Невозможно и нельзя забыть. В деревне Бобовище Великодолецкого сельсовета находится одно из крупнейших захоронений жертв войны

70-годдзе Перамогі

Тухаціна, Ралля, Карчы, Ліпнікі, Мацюшы, Баравыя, Прыштонкі, Мурагі, Острава – такія назвы вёсак на тэрыторыі сучаснага Вялікадолецкага сельсавета можна знайсці толькі на картах, выдадзеных да Вялікай Айчыннай вайны, якую прыгаданыя населеныя пункты не перажылі. Гарэлі не толькі дамы і адрыны – у агні і ад фашысцкіх куль гінулі ні ў чым не павінныя людзі. Дарэчы, таксама з гэтай мясцовасці акупанты вывезлі на прымусовыя работы ў Германію найбольшую колькасць моладзі. Наогул, можна сказаць аб тым, што менавіта гэта тэрыторыя найбольш пацярпела ад акупацыі – з 53 вёсак раёна, якія былі знішчаны поўнасцю або часткова, тут знаходзіліся 23. У адрозненні ад вышэйпералічаных, 14 з іх змаглі адрадзіцца. У Бабовішчы, дзе размешчана адно з буйнейшых у раёне пахаванняў ахвяр вайны, зараз засталося ўсяго дзве жылыя хаты. “У канцы трыццатых больш дваццаці двароў было!” – успамінае Таццяна Аляксандраўна Стрыжонак, адна з апошніх жыхароў вёскі, сведка яе гібелі і аднаўлення.

Таму, хто ўпершыню вырашыць наведаць Бабовішча, можа падацца, што ў тутэйшых лясах наогул няма ні жывой душы. Дакладна зараз Таццяна Аляксандраўна не падлічыць, але кажа, што каля сотні чалавек жыло тут у канцы трыццатых гадоў. Дзяўчына 1927 года нараджэння да вайны паспела скончыць 6 класаў Весніцкай школы, а пачатковую наведвала ў суседнім Глінішчы. Гэта вёска была яшчэ буйнейшай – пад 150 чалавек. Лічбы такія не здаюцца перабольшваннем, бо сем’і былі вялікія. Зусім побач, каля 2 кіламетраў ад Бабовішча, знаходзілася пагранічная застава – ад пагранічнікаў мясцовыя жыхары і даведаліся, што пачалася вайна.

На пачатку акупацыі немцы з’яўляліся ў вёсцы толькі для папаўнення запасаў харчавання, але “першай ластаўкай”, якая абвясціла аб устанаўленні новага парадку, стала страшная навіна пра гібель Асавіны. Вёску карнікі спалілі летам 1942 года за дапамогу савецкім дэсантнікам, якіх камандаванне Чырвонай Арміі накіроўвала ў тыл для арганізацыі супраціўлення. Дарэчы, іх Таццяна і некаторыя яе аднавяскоўцы сустракалі і ля сваёй вёскі: “Маладзенькія такія вайскоўцы – і хлопцы, і дзяўчаткі”. Арганізацыя партызанскай барацьбы ішла ў навакольных лясах актыўна, у многім, па словах Таццяны Аляксандраўны, гэтаму садзейнічала тое, што практычна не было сярод жыхароў бліжэйшых вёсак здраднікаў і пасобнікаў акупантаў. Многія мужчыны перад вайной і ў першыя яе дні мабілізаваліся ў Чырвоную Армію, яшчэ больш падаліся ў партызаны. Напрыклад, у Таццяны Аляксандраўны ваяваў бацька, брат таксама быў прыняты ў атрад – амаль у кожнай сям’і хтосьці змагаўся з ворагам. У Заляддзі быў нямецкі гарнізон, але праіснаваў нядоўга, бо ў хуткім часе народныя мсціўцы яго разграмілі.

З узмацненнем руху супраціўлення ўзрастала раз’ю­шанасць акупантаў, якія, не маючы магчымасці справіцца з партызанамі, бяссільную злосць спаганялі на мірным насельніцтве. Падчас блакадных дзеянняў 1943 года была знішчана Ралля, бамбілі Весніцк, Афераўшчыну, Адворыцу, Касары, іншыя вёскі, але Бабовішча навала мінула. Чорнай датай у гісторыі вёскі стала 12 мая 1944 года. Партызанскія злучэнні пасля прарыву адышлі на захад, і абараніць мірнае насельніцтва было некаму. Напярэдадні гарэла Тухаціна, людзей з якога разам з жыхарамі Глінішча прыгналі ў Бабовішча. Як высветлілася – каб знішчыць разам з мясцовымі “партызанамі”.

– Колькі там на помніку напісана – 515 чалавек? На самой справе ў тысячу ці ўбярэцца, – ціхім голасам пачынае страшны расказ Таццяна Аляксандраўна. – У вёсцы пасля блакады было шмат бежанцаў: людзі са спаленых раней Баравых, з Горнава, Дубаўца, іншых вёсак суседніх раёнаў, сем’і з Чашнікаў і нават з Барысава. Але большасць была мясцовых. У гэты дзень загінула мая мама, бабуля, дзве цёткі з дзецьмі… Дзякуй мясцовай уладзе, што помнік новы ў мінулым годзе ўстанавілі, бо для мяне гэта брацкае пахаванне – сямейныя могілкі.

Памяць Таццяны Аляксандраўны на дзіва выразна захавала прозвішчы многіх іншых ахвяр, землякоў і жыхароў навакольных вёсак:

– Настаўнік Казлоўскі з Касароў у самым пачатку вайны пайшоў на фронт, а яго жонку і чацвёра дзяцей схапілі карнікі і прыгналі ў Бабовішча. З Адворыцы людзі былі, з Заляддзя – можаце ў Арсеня Клыпы спы­таць, ён на два гады маладзей за мяне, таксама павінен памятаць. Дзве сям’і з Весніцка – Лось і Марыя Зянюк з дзецьмі, з Башоўкі сям’я Сцяпана Бугая, які служыў у Чырвонай Арміі: яго жонка Вольга з малымі…  Што тут тварылася! Цяжка ўспамінаць, хацелася б і забыцца, але дзе ж такое забудзеш. Бабулі старэнькія галосяць, жанчыны немаўлят да грудзей прыціскаюць – да апошняга спадзяваліся, што злітуюцца, ды дзе там… Пастралялі і папалілі – жывых, сынок, палілі! Запіхвалі ў хаты і хлявы, гэта ж якімі трэба быць вылюдкамі!

Не шкадавалі карнікі ні старых, ні малых. Але некалькі чалавек моладзі, у тым ліку і Таццяну Аляксандраўну, пакінулі ў жывых і пагналі на Зябкі, а потым эшалонам даставілі ў лагер ля Гродна, каб накіраваць на будаўніцтва абарончых ліній і для адпраўкі ў Германію. Былі сярод юнакоў і дзяўчат і жыхары Царкавішча – у палон разам з Таццянай трапіў яе дваюрадны брат Пётр Шпіронак.

– У лагеры мы нядоўга прабылі, – узрушана працягвае жанчына. – Пасля таго, што бачыла, я нават уявіць сабе не магла, што буду немцам прыслужваць – лепей смерць. Павер, я яе не баялася. Кажу брату: “Пеця, як выбірацца будзем!” На тэрыторыі лагера, абнесенай калючым дротам, сачыла, каб канваір не ўбачыў нашы прыгатаванні да ўцёкаў, а брат, здзіраючы пазногці, выграбаў зямлю, капаў ямку пад агароджай. Тады голымі рукамі падымаў дрот. Я ўсе плечы абадрала, але падлезла пад яго, а Пеця ўслед за мной. Брат і цяпер жывы, на Браслаўшчыну трапіў, і мяне Бог пакуль не прыбірае, можа з­за таго, што тады не загінула, як занава нарадзілася.

Некалькі дзён яны хадзілі па людзях, хаваліся, а калі прабіраліся дадому, сустрэлі нашых салдат, якія дапамаглі ім дабрацца да родных мясцін, дзе і пасля некалькіх тыдняў усё нагадвала аб трагедыі.

– Замест жылля і пабудоў папялішчы, – прагадвае сваё вяртанне Т.А.Стрыжонак. – Большасць загінуўшых была пахавана, але многа трупаў ляжала па наваколлі – іх проста некаму было прыбраць. Не пазнаць было, каго хавалі. Нябожчык дзень паляжыць і ўжо чарнее, а тут некалькі тыдняў! І я людзей памагала хаваць, прычым некаторых там, дзе знаходзілі, бо не было магчымасці ўсіх звезці ў брацкую магілу. Труны ніхто не рабіў, дзе ў рыззё якое заварочвалі, а дзе і так прысыпалі. Ля самай дарогі на Глінішча я пахавала Падгол Марыю і яе сыноў Васіля і Толіка, малыя былі. З агню яна ўцякла з двума, а яшчэ чацвёра дзетак згарэлі – і дзяўчаты, і хлопчыкі. Я даглядала гэту магілку, пакуль магла. Тут увесь лес навакольны на людскіх касцях.

Ва ўцалелай палове Глінішча знаходзілі прыстанішча нямногія тыя, хто засталіся жывымі і вярталіся дадому. Ужо ў 1944 годзе арганізавалі калгас, бо трэба было неяк выжываць, убіраць жыта. Старшынёй быў Сцяпан Ануфрыевіч Дрозд, “вельмі добры і адказны чалавек”, які дзесьці адшукаў ручную малацілку. Усю астатнюю працу выконвалі жанчыны: вазілі збожжа саматугам – дзве ўпрагаюцца ў калёсы, а некалькі ззаду падпіхваюць, сеялі азімыя пад лапату, хадзілі за насеннем у Зябкі, Лутава і нават у Полацк.

– Я сама тры пуды вагі мела, а трэба было за 60 кіламетраў ісці і пуд зерня на сабе несці – упершыню за час размовы ўсміхаецца Таццяна Аляксандраўна. – Галодныя, босыя – ногі апухалі. Але жывыя – і жыць далей трэба было. Бацька вярнуўся дадому пасля вайны і пабудаваў хату ў Бабовішчы праз два гады – у ёй разам з дзедам зараз і жывём. За хлопца з Глінішча выйшла замуж – гэта я па мужу Стрыжонак, а дзявоцкае маё прозвішча Бугай. Многа Бугаёў у брацкай магіле, раней у суседніх вёсках многія адзін аднаму былі раднёй.

Не паленаваўся і падлічыў: згодна звестак з кнігі “Памяць. Ушацкі раён”, у брацкай магіле ў Бабовішчы 33 чалавекі з вядомых 257 маюць такое прозвішча. А яшчэ 74 – Дрозд, 40 – Падгол, 17 – Верташонак… Пакідаючы ціхае Бабовішча, якое пачало прыцярушваць першым снегам, праязджаючы соннае і маўклівае Глінішча, падумаў аб тым, якімі б яны былі, каб не тая трагедыя? Каб не загінулі Стрыжонкі, Шчасныя, Клачкі, Азевічы, Дарашкевічы, Паршонкі, Салаўі, Зенюкі, іншыя ахвяры? Магчыма і не паўставалі б сёння такімі невялікімі і малалюднымі, каб людзі засталіся жывыя, працавалі, стваралі сем’і, гадавалі дзяцей. Згодны з Т.А.Стрыжонак – цяжка ўспамінаць такія гісторыі, але і забываць іх нельга ні ў якім разе.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



4 комментария по теме “Невозможно и нельзя забыть. В деревне Бобовище Великодолецкого сельсовета находится одно из крупнейших захоронений жертв войны

  1. Паважаная рэдакцыя!
    Прыемна, што ва Ушацкім раёне шануюць памяць не толькі пра воінаў-вызваліцеляў, але і пра тых, хто нявінна загінуў у пекле пажараў.
    У Бабовішчах загінула двухгадовая Валечка, родная сястра маёй маці, Кузьміч (Карабань) Вольгі, якую мая матуля ніколі не ўбачыла. Гэты боль заўсёды будзе з нашай сям’ёй.
    Вялікі дзякуй вам за памяць.

  2. Уважаемая редакция,низкий поклон за статью.
    «Напярэдадні гарэла Тухаціна, людзей з якога разам з жыхарамі Глінішча прыгналі ў Бабовішча.»
    А мне бабушка рассказывала что Тухотино сожгли с людьми. Она родом из Тухотино (фамилия у нее Азевич).Загнали в ее хату и сожгли. Получается что часть сожгли на месте,а часть угнали в Бобовище и там сожгли? В Тухотино есть памятник где написано что деревню сожгли вместе с жителями. Немного непонятно получается.
    Ралля,Асавина,Тухотино,Бобовище,Боровое — все эти деревни была на расстоянии примерно 5 км.
    Все равно редакции и Дмитрию Романовскому еще раз низкий поклон за память. До земли.

  3. Официальная электронная база белорусских деревень, уничтоженных и пострадавших в ходе 2-ой мировой войны http://db.narb.by

  4. Семья моего прадедушки Григория Бугая и дедушки Романа Бугая была сожжена там, пока они воевали. Я думала от деревни ничего не осталось, а тут увидела эту статью.!!Обязательно поеду, хотя бы к общей могиле, чтобы почтить память моих родных, которые приняли такую мученическую смерть от фашистов.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *