Вместе за сильную и процветающую Беларусь. В столице проходит пятое Всебелорусское народное собрание

Общество

Сёння дэлегаты ад Ушацкага раёна – старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, дырэктар Вялікадолецкай дзіцячага сада-сярэдняй школы Рыма Леанідаўна Аніскевіч і дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Дземенец” Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка – прымаюць удзел у пятым Усебеларускім народным сходзе. На знакавым народным форуме, на які з усіх раёнаў Беларусі абрана 2500 удзельнікаў, ідзе абмеркаванне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку – прымаецца стратэгія развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады.

Адкрываецца праект праграмы падвядзеннем вынікаў папярэдняй пяцігодкі. Галоўным вынікам называецца захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва. Па шэрагу напрамкаў удалося дабіцца значных вынікаў. Так, Беларусь увайшла ў топ-50 краін свету з высокім узроўнем чалавечага развіцця. ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці вырас да $17,7 тыс. З 2014 года ўпершыню за дваццаць гадоў колькасць жыхароў пачала расці.

Але не толькі аб дасягненнях размова. Беларусь – краіна з адкрытай эканомікай, таму дабрабыт моцна залежыць ад знешніх фактараў. Крызіс у Расіі і Украіне моцна ўдарыў па беларускай эканоміцы: попыт на айчынныя тавары скараціўся, канкурэнцыя рэзка вырасла, што прывяло да спаду экспарту, даходаў прадпрыемстваў і бюджэту. У выніку рост ВУП, экспарту, рэальных даходаў быў значна ніжэйшы, чым запланавана. Адбылося запаволенне тэмпаў росту эканомікі. Гэтыя і некаторыя іншыя абазначаныя ў праекце праграмы праблемы “сур’ёзныя, але не катастрафічныя”. “Іх пераадоленне стане адной з ключавых задач бягучай пяцігодкі”, – гаворыцца ў дакуменце.

Сярод асноўных мэт пяцігодкі: прырост ВУП Беларусі ў 2020 годзе да 2015 года – 12-15 працэнтаў, рост рэальных грашовых даходаў грамадзян – 9,5-11,6 працэнта, зніжэнне ставак па крэдытах да 9-11 працэнтаў.  Плануецца, што да канца 2020 года доля суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі дасягне 40 працэнтаў, інфляцыя ў Беларусі знізіцца да 5 працэнтаў, сярэдняя пенсія па ўзросце будзе на ўзроўні 40 працэнтаў сярэднямесячнай зарплаты.

Для дасягнення пастаўленых мэт развіццё краіны будзе грунтавацца на наступных прыярытэтах: інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь. Галоўная мэта развіцця краіны на 2016-2020 гады – павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця.

Вольга Аляксееўна Шаўчэнка, намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы:

– Канечне, мяне больш за ўсё цікавіць развіццё медыцыны. Падтрымліваю накірунак на павелічэнне ўрачоў агульнай практыкі да ста працэнтаў пры пярвічнай дапамозе. Па­першае, гэта разгружае вузкіх спецыялістаў, па­другое,  увогуле спрыяе лепшаму стану здароўя пацыентаў на замацаваным за ўрачом участку. Гэта па­сутнасці сямейныя ўрачы, якія вядуць сваіх пацыентаў ад нараджэння да сталасці.  Ва ўрача агульнай практыкі меншая нагрузка, чым ва ўчастковага тэрапеўта, што дазваляе больш дасканала вывучаць, дыягнаставаць захворванні людзей як у паліклініцы, так і на доме пацыента. У нашым раёне стопрацэнтны ахоп насельніцтва ўрачамі агульнай практыкі на раёне – два ўрачы Вялікадолецкай бальніцы, а таксама Дубраўскай і Глыбачанскай прайшлі перападрыхтоўку і паспяхова спраўляюцца не толькі з профілем тэрапеўтаў, а і нескладаныя захворванні вачэй могуць разгледзець ці дзіцячыя паталогіі. Гэта дазволіць вузкім спецыялістам займацца больш складанымі профільнымі захворваннямі. У навучальных медыцынскіх установах будуць больш выпускаць урачоў агульнай практыкі, і ў наступным годзе да нас па размеркаванні прыходзіць такі спецыяліст.

У праграме сацыяльна­эканамічнага развіцця многа ўвагі ўдзяляецца сучасным  тэхналогіям, у галіне медыцыны яны ўкараняюцца пастаянна. У прыватнасці, ствараецца электронная карта пацыента, што дазваляе ўрачу, адкрыўшы  адпаведнае прозвішча, пазнаёміцца з усімі аналізамі, ранейшымі дыягназамі, а таксама прымаемым лячэннем.  Мы маем сувязь праз інтэрнэт з дыягнастычным цэнтрам, іншымі абласнымі клінікамі, аднак поўны  перавод даных у электронную карту яшчэ давядзецца завяршыць.

Канечне, як медыка мяне клапоціць дэмаграфія нашага насельніцтва, на якую ўплывае як нараджальнасць (за апошнія гады  мае станоўчую дынаміку), так і працягласць жыцця. Прыемна, што за  апошнія пяць гадоў па Віцебскай вобласці працягласць жыцця павялічылася на тры з паловай гады і складае зараз 72,9 года. Мы працягваем накірунак  як на папярэджанне смяротнасці працаздольнага насельніцтва, так і на  больш працяглае, якаснае жыццё пажылых.

Аляксандр Уладзіміравіч Шакута, начальнік раённага вузла электрасувязі:

– У Праграме асобны раздзел прысвечаны інавацыям, у прыватнасці лічбавай трансфармацыі эканомікі, якая ў тым ліку залежыць і ад работы  “Белтэлекама”. Напрыклад, запланавана, што ў 2020 годзе ўзровень ахопу інтэрнэтам складзе 80 працэнтаў. Зараз гэты паказчык у раёне складае 53,5 працэнта. Мы прыступілі да ажыццяўлення праграмы “Оптыкавалакно ў кожны дом”, зроблена ўжо некалькі праектаў, і ў гэтым годзе звышхуткасны інтэрнэт з’явіцца ў кватэрах шматпавярховак гарпасёлка. Пакуль што валаконная сувязь у нас была задзейнічана як злучальная дыстанцыйная паміж Ушачамі і аграгарадкамі. Зараз жа якасна мяняецца і колькасны, і якасны ўзровень даступнасці інтэрнэта.

У праграме запісана, што стандартам для новых дамоў павінна стаць сістэма “Разумны дом”, калі ўстаноўлены датчыкі на рух, камеры відэаназірання і падобныя разумныя прыборы. Магу сказаць, што ўшачанам не трэба чакаць новых дамоў, паколькі мы ўжо падключаем  гэту сістэму. Пасля тлумачэння ў газеце ўшачане тэлефануюць, цікавяцца і некалькі ўжо  карыстаюцца “Разумным домам”. Давядзецца ажыццявіць і праект праграмы па аснашчэнні ўсіх школ хуткасным інтэрнэтам – на сённяшні час няма такой магчымасці толькі ў Касарах.

Наогул хачу сказаць, што мы пастаянна развіваемся. Кожны год прыходзіць нешта новае, вось і дзякуючы блізкасці нашага радыётэлерэтранслятара, а значыць і ўпэўненага сігналу, удалося падключыць да лічбавага тэлебачання “ZALA” 1600 абанентаў ці 74,6 працэнта. Больш толькі ў Віцебску, Полацку, Оршы, Наваполацку.

Мікалай Іванавіч Бухалка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:

– Мне прыемна было ўбачыць у праекце праграмы палажэнне, якое ініцыявала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, а менавіта страхаванне ад беспрацоўя. Гэта вельмі актуальна ў наш час, калі прадпрыемствам даводзіцца перапрафіліравацца, асвойваць новыя тэхналогіі і рынкі збыту, часова пераходзіць на няпоўны працоўны дзень і праводзіць аптымізацыю.  І вось каб чалавек не застаўся ў такім выпадку  без працы і без сродкаў, і прадугледжана страхаванне ад беспрацоўя. Сусветны вопыт сведчыць, што страхаванне па беспрацоўі і страхаванне на выпадак банкруцтва прадпрыемства з’яўляюцца дзейснымі мерамі  абароны працоўных.

Больш адраснай прадугледжваецца зрабіць сацыяльную дапамогу малазабяспечаных грамадзян, у прыватнасці пры пераходзе на поўную аплату жыллёва­камунальныя паслуг. У Праграме сацыяльна­эканамічнага развіцця на 2016­2020 гады прапісана многа канкрэтных шляхоў паляпшэння эканамічнай сітуацыі і жыцця людзей, і гэта лічу вельмі важным.

Лідзія Уладзіміраўна Верташонак, настаўніца Кубліцкай школы:

– Ужо азнаёмілася з асноўнымі палажэннямі Праграмы сацыяльна­эканамічнага развіцця краіны на 2016­2020 год і лічу, што кожны чалавек павінен гэта зрабіць – бо гэта наша будучыня, лёсы грамадзян. Адразу звярнула ўвагу на запланаваныя паказчыкі і адзначыла для сябе іх рэальнасць: нам не абяцаюць павышэнне валавога прадукту на 200 працэнтаў, рост даходаў, зарплат і пенсій у разы.

Для мяне, як настаўніка з 35­гадовым стажам, прыемна, што сярод асноўных прыярытэтаў развіцця рэспублікі асобна выдзелена моладзь, яе прафесійная падрыхтоўка і занятасць. Захаваецца сацыяльная накіраванасць бюджэту – і гэта вельмі важна. На ўжо дасягнутых пазіцыях можна далей паспяхова развівацца. Нашы сістэма адукацыі, медыцына адназначна за апошнюю пяцігодку зрабілі крок наперад, а за прыкладамі далёка хадзіць не трэба – узяць нашу цэнтральную раённую бальніцу. У краіне расце працягласць жыцця, з 2014 года колькасць насельніцтва стала паступова павялічвацца. Канечне, за мінулую пяцігодку многае не ўдалося ажыццявіць, але тое, што ў краіне расце нараджальнасць, на маю думку, яскравы прыклад упэўненасці людзей у заўтрашнім дні.

З асноўнымі палажэннямі Праграмы сацыяльна­эканамічнага развіцця Беларусі на 2016­2020 гады можна азнаёміцца на сайтах БелТА (www.belta@tut.by) ці газеты “Патрыёт” (www.belpatriot@tut.by) у асобным раздзеле “Пяты Усебеларускі народны сход”.

Больш за 80 буйных інвестпраектаў на $27 млрд плануецца рэалізаваць у Беларусі ў 2016­2020 гадах. У іх ліку – будаўніцтва атамнай электрастанцыі, арганізацыя вытворчасці легкавых аўтамабіляў СЗАТ “БЕЛДЖЫ”, стварэнне Кітайска­беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, распрацоўка радовішчаў калійных угнаенняў з будаўніцтвам горна­абагачальных комплексаў на Петрыкаўскім і Старобінскім радовішчах, будаўніцтва завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ “Светлагорскі ЦКК” і завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ААТ “ММПЗ­груп”, праектаванне і будаўніцтва эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу “Мінск­Мір”.

Праектам праграмы прадугледжваецца паскоранае фарміраванне высокатэхналагічнага сектара. Стаўка будзе зроблена на індустрыю інфармацыйна­камунікацыйных тэхналогій; атамную і аднаўляльную энергетыку; бія­ і нанатэхналогіі; фармацэўтычную прамысловасць; прыборабудаванне і электронную прамысловасць. Паблізу Беларускай АЭС будзе створаны кластар электраёмістых інавацыйных вытворчасцей, ажыццёўлены пераход на электраабаграванне памяшканняў у жыллёвым будаўніцтве.

У праекце праграмы вызначаны інструменты эканамічнай палітыкі, дзякуючы якім удасца рэалізаваць асноўныя мэты і прыярытэты развіцця краіны ў бліжэйшай пяцігодцы. Сярод іх – разняволенне дзелавой ініцыятывы, прыняцце стымулюючых мер для хуткага адкрыцця сваёй справы, зніжэнне інфляцыі і працэнтных ставак, стварэнне паўнацэннага фінансавага рынку, фінансавае аздараўленне рэальнага сектара эканомікі, збалансаваны бюджэт без росту падатковай нагрузкі, мадэрнізацыя адносін уласнасці, павышэнне эфектыўнасці інвестыцый, прыцягненне прамых замежных інвестыцый, эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне, дакладныя крытэрыі ацэнкі кіруючых кадраў.

Таксама ў праграме закладзена прыняцце стымулюючых мер для хуткага адкрыцця сваёй справы. Так, новаствараемыя на тэрыторыі сельскай мясцовасці і гарадоў (за выключэннем Мінска і абласных цэнтраў) прадпрыемствы будуць вызвалены на працягу двух гадоў ад падатку на прыбытак і падатку на нерухомую маёмасць. Дзяржава ў рамках адпаведнай праграмы падтрымае пашырэнне інавацыйнай інфраструктуры малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёнах рэспублікі (тэхнапаркі, венчурныя арганізацыі, цэнтры падтрымкі, інкубатары малога прадпрымальніцтва). Акрамя таго, прадугледжваецца сфарміраваць пакет базавых паслуг, якія будуць прадастаўляцца бізнесу на бязвыплатнай аснове; забяспечыць ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур у электронным выглядзе, пачынаючы ад падачы заявак і заканчваючы атрыманнем вынікаў у выглядзе электроннага дакумента. Плануецца спрасціць перадачу невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомай маёмасці, якія знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы, для стварэння вытворчага бізнесу і рабочых месц.

Згодна з праектам праграмы, стаўка рэфінансавання стане базавым інструментам рэгулявання ўзроўню працэнтных ставак у эканоміцы. Па выніках 2017 года іх узровень па новых крэдытах у нацыянальнай валюце прагназуецца ў памеры 17­18 працэнтаў. Да канца 2018 года ён павінен скласці 14­15 працэнтаў гадавых, 2019 года – 11­12 працэнтаў, 2020­га – 9­11 працэнтаў гадавых. Развіццё канкурэнцыі ў банкаўскім сектары і ўкараненне сучасных тэхналогій прывядзе да зніжэння кошту і росту даступнасці банкаўскіх паслуг.

Адна з найважнейшых задач пяцігодкі – павышэнне эфектыўнасці інвестыцый, прыцягненне прамых замежных інвестыцый. Згодна з дакументам, інвестыцыйная палітыка будзе грунтавацца на рыначных прынцыпах прадастаўлення інвестыцыйных рэсурсаў, эфектыўнасці іх выкарыстання, паляпшэнні дзелавога клімату. У новай пяцігодцы прыярытэты інвестыцыйнай палітыкі зрушваюцца ў рэальны сектар, а дакладней – у праекты з высокай акупнасцю. Гэта прадугледжвае перш за ўсё абнаўленне актыўнай часткі асноўных сродкаў, набыццё перадавых тэхналогій, інфармацыйных сістэм, робататэхнікі.

Мэтай дэмаграфічнай палітыкі стане стабілізацыя колькасці насельніцтва і павелічэнне чаканай працягласці жыцця. У цэлым вынікам намечаных мер павінна стаць стабілізацыя колькасці насельніцтва на ўзроўні 9,5 млн чалавек.

Мэтанакіраваныя меры актыўнай палітыкі на рынку працы дадуць магчымасць у ходзе структурных пераўтварэнняў эканомікі ўтрымаць афіцыйна зарэгістраванае беспрацоўе ў межах 2 працэнтаў ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Меры ў галіне аплаты працы будуць накіраваны на паслядоўнае павышэнне яе рэальнага ўзроўню, зніжэнне разрыву паміж аплатай працы работнікаў бюджэтных арганізацый і сярэдняй заработнай платай у эканоміцы. Мэтай развіцця пенсійнай сістэмы з’яўляецца забеспячэнне яе фінансавай устойлівасці і сацыяльна прымальнага ўзроўню пенсій.

Удасканаленне адраснай падтрымкі слабаабароненых катэгорый грамадзян дасць магчымасць захаваць узровень малазабяспечанасці насельніцтва ў сацыяльна прымальных памерах – да 5,5 працэнта ў 2020 годзе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *