Шахматисты Ушач, Браслава, Докшиц и Шумилино поборолись за звание лучшего

Cпорт

Гэты від спорту не залежыць ад спрыяльных кліматычных умоў – займацца ім можна ў любым узросце і круглы год. Вось і прыехалі ў нядзелю сапраўдныя аматары шахматных баталій з Браслава, Докшыц і Шуміліна ва Ушачы да сваіх сяброў-­сапернікаў на адзін з чарговых шахматных турніраў.

У нашым райцэнтры яны ў апошні час праводзяцца на базе Ушацкай школы. Вось і на гэты раз удзельнікі спаборніцтваў сабраліся ва ўтульным і цёплым памяшканні ціра, дзе на дзесяці дошках разыгрывалася першынство ў камандным і індывідуальным заліках. Даўно не прыязджалі да нас шахматысты з Браслава, але на гэты раз прывезлі моцную каманду – дастаткова сказаць, што з трох кандыдатаў у майстры спорту, якія значыліся сярод дваццаці ўдзельнікаў, два прадстаўлялі менавіта гэты рэгіён. Браслаўскія шахматысты ў выніку і занялі першае каманднае месца, набраўшы 21 бал і апярэдзіўшы каманду з Докшыц. Трэцяе месца  засталося за ўшацкімі аматарамі “гімнастыкі для мазгоў” – так называў шахматы вядомы французскі вучоны Б.Паскаль. У дзясятку мацнейшых трапілі Аляксандр Крацёнак і Уладзімір Леднік, якія апынуліся адпаведна на шостым і восьмым радках выніковага пратакола, менш удала выступілі Уладзімір Верлаў і Уладзімір Барысёнак. А найбольшы ўклад у агульнакамандную суму балаў унёс Фёдар Ланцунцэвіч, які апярэдзіў многіх вопытных шахматыстаў і ў індывідуальным заліку ўступіў толькі Антону Дрокіну, трэцяму кандыдату ў майстры спорту з Докшыц.

– Фёдар па­сапраўднаму захапіўся шахматамі не так і даўно, – пракаменціраваў поспех свайго аднакласніка па Плінскай школе і калегі па камандзе Уладзімір Барысёнак. – Хаця юнаком, памятаю, разам з ім на спаборніцтвы ездзілі. Зараз зноў ажыў інтарэс да гульні, у інтэрнэце шукае цікавыя розыгрышы – вось і вынік.

Старшыня фізкультурна­спартыўнага клуба “Ураджай” Дзмітрый Пятровіч Дрозд уручыў пераможцам і прызёрам  дыпломы і прызы, якімі стаў посуд з малюнкамі знакамітых месцаў Ушаччыны. Сюды, дарэчы, шахматысты з іншых раёнаў Віцебшчыны заўсёды прыязджаюць з задавальненнем, а нашы аматары шахмат – заўсёды жаданыя госці на міжраённых турнірах, якія праводзяцца ў іншых райцэнтрах.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *