Тамару Семёновну Тухто любят ученики, уважают и ценят коллеги и односельчане

Наш современник

Падчас знаёмства з Тамарай Сямёнаўнай Тухто з Вялікіх Долец злавіла сябе на думцы, што гэтая жанчына валодае незвычайным дарам: усё, да чаго яна дакранаецца, у пэўным сэнсе набывае новае жыццё, азараецца асаблівым святлом. Датычыцца гэта і спраў, за якія яна бярэцца, і тых людзей, з якімі мае зносіны.

Жаданне несці ў свет дабрыню ва ўраджэнкі Малых Долец узнікла яшчэ ў дзяцінстве. Выхоўваючыся ў мнагадзетнай сям’і, кожны дзень Тамара бачыла перад сабой прыклад для пераймання – сваіх бацькоў, якія, нягледзячы на розныя жыццёвыя цяжкасці, цалкам аддавалі сябе дзецям. Такую ж місію ў выглядзе будучай прафесіі выбрала для сябе і гераіня нашага аповеду. Скончыўшы мясцовую васьмігодку, атрымаўшы сярэднюю адукацыю ва Ушацкай школе, яна без праблем паступіла на матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя Кірава. А калі па размеркаванні прыехала на малую радзіму, была бязмежна рада.

Чатыры гады працавала Тамара Сямёнаўна ў Маладолецкай школе. Дзеці да яе цягнуліся, паколькі бачылі ў ёй не толькі кваліфікаванага настаўніка, але і сябра. Напэўна таму вестку, што тая выходзіць замуж і пераязджае ў Вялікія Дольцы, многія ўспрынялі балюча – і адгаворваць спрабавалі, і нават мясцовых кавалераў шукалі.

На новым месцы ад саўгаса, у якім працаваў муж Тамары Сямёнаўны, маладой сям’і далі дом. А з 1991 года пачаліся працоўныя будні Т.С.Тухто ў Вялікадолецкай школе. Выкладала матэматыку, доўгі час займала пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, арганізуючы разнастайныя культурна­-масавыя мерапрыемствы. І так заахвоцілася гэтым працэсам, што па сённяшні дзень пасля правядзення ўрокаў па дакладнай навуцы на добраахвотных пачатках дапамагае завучу ў многіх “творчых” пытаннях.

Заўсёды быць адкрытымі, стараннымі, дзяліцца з акружаючымі дабрынёй – такім жыццёвым прынцыпам вучыла Тамара Сямёнаўна не толькі вучняў, але і сваіх дачушак Кацярыну і Анастасію. Дарэчы, апошнія – гонар і лепшы падарунак лёсу для жанчыны. Абедзве з чырвоным дыпломам скончылі Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, уладкаваліся на прэстыжныя пасады ў абласным цэнтры. І ўсё ж агні вялікага горада не прымусілі дзяўчат забыцца пра родную Ушаччыну – сюды яны прыязджаюць пастаянна, дапамагаюць бацькам ва ўсіх гаспадарчых справах. А іх у сям’і Тухто нямала! На агарод да Тамары Сямёнаўны – без перабольшвання – можна хадзіць як на экскурсію: градкі засаджаны самымі рознымі культурамі, у тым ліку экзатычнымі, штогод радуюць клапатлівую гаспадыню добрым ураджаем. Вырашчанае “багацце” выкарыстоўваецца не толькі для прыгатавання смачных страў, варэнняў ды саленняў для ўсёй сям’і, але і ў якасці корму для немалой падсобнай гаспадаркі: каровы, свіней, кур.

– Ва ўсім мне дапамагае свякроў, якая жыве непадалёк, – расказвае Т.С.Тухто. – Бывае, мне тэрмінова трэба на работу выйсці ці затрымацца пасля ўрокаў у школе – тады гаспадарку Кацярына Якаўлеўна бярэ на сябе, за што я ёй вельмі ўдзячная. Як, дарэчы, і за тое, што некалі яна дапамагала мне асвоіцца ў Вялікадолецкай школе, дзе таксама працавала настаўніцай, а яе муж – Аркадзь Пятровіч – дырэктарам.

Паспявае Т.С.Тухто і актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці Вялікадалеччыны. Падчас выбарчых кампаній ёй давяраюць адказную пасаду сакратара камісіі на ўчастку. На працягу больш чым 10 гадоў з’яўляецца Тамара Сямёнаўна намеснікам старшыні сельвыканкама, дапамагае ў вырашэнні праблем мясцовых жыхароў.

Не дзіўна, што ўсе, хто ведаюць жанчыну, паважаюць яе і цэняць. А яна не перастае дарыць акружаючым святло сваёй адкрытай шчырай душы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



2 комментария по теме “Тамару Семёновну Тухто любят ученики, уважают и ценят коллеги и односельчане

  1. Віцебскі педагагічны універсітэт носіць імя П.М.Машэрава, а не Кірава.

  2. Ранее Витебский государственный университет имени П.М.Машерова был пед.институтом имени Кирова

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *