В Ушачском детском приюте было много гостей

Общество

Шчыра кажучы, усе падарункі і не памяшчаліся ў руках гасцей. Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Іванаўна Карчэўская несла мяккую цацку, начальнік аддзела адукацыі Людміла Рыгораўна Карабань – вялізнага жоўтага сланёнка, галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства Вольга Анатольеўна Жыткая – пакет з рознымі іншымі падарункамі. І канечне ж тарты – не як ад прадстаўнікоў райвыканкама, а асабіста ад сябе, без іх не абыходзіцца і на Дзень абароны дзяцей, і на Новы год.P1150448

Не паспелі госці дзіцячага сацыяльнага прытулка ўручыць дзецям падарункі, як яны разышліся па руках. Маленькай Ірыне, праўда, слон не па сілах, затое на лапе яна размясцілася як у крэсле. Дарэчы, жоўты слон, якога і называюць толькі так, пабіў усе рэкорды і адцяніў нават папярэднюю любіміцу свінню Пумбу. З ім дзень гулялі і маленькія, і вялікія, а на ноч ён заняў ганаровае месца на канапе.

Ніколі не было ў дзяцей прытулка дартса, таму старэйшыя Андрэй, Сяргей заняліся кіданнем дроцікаў. Маленькія пабралі алоўкі і кніжкі-размалёўкі. А яшчэ вельмі здзівілі дырэктара прытулка Алену Іванаўну Клімашэўскую цішынёй. Аказваецца – збіралі карцінку з пазлаў на ўвесь стол. Не паспелі за дзень, дасабралі на наступны.

Цукеркамі і цацкамі дзеці, якія аказваюцца ў прытулку, не абдзелены. Апошнімі застаўлены цэлы пакой на другім паверсе, аднак заўсёды радуе новае. Супрацоўнікі РАУС, якія таксама наведалі дзяцей 1 чэрвеня, прынеслі развіваючыя гульні і спартыўны інвентар, не забылася пра Дзень абароны дзяцей і кіраўніцтва аддзела па надзвычайных сітуацыях, напярэдадні свята вялізны мяшок з новымі цацкамі, у якім і была Пумба, прынёс прадпрымальнік Васіль Васільевіч Пугач.

Дзеці таксама аддзякавалі дарослых кветкамі і вельмі цікавай кампазіцыяй, якую яны 1 чэрвеня паўтаралі не адзін раз. І, канечне, па традыцыі здымак на памяць і чаепіцце за салодкім сталом. Вось толькі ні адзін з бацькоў дванаццаці дзетак, што зараз знаходзяцца ў прытулку, на жаль, не ведае такога свята. Не прыйшоў ніхто, а іх дзеці чакаюць больш за любыя падарункі.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *