Подарок маленьким ушачанам. Новая детская игровая площадка появилась в городском сквере Ушач

Наши дети

“Вось гэта горка! Лепшая, чым у Мінску!” – выказаў свае ўражанні трохгадовы Арцёмка і шпарка пабег займаць чаргу, якую паспелі ўтварыць перад атракцыёнам маленькія наведвальнікі гарадскога сквера. У дзень, калі тут з’явілася новая дзіцячая пляцоўка, у парку, здаецца, сабралася ўся ўшацкая дзятва!

Размову ж за ўнука працягнула яго бабуля Ніна Іванаўна Смаргун:

– Гэта проста цудоўны падарунак для малышоў! Яшчэ раніцай у нашым скверы ўсё было як звычайна, а ўвечары, праходзячы міма з прыехаўшым з горада на выхадныя ўнукам, не паверыла сваім вачам: нібыта ў казцы за некалькі гадзін тут вырас дзіцячы гарадок!

– Гэта вельмі чаканы і патрэбны аб’ект! – далучаецца да размовы Ірына Коршун – мама гарэзлівай Анечкі, якая з захапленнем апрабоўвала новыя арэлі. – У мікрараёне на Віцебскай, дзе я жыву, пляцовак шмат, а вось тут, у цэнтры, дзе ўшачане гуляюць сем’ямі, вельмі патрэбны былі сучасныя дзіцячыя атракцыёны. А як зручна тут будзе актыўна адпачываць навучэнцам школы мастацтваў, дзе я выкладаю. Адным словам, вялікі дзякуй за гэтую цудоўную пляцоўку ўсім, хто меў дачыненне да яе будаўніцтва.

Дарэчы, аднаго з гэтых людзей давялося ўбачыць тут жа: дырэктар ушацкага УП ЖКГ Станіслаў Браніслававіч Завадскі, назіраючы за ажыўленнем у парку, не хаваў добрага настрою. Камунальнае прадпрыемства паставіла перад сабой мэту зрабіць для маленькіх ушачан і іх бацькоў свой падарунак да Дня Перамогі і адкрыцця абноўленага “Прарыву” – і ажыццявіла гэта. Каб пляцоўка мела аптымальныя суадносіны па цане і якасці, уважліва выбіралі вытворцаў: спыніліся на сталічнай кампаніі “Кентпласт”, якая вырабіла атракцыёны пад заказ і па прымальным кошце. Спецыялісты фірмы папярэдне прыехалі ва Ушачы, каб зрабіць вымярэнні. У выніку эксклюзіўны гульнявы комплекс “Космас” упісаўся ў вызначаную пляцоўку паміж дрэў, знайшлі свае ўдалыя месцы ў скверы арэлі і каруселі. Устанавілі атракцыёны спецыялісты УП ЖКГ, пры гэтым спонсарскі ўклад у добрую справу ўнёс індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Марозаў, які ўзяў на сябе выдаткі па забеспячэнні работ электраэнергіяй.

Вядома ж, зараз даволі няпростыя ў фінансавым плане часы і, магчыма, нехта палічыць, што ёсць больш надзённыя патрэбы для грашовых укладанняў. Але праблема дэмаграфічных нажніц, якая востра стаіць у нашым невялікім раёне, ніколі не выправіцца, калі мы не будзем імкнуцца ствараць тут прыцягальныя ўмовы для жыцця маладых сем’яў, дзяцей, якія хочуць бавіць свой вольны час не горш гараджан. І шчаслівы смех дзяўчынак і хлопчыкаў, якім зараз поўніцца ўшацкі сквер, дае важкія падставы глядзець у будучае пасёлка з аптымізмам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *