В турнире по дзюдо, посвящённом памяти тренера С.Шедько, приняли участие юные спортсмены с разных городов

Cпорт

На пытанне, у які дзень мая ў навучальнай установе можна сустрэць найбольш дзяцей у белай вопратцы, у любой школе вам без ваганняў адкажуць – на апошняй лінейцы. А вось ва Ушацкай прапануюць і іншую версію – 25 мая, у дзень традыцыйнага турніру па дзюдо, прысвечанага трэнеру Станіславу Анатольевічу Шэдзько. І сапраўды, у сераду спартыўная зала, калідоры і школьны двор запоўнілі апранутыя ў белыя кімано хлопчыкі і дзяўчынкі, якія літаральна выпраменьвалі задор і эмоцыі. Адсвяткаваць прыгожымі спартыўнымі паядынкамі дзень нараджэння выдатнага трэнера, якому сёлета споўнілася б 55 гадоў, прыехалі 10-­11­гадовыя спартсмены, іх настаўнікі і бацькі з васьмі гарадоў, дзе развіваецца гэты адзін з самых прыгожых відаў адзінаборстваў.

Як адзначыла падчас урачыстага адкрыцця турніру старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, дзякуючы такім апантаным трэнерам і іх таленавітым вучням Беларусь па праве лічыцца спартыўнай дзяржавай, а назва нашых невялікіх Ушач становіцца вядомай у свеце. Пра тое, што Станіслаў Анатольевіч быў не толькі выдатным спецыялістам, выхаваўшым шэраг знакамітых спартсменаў, але і цудоўным чалавекам, расказаў яго трэнер і калега У.М.Панкрацьеў. Ён выказаў падзяку раённым уладам, кіраўнікам і трэнерам Ушацкай ДЮСШ за гасціннасць і высокі ўзровень арганізацыі турніру.

А юбілейныя спаборніцтвы і сапраўды былі падрыхтаваны выдатна. Для пераможцаў і прызёраў спартыўная школа заказала адмысловыя медалі, а таксама дыпломы і сувеніры з выявай нашай славутасці – абноўленага мемарыяла “Прарыў”. Узнёслы тон спаборніцтвам адразу задаў урачысты выхад каманд на пастраенне перад адкрыццём, падчас якога капітаны з гонарам неслі таблічкі з назвамі сваіх гарадоў. Ну а самым, напэўна, важным і гордым выглядаў Арцём Ільін, які трымаў у руках таблічку з надпісам “Расія”: гэты юны прадстаўнік горада Себеж сваім дэбютным прыездам на ўшацкі турнір надаў яму статус міжнароднага. “Для нашага сына гэта сапраўднае выпрабаванне, бо ён абавязаны дастойна прадставіць цэлую краіну!” – зазначыў тата хлопчыка, а мама прызналася, што хвалюецца куды мацней за сына: “Кожны раз, як ён выходзіць на татамі, у мяне такое адчуванне, быццам збіраюся скокнуць з парашутам!” Пра мемарыял С.А.Шэдзько жыхары Себежа даведаліся на турніры ў Наваполацку – мясцовыя арганізатары параілі абавязкова прыехаць на спаборніцтвы ва Ушачы. Расіяне прыслухаліся і зусім не пашкадавалі, што пераадолелі некалькі соцень кіламетраў. Па­першае, іх проста ўразіў узровень арганізацыі, а па­другое, Арцём упэўнена правёў усе паядынкі і толькі ў фінале ва ўпартай барацьбе саступіў золата старэйшаму па ўзросце саперніку. А важкім дадаткам да срэбра стаў спецыяльны прыз за тэхнічную дасканаласць: яго ўручыла хлопчыку ганаровая госця турніру выхаванка С.А.Шэдзько Алена Зыранава. Падобны прыз у дзяўчынак юная навапалачанка Юля Кулага атрымала з рук славутай дзюдаісткі Наталлі Гайковіч. “Вельмі прыемна, што сёлета Юлечка памяняла мінулагодняе срэбра на золата!” – радаваліся яе поспеху тата і дзядуля. Спецыяльныя прызы “За волю да перамогі” дасталіся ўшачанам: уручыла іх Паліне Мацюшэнка і Яраславу Ларчанку неаднаразовая чэмпіёнка свету па самба Анастасія Архіпава, якая з задавальненнем прыняла запрашэнне прыехаць на турнір, вылучыўшы для гэтага час у шчыльным спартыўным графіку. Ну а галоўныя прызы пераможцам уручылі знакамітая дзюдаістка Алена Карэйша і майстар спорту па самба Дзмітрый Броўка. Трэба сказаць, што ўсе падарункі былі набыты вучнямі С.А.Шэдзько за ўласны кошт.

Прыемна адзначыць, што на прыступкі п’едэсталу ў гэты дзень узнімалася шмат ушачан – выхаванцаў прадаўжальніц справы Станіслава Анатольевіча Валерыі Джураевай і Веры Кілінай. Перамогамі ў сваіх вагавых катэгорыях парадавалі Паліна Шараева і Насця Макрыдзіна, другое месца ў Ксеніі Шаўчэнка, бронзай адзначыліся Вераніка Алексяёнак, Злата Стэльмах, Марыя Харак, Паліна Мацюшэнка, Саша Кузьмін і Ваня Белавусаў. Прычым, поспех апошняга стаў сюрпрызам: хлопчык толькі паўгода займаецца барацьбой, аднак на сваім дэбютным турніры выглядаў вельмі ўпэўнена.

– Сённяшні дзень мяне моцна ўсхваляваў і расчуліў, – прызналася яшчэ адна ганаровая госця турніру – Аня Шэдзько, калі пасля спаборніцтваў мы разглядалі рарытэтную насценгазету “Дзюдо”, выпушчаную калісьці рукамі Станіслава Анатольевіча. – Вы не ўяўляеце, як важна і прыемна бачыць, як ушаноўваецца ва Ушачах памяць майго таты, з якім поспехам і энтузіязмам працягваецца яго справа. А значыць, недарэмным было яго кароткае, але яркае жыццё.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “В турнире по дзюдо, посвящённом памяти тренера С.Шедько, приняли участие юные спортсмены с разных городов

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *