Дело тренера живёт. На Ушачиине пройдёт 20-й турнир по дзюдо, посвящённый памяти С.А.Шедько

Cпорт

Сёлета ў раёне пройдзе 20-ты турнір па барацьбе дзюдо, прысвечаны памяці С.А.Шэдзько. Дата правядзення турніру застаецца нязменнай усе два дзесяцігоддзі: 25 мая – у дзень нараджэння трэнера, якому сёння споўнілася б толькі 55.

Са Станіславам Анатольевічам мы гутарылі часта. Не толькі пра спорт, хоць пачыналася размова нязменна пра дзюдо. Заняткі ў канцы 80-90-х гадах мінулага стагоддзя праходзілі на другім паверсе лазнева-аздараўленчага комплексу. І трэнер шчыра радаваўся як абжытай прасторнай зале, так і новым татамі, ля якіх выстройвалася чарада рознакаляровых пар абутку – прыходзілі ў секцыю як малышы, так і старшакласнікі, сярод якіх Наталля Гайковіч ужо атрымлівала гучныя перамогі.

– Няўдзячная наша трэнерская справа, – вырвалася ў яго аднойчы. – Столькі сіл укладаеш, радуешся вынікам, яны ёсць, здольнасці ёсць, а вось прыярытэты ў дзяцей часта мяняюцца – то вучоба, то каханне, як пераканаць, што неабходна крыху ахвяраваць сабой…

Трэнер меў на ўвазе, канечне, высокія спартыўныя вынікі, дзеля якіх аддаваў дзецям часу намнога больш, чым было адведзена работай секцыі. Ды што там час, Станіслаў Анатольевіч жыў інтарэсамі дзяцей, адносіўся да іх, як да сваёй дачушкі, дзеля якой і пераехаў у 1988-м з Наваполацка ў экалагічна чыстыя Ушачы. Падчас спаборніцтваў у іншых гарадах ён купляў усёй камандзе марожанае, дзяліўся камандзіровачнымі з тымі школьнікамі, якім бацькі не маглі даць з сабой грошы на ласункі, вадзіў іх на экскурсіі. Калі бацькі Н.Гайковіч былі пераведзены на працу ў іншы горад, каб не перарываць трэніровак і напрацаванага, выпускніца школы становіцца практычна членам сям’і Станіслава Анатольевіча, яны ўчацвярых жывуць у яго кватэры.

Будаўнік па спецыяльнасці, ён быў Педагогам па прызванні і вельмі моцным псіхолагам. І вучыў ён сваіх падапечных не толькі прыёмам, але і галоўнаму – быць годным чалавекам, ніколі не выкарыстоўваць атрыманыя спартыўныя навыкі для ўласнай карысці. І вельмі жорстка да гэтага ставіўся. Памятаю, як быў адлічаны з секцыі здольны юнак, які сілу мышцаў прымяніў супраць слабых.

Дырэктарам ДЮСШ тады была Таццяна Леанідаўна Клопава.

– Секцыі дзюдо у нас не было, і Станіслаў Анатольевіч усё пачынаў з нуля. Пры падтрымцы ўлады адкрылі гэты новы від, які стаў лідзіруючым у нашай установе на працягу трох дзесяцігоддзяў. С.А.Шэдзько набіраў дзяцей, шукаў спонсараў, каб набыць татамі ці выехаць на чарговыя спаборніцтвы. Гэта быў апантаны сваім відам спорту трэнер, які яшчэ падчас вучобы ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце выканаў нарматыў майстра спорту СССР, быў бронзавым прызёрам першынства Савецкага Саюза па дзюдо, а з 1986 года пачаў трэнерскую справу ў Наваполацку і стаў суддзёй вышэйшай катэгорыі Рэспублікі Беларусь. Многім яго першым выхаванцам было ўжо пазнавата пачынаць асвойваць новы від спорту, аднак ён бачыў перспектыўных, і за вельмі кароткі час мы ўжо мелі перамогі. Ён быў для дзяцей не проста трэнерам, а бацькам, старэйшым сябрам, да кожнага навучэнца падбіраў патрэбныя словы, аказваў дапамогу маладым калегам. Мне з ім было вельмі проста працаваць і як адміністратару, таму што гэты вельмі дысцыплінаваны чалавек усю папяровую работу трэнера выконваў скрупулёзна і ў тэрмін.

Столькі добрых, заслужаных слоў гучыць і сёння пра Станіслава Анатольевіча. І ўсе, на вялікі жаль, з прыстаўкай “быў”. Аднак мінулы час – не пра трэнера Шэдзько. Яго кароткае жыццё атрымала вельмі годны, вечны працяг. Так і хочацца сказаць Станіславу Анатольевічу: Вы былі няправы, справа трэнера – самая ўдзячная. Пабачце, колькі ўшацкіх дзяцей і сёння апранаюць кімано, таму што ў ДЮСШ створана моцная школа дзюдо – закладзеная Вамі школа. Гэта Вашы вучаніцы Святлана Фядосенка, Вера Кіліна, а цяпер ужо і іх выхаванка Валерыя Джураева з гонарам выводзяць юных ушацкіх дзюдаістаў на турнір Вашай памяці, а Наталля Гайковіч і Надзея Урбановіч прывозяць на яго спартсменаў з іншых гарадоў краіны. Імя Алены Карэйшы праславіла Беларусь на сусветным узроўні. Ды і кожны, нават не звязаны са спортам ушачанін ведае ваша прозвішча, якое дало назву вуліцы ў гарадскім пасёлку Ушачы.

Справа трэнера – вельмі ўдзячная! Калі быць такім трэнерам, як Вы.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *