Получить обморожение и переохлаждение можно и при нулевой температуре

Здравоохранение

Стаць інвалідам, не даацаніўшы сілу маразоў, пагадзіцеся, недарэчна.  Аднак факт застаецца фактам. Трэцяя частка пацыентаў, трапіўшых у студзені ў апёкавы цэнтр абласной клінічнай бальніцы, пазбавілася пальцаў або канечнасцяў. Прычым, як сведчыць статыстыка, самая распаўсюджаная прычына пераахалоджвання і як вынік – смярцей, а таксама абмарожанняў – знаходжанне на вуліцы ў нецвярозым стане. Тады чалавеку цёпла, ён не адчувае рэальнай небяспекі, можа прысесці ці прылегчы адпачыць на гурбу – і засыпае, адчуваючы цяпло і спакой, вечным сном.

Нельга пакуль назваць дакладнай прычыны смерці нестарога яшчэ жыхара вёскі Царкавішча, цела якога знайшлі раніцай на вуліцы, аднак віной мог аказацца менавіта зялёны змій. Па гэтай жа прычыне атрымала пераахалоджванне арганізма яшчэ адна жыхарка гарпасёлка, якую, дарэчы, медыкі неаднойчы вырывалі з лап смерці.

На жаль, не абышлося без ампутацыі канечнасці жанчыне, якая на вуліцы атрымала інсульт, а паколькі не адразу была заўважана суседзямі, то потым і абмарожанне. У такіх выпадках раім вам часцей цікавіцца станам здароўя сваіх родных, асабліва пажылых. Яшчэ лепш забіраць іх на зімовы час да сябе, каб былі пад наглядам.

А вось на два наступныя прыклады абмарожання параіла б звярнуць асаблівую ўвагу. Наступілі яны ў мужчын, якія былі цвярозымі, аднак проста не ацанілі сітуацыю “за акном”, калі планавалі свае справы. Пяцідзесяцігадовы мужчына пайшоў у лес нарыхтоўваць дровы, а паколькі абуў лёгкі абутак, атрымаў абмарожанне канечнасцяў, якія хоць і не ампутавалі, аднак прыступіць на іх пэўны час усё ж не зможа – з адміраннем тканак, язвамі змагаюцца медыкі. Трыццацігадовы ўшачанін нават не заўважыў, калі атрымаў абмарожанне, толькі дома зразумеў, што не адчувае частак цела. З сур’ёзнымі пашкоджаннямі ён накіраваны ў абласную бальніцу.

Зіма ў самым разгары. І хоць зараз надышла адліга, будуць яшчэ і моцныя маразы, і завірухі. Аднак, пераахалоджванне і нават абмарожанне можна атрымаць і пры нулявой і нават плюсавай тэмпературы, а іх верагоднасць толькі павялічваецца пры вільготным і ветраным надвор’і.

Большасць абмарожанняў наступае пры тэмпературы мінус 10­20 градусаў. Яны бываюць І­ІV ступеняў, апошняя характарызуецца поўным паражэннем усіх тканак і нават суставаў і касцей.

Агульнае ахалоджванне – паніжэнне тэмпературы цела ніжэй 34 градусаў. Бывае трох ступеняў, трэцяя – калі тэмпература цела апускаецца ніжэй 31 градуса.

Як абмарожанню, так і агульнаму пераахалоджванню спрыяюць наступныя фактары: доўгае знаходжанне на вуліцы пры нізкіх тэмпературах,  асабліва ў нязручным або нерухомым стане. Вецер і павышаная вільготнасць, фізічныя перанагрузкі, перанесеныя захворванні і траўмы. Не варта выходзіць на мароз у вузкім і сырым абутку і адзенні.

Першай дапамогай у любых выпадках з’яўляецца ўхіленне крыніц холаду – чалавека трэба даставіць у цёплае памяшканне, распрануць, пазбавіць прамоклага адзення, абутку і адразу выклікаць урача. Трэба памятаць, што расціраць участкі цела можна толькі пры першай ступені абмарожання. Нельга расціраць пашкоджаныя ўчасткі цела снегам, а таксама рэзка разаграваць ля вогнішча, грэлкай ці іншымі рэчамі. Пры лёгкай ступені пераахалоджвання карыснай будзе ванна з пачатковай тэмпературай вады 24 градусы і далейшым дабаўленнем цяпла.

Лепш, канечне, каб гэтага не спатрэбілася, таму апранайцеся па сезоне, не знаходзьцеся доўга на халодным паветры, сачыце за дзецьмі, а таксама пажылымі роднымі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *