вобласці, у крыві якога працэнт алкаголю склаў 2,7 праміле. Такія факты сведчаць пра неналежны кантроль з боку інжынерных службаў і кіраўнікоў, якія і самі пападаліся на рабочым месцы нецвярозымі – у сельгаспрадпрыемстве “Ладасна” Лепельскага, “Райаграсэрвісе” Докшыцкага раёна. Але ў суседніх раёнах ёсць і станоўчыя прыклады гаспадарчага падыходу, вартыя пераймання. Напрыклад, у адным з сельгаспрадпрыемстваў Докшыцкага раёна на металічным арачніку мехмайстэрні праведзена замена бляшаных лістоў на полікарбанат і зараз рамонт тэхнікі ў светлы час сутак можна весці без выкарыстання электрычнасці для асвятлення.

Вось так, на прыкладах, як станоўчых, так і адмоўных, вучыліся спецыялісты тэхнічнай галіны аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны. Прыемна, што прыкладаў са знакам плюс у гаспадароў семінара аказалася значна больш. Да 20 снежня ў раёнах падвядуць вынікі раённых аглядаў­конкурсаў стану машынных двароў, а матэрыялы накіруюць у абласную інспекцыю, дзе будзе вызначана, якія гаспадаркі будуць прадстаўляць аграрны “твар” Віцебшчыны на рэспубліканскім узроўні. Як зазначыў Г.Г.Сабыніч, “Ільюшынскі” мае для гэтага ўсе шансы.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *