В духовности нации — будущее страны. В Ушачах прошли региональные «Рождественские чтения»

Общество

У пятніцу ў гарпасёлку пад старшынствам архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, састаршынствам старшыні Ушацкага райвыканкама Віктара Віктаравіча Родзіча і пры падтрымцы Віцебскага аблвыканкама прайшло маштабнае мерапрыемства – рэгіянальныя “Рождественские чтения”, у якіх прынялі ўдзел дэлегацыі дзесяці раёнаў і горада Наваполацка. Чытанні аб’ядналі прадстаўнікоў літаральна ўсіх благачынняў, якія ўваходзяць у Полацкую епархію, і адкрылі чытанні на Віцебшчыне. Упершыню за час правядзення Полацкай епархіяй чытанняў яны праводзіліся на раёне.

З гісторыі

Як мы і паведамлялі раней, гэта ХХІV “Православные рождественские чтения”, якія праходзяць па ўсіх епархіях Рускай Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі якіх прымуць удзел у выніковых, што адбудуцца ў Маскве пасля Ражства. У інтэрнэце ўжо выкладзена інфармацыя аб тым, што рэгіянальныя чытанні прайшлі ў Омскай, Ульянаўскай, Казанскай і многіх іншых епархіях Рускай Праваслаўнай Царквы. Упершыню ж яны адбыліся ў Маскве ў 1993 годзе – выраслі з канферэнцыі праваслаўных педагогаў сталіцы Расіі. Іх асноўная задача (была і застаецца) – развіццё праваслаўнай адукацыі, духоўна­маральнае асветніцтва грамадства, пашырэнне супрацоўніцтва паміж Царквой і дзяржавай.

Пачынаючы з 1994 года, калі на чытаннях прысутнічала ўжо тысяча чалавек, пастаянным іх удзельнікам стаў міністр адукацыі Расійскай Федэрацыі, а дзяржаўныя адукацыйныя структуры сталі заснавальнікамі чытанняў.

Да 2004 года “Рождественские чтения” не мелі пэўных назваў. Традыцыя з’явілася з 2005 года – ХІІІ чытанні называліся “Школа, сям’я, Царква – супрацоўніцтва ў імя жыцця”. Сёлетнія – “Традыцыі і навацыі: культура, грамадства, асоба”. З тых часоў кожны год пашыраецца аўдыторыя чытанняў, прымае ўдзел больш пяці тысяч чалавек, выступае больш 300 дакладчыкаў.

Праходзяць яны ў кожнай епархіі па­свойму, аднак абмяркоўваецца адна тэма, прымаюцца рэзалюцыі, якія пазней лягуць у аснову агульнай выніковай.

Пяць рабочых пляцовак

“Нам дадзены цудоўны свет. У ім дзіўна ўсё. Паглядзіце, як арганізаваны дзень мураша або пчалы. Яны паказваюць прыклад працавітасці, клопату аб патомстве, дысцыпліне. Так задумана міратворцам. А што адрознівае чалавека ад іншай жывой істоты”? – задаў удзельнікам секцыі “Царква і культура” пытанне архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. І сам даў адказ: КУЛЬТУРА, што з латыні перакладаецца як “возделываю, развиваю, творю”. На працягу аднаго стагоддзя чалавек ад сахі дайшоў да касмічных палётаў, ступіў на Луну – і гэта загадкава нават для мяне, маючага фізічную адукацыю”.

Так, на прыкладах, пераважна ўласных, архіепіскап распачаў работу секцыі, адкрыў якую прывітальным словам старшыня Ушацкага райвыканкама В.В.Родзіч. Усяго ж паралельна раніцай пачало працаваць пяць тэматычных пляцовак. На названай прысутнічалі работнікі культуры з дзесяці раёнаў і горада Наваполацка, у другой зале райвыканкама на секцыі “Царква, сям’я і ганебныя залежнасці” сабраліся старшыні сельвыканкамаў, сакратары камісій па справах непаўналетніх, сацыяльныя педагогі – тыя, хто працуе з нядобранадзейнымі сем’ямі. У актавай зале Ушацкай школы педагогі абмяркоўвалі злабадзённыя пытанні выхавання падрастаючага пакалення на секцыі “Царква і адукацыя”.

На базе Ушацкай бальніцы працавала пляцоўка пад назвай “Царква і сацыяльна­медыцынская работа”, якая аб’яднала медыкаў, сацыяльных работнікаў і прадстаўнікоў “Чырвонага Крыжа”. У сценах музея народнай славы імя У.Е.Лабанка на працягу дня працаваў кіналекторый, а ў секцыі “Царква і моладзь” была прадстаўлена выстава карцін намесніка дырэктара па асветніцкай рабоце каардынацыйнага цэнтра аховы жыцця і сямейных каштоўнасцей “Зараджэнне” Полацкай епархіі Паўла Сафронава. Дарэчы, гэты прадстаўнік епархіі выступаў адразу на дзвюх пляцоўках.

Удзельнікам якой секцыі пашчасціла болей? Дакладней было б сказаць, шкада, што нельга было стаць удзельнікам усіх, паколькі літаральна на кожнай з секцый вёўся жывы цікавы дыялог.

Прыміце нашы каштоўнасці

– Дваццаць гадоў пражылі ў Германіі і будзем вяртацца дамоў, – сказалі нядаўна адны з маіх прыхаджан. – У школах збіраюцца ўводзіць практычныя заняткі да тэорыі палавога выхавання. Гэты прадмет уведзены ў некаторых краінах Еўропы яшчэ ў 1970 годзе. На прыкладах, такіх вось – аб заходніх каштоўнасцях і тых, што побач – станоўчых і адмоўных – і будавалі свае выступленні як архіепіскап Феадосій, так і іншыя ўдзель­нікі чытанняў.

Узаконеныя аднаполыя шлюбы – гэта злачынства ў адносінах да нацыі. Эфтаназія накіравана на спыненне жыцця не толькі нямоглых хворых старыкоў, аднак і народжаных з нейкімі адхіленнямі немаўлят, на атрымаўшых інваліднасць людзей сярэдняга ўзросту. У Даніі ў заапарках перад дзецьмі забіваюць і расчляняюць жывёлу. Мода на наколкі, адзенне, якое агаляе, падкрэслівае розныя часткі цела, брыдкаслоўе – гэта ўсё ад культа сатанізму, – падвёў вынікі прыведзеных прыкладаў Уладыка. У некаторых краінах становіцца модным уводзіць у бялкі чорную туш, а таксама распрацоўваюць метады нажыўлення рагоў і хвастоў. Калі Бог стварыў чалавека на сваім падабенстве – прыгожым, то зараз насаджваецца культ сатанізму – культ, калі сапраўдная прыгажосць паступова пераходзіць да поўнага падабенства чалавека да д’ябла знешне, а яшчэ раней і духоўна.

На пленарным пасяджэнні ў раённым Доме культуры, дзе ў другой палове дня сабраліся ўсе ўдзельнікі секцый, таксама было шмат цікавых выступленняў: кіраўнік аддзела сувязяў царквы і грамадства Іна Шаховіч зрабіла акцэнт на легалізацыі негатыўных з’яў. Яна прапанавала паглядзець ролік, у якім на прыкладзе замежных, распаўсюджаных у нас мультфільмаў было паказана, як дзецям з ранняга ўзросту прывіваецца культ насілля, негатыўнага стаўлення як да мацярынства, так і да жанчыны, а ідэал падмяняецца на неіснуючы.

Традыцыі і патэнцыял

“У нас ёсць патэнцыял”. Гэтую фразу з прывітальнага выступлення старшыні райвыканкама В.В.Родзіча архіепіскап паўторыць неаднойчы. Так, у нас ёсць патэнцыял, вялікі патэнцыял духоўнага адраджэння нацыі, выхавання на тых цудоўных беларускіх, хрысціянскіх традыцыях, якія закладзены на генетычным узроўні. Гэта тыя культурныя традыцыі, якія зараджаліся менавіта хрысціянствам і былі непадзельны з ім. Традыцыі прападобнай Еўфрасінні ў асветніцтве, унікальным полацкім дойлідстве, перапісе кніг – па сутнасці стварэнні друкарні, дапамогі тым, каму яна патрэбна, паломніцтве…

За Ніжнім Тагілам ёсць сяло Серабранка, куды дабрацца можна толькі на ўсюдыходах. Там ёсць школа, у якой выкладае сем настаўнікаў, магазін, а ўвогуле сяло жыве сваім жыццём. Нядаўна туды завіталі госці з “вялікага свету”, частавалі людзей прывезеным свежым хлебам. Пажылы мужчына адмовіўся ад пачастунка, пакуль не ўзялі плату. “Я не хачу прадстаць перад Богам даўжніком”, – сказаў ён. “Гэта наша старадаўняя традыцыя – браць толькі заробленае, не быць даўжніком, – рэзюмаваў свой прыклад Феадосій. – Я памятаю, як мая мама звярталася да сваёй толькі на Вы. Памятаю, як са мной, незнаёмым хлапчуком, прыехаўшым да бабулі на сяло, віталіся ўсе вясковыя жыхары. А як жа – ты наш госць. Памятаю, як усе схілялі галаву перад настаўнікам”.

“Нам дадзена жыццё, дадзены цудоўны навакольны свет, а мы не цэнім гэтага”, – такім было заключэнне выступлення на секцыі культуры актрысы і рэжысёра В.Нагорнай.

“Усё даецца звыш, трэба толькі пачуць, трэба, каб душа працавала і дзень і ноч”, – расказваў пра ўплыў на сваю творчасць прыход да веры бард Анатоль Длусскі (на здымку). Пранікнёнымі песнямі пад гітару ён закрануў жывыя струны душы кожнага прысутнага ў зале, а праз пачуцці скіраваў на вечныя тэмы шанавання бацькоў, радзімы, сяброўства народаў. У кожнага з нас сапраўды вялікі патэнцыял…

Праз сэрца да спраў

– Я абавязкова паклічу да нас у школу бацюшку, каб пагутарыў з дзецьмі і бацькамі. Так хочацца, каб менш было негатыўных звычак і больш увагі ўдзялялі дзецям, сям’і, – казала ў канцы мерапрыемства дырэктар Кубліцкай школы М.В.Ярмош.

– Запаў у душу ролік пра мультфільмы, трэба даводзіць падобныя да дзяцей, – выказвалася намеснік дырэктара Ушацкай школы па выхаваўчай рабоце С.Д.Галай.

– Больш за ўсё спадабалася выступленне Паўла Сафронава з цэнтра “Зараджэнне” і псіхолага Наваполацкай паліклінікі №4, – казала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шаркаўшчынскага райвыканкама В.Б.Жук. – А таксама кінастужка пра Вольгу Кармухіну.

– Спадабалася ўсё, і проста з заміраннем сэрца слухала выступленне квартэту “Натхненне”, – казала прыхаджанка храма Параскевы Пятніцы ў Арэхаўне.

Я спыняла ў пятнічны вечар вельмі многа знаёмых і незнаёмых людзей і задавала адно і тое ж пытанне. І адказ кіраўнікі арганізацый, медыкі, прыхаджане пачыналі з адной фразы: “Спадабалася ўсё”.

Так, гэта быў той выпадак, калі сур’ёзная асветніцкая тэма дайшла да сэрцаў. Калі слова, як тое зярнятка, трапіла ў спрыяльную глебу і абавязкова дасць парасткі. Кожны выступаючы падаваў тэмы даходліва, на прыкладах, з цікавымі жыццёвымі гісторыямі. Дарэчы, пашчасціла быць удзельніцай адных з папярэдніх “Рождественских чтений” у Полацкай епархіі і магу засведчыць, што так падбіраюцца выступленні заўсёды. А вось што было новым і ўдалым – нетрадыцыйная форма чытанняў, выступленні на якіх перамяжоўваліся з паказам кінастужак, ролікаў, песнямі, выставамі. І нават самыя вялікія скептыкі, якія не чакалі ад мерапрыемства нічога адмысловага, былі прыемна ўражаны.

Калі не хапае сіл, дапаможа малітва

Чаго па­сапраўднаму шкада, што не змаглі прыняць удзел у мерапрыемстве ўсе ўшачане, хто гэтага жадаў. З­за вялікай колькасці гасцей мерапрыемства было закрытым. Акрамя лектараў, старшынь райвыканкамаў і дэлегацый раёнаў, якія ўваходзяць у епархію, на заключную частку запрашаліся кіраўнікі ўсіх арганізацый раёна. І гэта было невыпадкова. Хоць чытанні былі б вельмі карыснымі літаральна для кожнага жыхара раёна, веруючага і не, менавіта да старшынь райвыканкамаў, кіраўнікоў розных узроўняў звяртаўся архіепіскап Феадосій, дзякуючы ім, як і ўсяму кіраўніцтву краіны, за тую ношу, што нясуць на сабе, за стабільнасць і мір, за супрацоўніцтва з Царквой і выкананне агульных, духоўна­асветніцкіх функцый. І першая частка пленарнага мерапрыемства пачалася з узнагароджвання. Архіепіскап Феадосій падзякаваў за супрацоўніцтва Віцебскаму абласному выканаўчаму камітэту і асабіста прысутным на мерапрыемстве намесніку старшыні аблвыканкама па сацыяльных пытаннях Уладзіміру Уладзіміравічу Цярэнцьеву і начальніку аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Міхаілу Раманавічу Даніленку, уручыўшы ім памятныя падарункі. Высокія царкоўныя ўзнагароды – юбілейныя медалі Рускай Праваслаўнай Царквы, зацверджаныя Патрыярхам Маскоўскім і Усея Русі Кірылам “У памяць 1000­годдзя прадстаўлення роўна­апостальнага вялікага князя Уладзіміра” былі ўручаны старшыні Ушацкага райвыканкама Віктару Родзічу, благачыннаму Ушацкага раёна протаіерэю Вячаславу Лобецу, а таксама старшыням Шаркаўшчынскага, Пастаўскага, Расонскага, Верхнядзвінскага райвыканкамаў. Уладыка Феадосій пажадаў усім многа сіл, а таксама зазначыў, што ў моманты, калі іх не стае, трэба памя­таць аб унікальнай сіле малітвы. І прывёў прыклад нашага земляка віце­адмірала Ягора Андрэевіча Тамко з Міёрскага раёна. Калі атамная падлодка ў Паўночным Ледавітым акіяне спыніла ход, а абследаванні судна не далі ніякіх шансаў на выратаванне… ён моўчкі маліўся. І яны ўсё ж прайшлі Паўночны Ледавіты, дайшлі да берагоў Амерыкі і вярнуліся ў Савецкі Саюз, праўда, з­за шматлікіх пашкоджанняў – па вадзе, а не пад ёй. Прыкладаў цудадзейнай сілы малітвы архіепіскап мог бы прывесці многа.

Для далейшага супрацоўніцтва

“Калі я думаў, у якім раёне правесці чытанні, чамусьці адразу прыгадаў Ушачы. І не памыліўся. Чытанні прайшлі на вельмі высокім ўзроўні”, – скажа на заканчэнні мерапрыемства архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі, падзякаваўшы за яго арганізацыю кіраўніку раёна і старшыні раённага Савета дэпутатаў Вользе Мікалаеўне Захарэнка, якая ўзначальвала раённы аргкамітэт па падрыхтоўцы мерапрыемства.

Так скажуць літаральна ўсе ўдзельнікі, адзначыўшы як бездакорную арганізацыю, так і цеплыню, душэўнасць самога свята. Трэба зазначыць, што ў яго праграме была і візітоўка Ушаччыны “Тры крыніцы”, і выступленне пераможцаў міжнароднага конкурсу духоўнай песні квартэта “Натхненне”, і знаёмства з аб’ектамі нашага раёна. Вельмі многія ўдзельнікі чытанняў былі ў нас упершыню і атрымалі аб Ушаччыне прыемнае ўражанне. Ну а плёнам чытанняў стала прынятая рэзалюцыя. У ёй адзначана, што ўдзельнікі чытанняў аднадушна пацвярджаюць гістарычную ролю Праваслаўнай царквы ва ўмацаванні адзінства і стабільнасці грамадства; прызнаюць плённасць супрацоўніцтва Полацкай епархіі з дзяржаўнымі органамі ўлады, установамі культуры і адукацыі, медыцыны і сацыяльнай сферы ў пытаннях духоўнага выхавання і праваслаўнага асветніцтва.

Было прапанавана працягваць практыку правядзення ў Полацкай епархіі рэгіянальных “Рождественских чтений”, распрацаваць сумесныя праграмы паміж епархіяй і гар­ і райвыканкамамі на падставе Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Замест эпілога

Гэтым жа вечарам натрапіла ў інтэрнэце на зусім свежую інфармацыю аб правядзенні ў гэту ж пятніцу ў магазінах ЗША рэкламных акцый быццам бы з вялікімі скідкамі. Жаданне купіць сыну гульнявую прыстаўку каштавала аднаму з бацькоў двух зламаных рэбраў, наведвальнікі біліся, давілі адзін аднаго ў жаданні першымі дабрацца да тавару са скідкай.

Чаму прывяла гэты прыклад? Таму што ўпэўнена, што ніхто з шасціста ўдзельнікаў рэгіянальных чытанняў ва Ушачах не трапіў бы ў палон сумніўнай акцыі. Праведзенае мерапрыемства і было яскравым прыкладам той рэальнай сумеснай работы Царквы і грамадства па духоўным узбагачэнні як асобнага чалавека, так і нацыі ў цэлым. І што асабліва важна – будзе запатрабавана ў практычнай рабоце ўдзельнікаў форуму. А ад фарміравання асобы, духоўнага стрыжня, асабліва ў моладзі, залежыць ні многа ні мала – будучыня Беларусі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



7 комментариев по теме “В духовности нации — будущее страны. В Ушачах прошли региональные «Рождественские чтения»

  1. Загрузите в гугл запрос «давка на открытии гипермаркета» — будете удивлены тому, как высокодуховные жители Бобруйска (преимущественно православные, если верить статистике) давили друг друга… нет не ради 50% скидок, просто чтобы первым вломиться в дверь и получить копеечный сувенир.

  2. Ваш пример только подтверждает написанное — духовную культуру народа надо повышать. Именно на подобных примерах и было основано моё утверждение, что никто их участников Рождественских чтений Полоцкой епархии, которые проходили в Ушачах, не стал бы участником таких акций. Сильное получилось мероприятие. О.Короленко.

  3. Нажаль, статыстыка МВД цалкам супярэчыць Вашай канцэпцыі: злачыннасьць ва ўсходніх раёнах РБ, дзе пануе праваслаў’е, значна перавышае яе узровень на захадзе краіны, дзе істотны аўтарытэт мае каталіцызм. Не кажу ужо аб тыпова «пратэстанцкіх» рэгіёнах, накшталт Століншчыны ды Лунінеччыны. Вёска Альшаны мае ля 8 тыс. насельнікаў, дзьве сярэднія школы, колькасць (сярэдняя) дзяцей у сям’і — ля 5. Ніхто не п’е, усе працуюць. Цяжка але вынікова.

  4. Уважаемый Михаил, попрошу Вас ознакомится со статистикой, прежде чем делать безапелляционные заявления. Вот ссылка. http://mvd.gov.by/ru/main.aspx?guid=256493
    А лично мое мнение, что каждый человек в первую очередь должен самосовершенствоваться, искать себя лучшего, а не перекладывать ответственность на кого-то или что-то. Как говорит Светлана Алексиевич, наша писательница, получившая Нобелевскую премию:»Быть человеком трудно, это тяжелая работа. Но всегда нужно».

  5. Па сёлетняй статыстыцы на Брэстчыне злачынстваў болей чым на Віцебшчыне, аднак не ў гэтым справа, няма сэнсу супрацьстаўляць канфесіі, мы гаворым пра нізкую духоўную культуру людзей, і тут задачы царквы і грамадства адназначна супадаюць.

  6. Сёлетняй статыстыкi яшчэ няма — белстат падаб’е бабкі толькі на пачатку наступнаго года (красавік-травень). Аднак па спасылцы http://belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/otrasli-statistiki/naselenie/pravonarusheniya/publikatsii_10/index_629/ кожны жадаючы знойдзе грунтоўны дакумент па выніках 2014 года, дзе хапае лічбаў і фактаў за апошнія 5-7 год. Па той статыстыцы кожны вольны рабіць свае высновы і вырашаць, хто з нас мае рацыю.
    Я не супраць таго, каб уздымаць узровень духоўнасьці, я усяго толькі зьвяртаю Вашу увагу, што ў той няпростай дзейнасьці няма сэнсу рабіць стаўку на відавочнага лузера. Дастаткова з’ездзіць максімум да Апочкі, каб зразумець, што у сэнсе духоўнасьці на Маскоўшчыне няма чаго шукаць

  7. И в Опочке, и в Москве, как и у нас, живут хорошие люди, которые поделятся последним, которые живут в наш то меркантильный век далеко не материальными ценностями. Я бы не сравнивала народы, как и конфессии, у каждого хватает и положительных, и отрицательных примеров , и каждый, как вы правильно заметили, найдёт на что сослаться, чтобы подтвердить свою точку зрения.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *