Азарт большой, а лёд непрочный. Многие рыбаки продолжают выходить на водоёмы, несмотря на погодные условия и таяние льда

Общество

Самы люты месяц зімы ніяк не лютуе і з пачатку месяца ўпэўнена трымае плюс на тэрмометрах. І калі хтосьці радуецца цёплай зіме, то аматары падлёднай лоўлі рыбы наадварот. Аднак нягледзячы на цёплае надвор’е, рыбакі не пакідаюць вадаёмы, часам рызыкуючы праваліцца пад лёд. У пятніцу мы разам з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пабывалі на азёрах Ушаччыны і ўпэўніліся, што самых заядлых рыбакоў патэнцыяльная небяспека не пужае.

Набліжаючыся да Оталава, здалёк убачылі двух рыбакоў, якія ад берага ўпэўнена крочылі па лёдзе ўглыб возера, яўна выбіраючы сабе месца дыслакацыі. “Ну вось, зараз да іх падыдзем, нагадаем правілы паводзін на вадаёмах і даведаемся, ці варта гэта таго, каб рызыкаваць жыццём!” Але прайшоўшы па ўжо добра вытаптанай сцежцы да чароту, стала зразумела, што нам зайсці на лёд наўрад ці атрымаецца: з берага больш чым на метр стаяла вада, а патрэбнай экіпіроўкі ў нас не было.

Аб тым, што ёсць рыбакі на возеры Астравіта ля вёскі Краснае, падказвалі каля пяці прыпаркаваных машын. Тут таксама ля берагоў стаяла вада і нават маючы гумавыя боты, трэба яшчэ ўмудрыцца зайсці на возера!

А вось у Павуллі на вуліцы ўдалося сустрэць аднаго з жыхароў, які вяртаўся з рыбалкі. За плячыма ледабур, у руцэ вядро з уловам, у якім усяго некалькі невялікіх рыбін.

– Не баіцеся праваліцца пад лёд падчас рыбалкі?

– Лёд яшчэ трывалы, там, дзе ён выклікае сумненні, я не рыбачу, ды і правілы паводзін на лёдзе добра ведаю!

Яшчэ некалькіх рыбакоў не спыніў яўна ненадзейны лёд і на возеры Дземенец. А вось на Вечаллі, якое любяць многія рыбакі, аматараў падлёднай лоўлі, як ні дзіўна, на момант нашага рэйду не аказалася.

Нагадаем, што згодна распараджэння Віцебскага аблвыканкама ад 16 лістапада 2015 года №337р “Аб забароне выхаду на лёд”, нельга выходзіць на вадаёмы, калі таўшчыня лёду складае менш 7 сантыметраў. Сапраўды, на многіх вадаёмах яго таўшчыня яшчэ большая, але шмат месцаў, дзе лёд рыхлы, утвараюцца вымоіны. Нетрывалы ён каля вусцяў рэк і прытокаў, паблізу ключоў і сцёкавых вод, а таксама каля кустоў і чароту. Дарэчы, пры тэмпературы 0 градусаў на працягу некалькіх дзён трываласць лёду зніжаецца на 25 працэнтаў. Ды і звесткі з суседніх раёнаў насцярожваюць.

Не для ўсіх падлёдная лоўля рыбы закончылася ўдала. У канцы мінулага тыдня ў Полацкім раёне на адным з вадаёмаў праваліўся пад лёд і загінуў пенсіянер, жыхар Наваполацка. На прайшоўшых выхадных крыху больш пашанцавала рыбаку ў Гродзенскай вобласці – дзякуючы відавочцу здарэння і аператыўным дзеянням супрацоўнікаў МНС яго ўдалося выратаваць.

З выпадзеннем снегу становішча яшчэ больш пагоршылася – пад ім не бачна лунак і вымоін. Таму варта падумаць, ці рызыкаваць жыццём дзеля некалькіх рыбін і азарту?

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *