Тема недели: В Беларуси повышается пенсионный возраст

Общество

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка падпісаў указ нумар 137 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”.

Дакумент накіраваны на ўдасканаленне пенсійнага забеспячэння ў сацыяльна-дэмаграфічных умовах, што змяняюцца. Указам прадугледжваецца з 1 студзеня 2017 года паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі – 58 гадоў; аналагічнае павелічэнне (на 3 гады за 6 гадоў) узросту, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў; суразмернае агульнаграмадзянскаму паступовае павышэнне гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе ваеннаслужачых.

У адпаведнасці з указам рэкамендавана кіраўнікам арганізацый (незалежна ад форм уласнасці) больш шырока прымяняць практыку ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі.

Павышэнне пенсійнага ўзросту прадугледжана для ўсіх катэгорый грамадзян у мэтах забеспячэння аднолькавага, роўнага падыходу. Адначасова з павышэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту прадугледжваецца павышэнне пенсійных узростаў для назначэння льготных (датэрміновых) працоўных пенсій па ўзросце і за выслугу гадоў у адпаведнасці з законам ад 17 красавіка 1992 года “Аб пенсійным забеспячэнні”, ад 6 студзеня 2009 года “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый”, ад 15 чэрвеня 2006 года “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, ад 14 чэрвеня 2003 года “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”, а таксама для назначэння штомесячнага грашовага забеспячэння па ўказе Прэзідэнта ад 30 лістапада 2006 года нумар 705 “Аб штомесячным грашовым забеспячэнні асобных катэгорый дзяржаўных служачых”. Пенсійныя ўзросты, што даюць права на названыя віды пенсій і штомесячнае грашовае забеспячэнне, павышаюцца штогод з 1 студзеня на 6 месяцаў, але не больш як на 3 гады ўвогуле.

Праграмы, што прадастаўляюцца страхавымі арганізацыямі на фінансавым рынку Беларусі, даюць магчымасць фарміраваць дадатковую да дзяржаўнай пенсіі пенсійную выплату, г.зн. большы пенсійны дастатак. Фарміраванне дадатковай пенсіі магчыма непасрэдна самім грамадзянінам або яго работадаўцам (карпаратыўнае страхаванне).

Таксама ўказам рэгулюецца пытанне павышэння гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе, асобныя пытанні пенсійнага забеспячэння ваеннаслужачых.

У інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў расказаў, каго закрануць навацыі ў першую чаргу.

– Вельмі многія людзі не разумеюць, што азначае на практыцы штогадовы паўгадавы крок…

– Жанчыны, якія нарадзіліся ў перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1962 года, і мужчыны, народжаныя ў перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1957 года, змогуць рэалізаваць сваё права на пенсію з ліпеня па снежань 2017 года – яны пойдуць на пенсію ў 55 гадоў 6 месяцаў і 60 гадоў 6 месяцаў адпаведна. Іх равеснікі, чый дзень нараджэння прыпадае на другое паўгоддзе 1962 і 1957 года, выйдуць на пенсію ўжо ў другой палавіне 2018 года – у 56/61 год.

Жанчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1963 года, і мужчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1958 года, змогуць выйсці на пенсію ў другім паўгоддзі 2019 года – ва ўзросце 56 гадоў і 6 месяцаў і 61 года 6 месяцаў. Тыя жанчыны і мужчыны, хто нарадзіўся ў другім паўгоддзі 1963 і 1958 года, выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі 2020 года – у 57/62 гады.

Жанчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1964 года, і мужчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1959 года, выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі 2021 года – ва ўзросце 57 гадоў 6 месяцаў і 62 года 6 месяцаў. Жанчыны і мужчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1964-га і 1959-га, выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі 2022 года – у 58/63 гады.

Паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту завершыцца, калі ў другой палавіне 2022 года на пенсію выйдуць мужчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1959 года, і жанчыны, якія нарадзіліся ў другой палавіне 1964 года.

Пры гэтым трэба звярнуць увагу, што ўзрост выхаду на пенсію будзе залежаць не толькі ад даты нараджэння, але і ад даты звароту за назначэннем пенсіі. Так, калі жанчына, народжаная ў другім паўгоддзі 1962 года (напрыклад у снежні), звернецца за назначэннем пенсіі не ў перыяд узнікнення права на пенсію (у снежні 2018 года), а пазней, скажам, у лютым 2019 года, то права на пенсію ёй можа быць прадастаўлена не раней, чым яна дасягне пенсійнага ўзросту, устаноўленага для жанчын у 2019 годзе (56 гадоў 6 месяцаў), інакш кажучы не раней за чэрвень 2019 года.

– Цікава, які ўзрост будзе лічыцца перадпенсійным? Цяпер гэта 53 гады – для жанчын, 58 гадоў – для мужчын, а наступныя гады?

– Па меры павышэння пенсійнага ўзросту будзе адпаведна павялічвацца і перадпенсійны ўзрост.

– Якія прадугледжаны гарантыі занятасці для работнікаў перадпенсійнага ўзросту? І ці зрушацца “ўзроставыя” межы гэтых гарантый разам з павышэннем пенсійнага парога?

– Ва ўказе нумар 180 змешчаны так званыя ахоўныя нормы для работнікаў перадпенсійнага ўзросту – кантракты з мужчынамі і жанчынамі гэтага ўзросту павінны заключацца як мінімум да агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту 55/60 гадоў. Паколькі гэтыя нормы ўжо скарэкціраваны, узрост для гарантый па занятасці таксама павялічыцца.

БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *