В магазинах Ушачского райпо можно купить сувениры с символикой района

Общество

– Дайце мне, калі ласка, вунь тую вазу з надпісам “Ушачы” і блакноцік з выявай вашага “Прарыву”, хочацца з сабой дадому на памяць завезці нешта ўшацкае, – зазначыла жанчына, выбіраючы сабе тавар ва ўнівермагу.

За чатыры месяцы 2016 года ў магазіны Ушацкага райспажыўтаварыства паступіла сувенірнай прадукцыі на суму 63 мільёны рублёў. Гэта вазы, талеркі, магніты, блакноты і многае іншае, на якіх знайшлі адлюстраванне нашы знакавыя аб’екты і прыгожыя краявіды. Трэба сказаць, што ўсё гэта доўга не залежваецца на прылаўках. Сувеніры на падарунак купляюць як самі ўшачане, так і госці раёна. Паколькі ў летні час колькасць тых, хто прыязджае на Ушаччыну адпачываць, становіцца большай, то і гандаль названай прадукцыяй актывізуецца. Работнікі райспажыўтаварыства таксама арганізоўваюць тэматычны выязны гандаль у “Лясных азёрах”.

У маі многія заўважылі, што практычна ва ўсіх магазінах, у тым ліку і харчовых тавараў, на касах у продажы з’явіліся новыя блакноты, ручкі, магніты і бралкі з выявай мемарыяльнага комплексу “Прарыў”.

– Сёлета спецыяльна да свята Вялікай Перамогі мы заказалі магніты чатырох відаў – мяккія і крэпкія, на якіх не толькі наш знакаміты мемарыял, а і музей народнай славы, касцёл Святога Лаўрэна, а таксама бралкі двух відаў, ручкі і блакноты. Усяго полацкай фірмай, з якой мы супрацоўнічаем не першы год, да 9 Мая было выраблена сувеніраў з ушацкай сімволікай на суму больш 14 мільёнаў рублёў. Добра наладжана сувязь і з мінскім таварыствам “Электа”, якое таксама вырабляе па нашым заказе сувенірную прадукцыю. Яшчэ адна мінская фірма “Еўрасцяг” выпускае сцяжкі з сімволікай раёна, – расказвае вядучы таваравед Ушацкага райспажыўтаварыства Наталля Васільеўна Чабатар.

У дзень Перамогі, калі Ушаччына прымала вялікую колькасць гасцей, нямала сувеніраў было прададзена райспажыўтаварыствам у спецыяльнай палатцы ў цэнтры гарпасёлка. Самы шырокі асартымент тавараў з ушацкай сімволікай прадстаўлены ў магазінах “Універмаг”, “Гаспадар”.

Спецыялісты райспажыўтаварыства тым часам збіраюцца пашыраць асартымент, каб выбар сувенірнай прадукцыі быў не толькі напярэдадні святаў, а заўсёды.

* * *

Дарэчы, нялішнім будзе нагадаць, што сувенірную прадукцыю з сімволікай раёна і выявамі знакавых аб’ектаў Ушаччыны, вырабленую рукамі народных майстроў, можна набыць у Доме рамёстваў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *