Титул победительницы в шоу-программе «Мисс Ушачанка-2015» завоевала Эльвира Цвирбут

Образование и молодежь

Напэўна, кожная дзяўчынка ў дзяцінстве марыць стаць каралевай прыгажосці. Але пазней гучна заявіць пра такі намер рашаюцца далёка не ўсе: нехта не лічыць адметнымі свае прыродныя даныя, хтосьці проста не верыць у сябе ці не можа пераадолець страх перад подыумам. Але ўдзел у  конкурсе самых абаяльных і прывабных і тым больш перамога ў ім – гэта факт жаночай біяграфіі, якім можна ганарыцца ўсё жыццё.

“Галоўнае – упэўненасць: трэба падабацца самой сабе, тады пераканаеш у сваёй прывабнасці і іншых”. “Страшна бывае на сцэне толькі ў першы момант выхаду – потым няёмкасць знікае”. Такія завочныя парады дзяўчынам, якія змагаліся ў мінулую пятніцу за перамогу ў шоу­-праграме “Міс Ушачанка­-2015”, давалі з вышыні свайго вопыту былыя ўдзельніцы конкурсаў прыгажосці рознага кшталту Ганна Герцык і Кацярына Пінчук, якіх давялося ўбачыць у глядацкай зале. Зрэшты, усе пяцёра дзяўчат, якія ў гэты вечар спрачаліся за карону пераможцы, на сцэне РДК адчувалі сябе даволі ўпэўнена. Для работніка раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Анастасіі Марозавай гэта ўвогуле працоўнае месца. Настаўніца Ушацкай школы Эльвіра Цвірбут і ў вучнёўскія, і ў студэнцкія часы была нязменнай вядучай усіх мерапрыемстваў. Абаяльнасць, непасрэднасць і творчыя здольнасці 10­класніцы Вялікадолецкай школы Насці Рэут і 11­класніцы Ушацкай Марыны Харак добра вядомы ўсім іх сябрам, знаёмым і блізкім. Ну а ў актыве яшчэ адной вучаніцы выпускнога класа Ушацкай СШ Улады Коршун ужо ёсць перамога ў абласным конкурсе “Міс Фота БРСМ”.

Трэба сказаць, што для паспяховага выступлення ў праграме “Міс Ушачанка-­2015” адной толькі знешняй мілавіднасці было недастаткова: трэба было сабраць усе кампаненты формулы прывабнасці. Журы ў складзе дырэктара Ушацкай СШ В.І.Клімашэўскага, намесніка дырэктара гэтай навучальнай установы А.І.Волах, дырэктара раённага цэнтра дзяцей і моладзі Л.В.Давыдавай, першага сакратара райкама БРСМ І.А.Ціханавай, работнікаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці М.В.Сазонавай і І.С.Клачок ацэньвалі таксама розум і таленты дзяўчат. Свой інтэлект удзельніцы змаглі праявіць у “Бліц­-турніры”, а творчыя здольнасці – у адпаведным конкурсе. Гледачы засталіся ў захапленні ад вакальных нумароў, якія тры першыя канкурсанткі падрыхтавалі на любы густ: Насця Марозава спявала прыгожую народную песню, Эльвіра Цвірбут абрала запальваючы рокерскі стыль, а Насця Рэут праз эстрадны нумар выказала сваю любоў да роднай Беларусі. А вось Марына Харак і Улада Коршун запрасілі прысутных на сустрэчу з неўміручай паэзіяй Блока і Ясеніна. Увогуле, усе дзяўчаты аказаліся вельмі рознабаковымі: так, Анастасія Марозава захапляецца фатаграфіяй, Эльвіра свой вольны час дзеліць паміж чытаннем і спортам – у лыжных гонках яна была адной з лепшых ва ўніверсітэце, Насця Рэут марыць стаць рэжысёрам, Марына можа пахваліцца тым, што сёлета заняла прызавое месца на рэспубліканскім этапе конкурсу экскурсаводаў “Мая Радзіма – Беларусь”, дзе расказвала пра нашага земляка Рыгора Барадуліна, ну а Улада вельмі любіць паэзію і нават сама складае вершы.

Ну а які ж конкурс прыгажосці без традыцыйных дэфіле? Дзяўчаты паказалі, што аднолькава цудоўна выглядаюць і ў дзелавых касцюмах, і ў вячэрніх сукенках, паставіўшы перад журы практычна невырашальную задачу – вызначыць самую дастойную ўшацкую прыгажуню. У выніку кожная з удзельніц атрымала свой тытул: стужку з надпісам “Міс Талент” старшыня журы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі павязаў Насці Марозавай, званне “Міс Абаяльнасць” па праве дасталася Марыне Харак, Улада Коршун стала ўладальніцай тытула “Міс Грацыя”, чароўнай усмешкай і натуральнай дзявочай прыгажосцю пакарыла ўсіх “Віцэ­-міс Ушачанка” Насця Рэут. Ну а карона пераможцы дасталася, бадай, самай артыстычнай і гарманічнай удзельніцы конкурсу Эльвіры Цвірбут. “У мяне былі вельмі дастойныя саперніцы, таму перамога стала даволі нечаканай, але тым больш прыемнай!” – падзялілася ўражаннямі шчаслівая дзяўчына. Прынамсі, рашэнне журы парадавала не толькі Элу, але і яе вялікую групу падтрымкі, у якой былі мама Таццяна Віктараўна, сястра Вераніка, а таксама шматлікія вучні: маладая настаўніца рускай мовы і літаратуры працуе ва Ушацкай школе толькі першы год, але паспела стаць для многіх з іх любімым педагогам. На пытанне, як гэта ўдаецца, Эльвіра адказвае: “Я проста вельмі люблю дзяцей!” А яшчэ дадае, што і ўласных хоча мець не менш трох. Вось такія яны – нашы ўшацкія прыгажуні!

Наталля БАГДАНОВІЧ.

на здымку: А.Марозава, Э.Цвірбут, А.Рэут, М.Харак, У.Коршун.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *