Ушачане приняли участие в отраслевой спартакиаде работников ЖКХ

Cпорт

Напрыканцы жніўня ў Магілёве прайшла Х летняя рэспубліканская галіновая спартакіяда работнікаў жыллёва­-камунальнай гаспадаркі. На працягу трох дзён больш 320 спартсменаў­аматараў з усіх рэгіёнаў краіны выяўлялі мацнейшых у 9 відах праграмы. Прыемна, што ў адным з іх – гіравым спорце – свае ўменні паказваў і прадстаўнік Ушаччыны – машыніст­качагар кацельні аграгарадка Ільюшына Аляксандр Грак.

Права трапіць на фінальны этап наш зямляк атрымаў, бо падчас абласных спаборніцтваў заняў другое месца ў сваёй вагавой катэгорыі да 75 кілаграмаў і адабраўся ў склад зборнай каманды камунальнікаў Віцебшчыны. “Шчыра кажучы, такі вынік стаў для мяне прыемнай нечаканасцю, бо ўсур’ёз гэтым відам спорту не займаўся, ну а сіла рук – гэта хутчэй прафесійнае, – расказвае Аляксандр. – Пачаў падрыхтоўку, калі даведаўся, што ўключаны ў склад каманды УП ЖКГ разам з пастаяннымі ўдзельнікамі розных спаборніцтваў Дзмітрыем Шасцярнём і Канстанцінам Красновым. Дарэчы, менавіта апошняму я вельмі ўдзячны за тое, што ён фактычна быў маім трэнерам: навучыў тэхнічным і тактычным момантам. Ад паездкі ў Магілёў у мяне засталіся самыя моцныя ўражанні. Ніколі ў жыцці не даводзілася выступаць у такім сучасным збудаванні, якім з’яўляецца спорт­комплекс “Алімпіец”, выходзіць на памост побач з прызёрамі сусветных спаборніцтваў! Можа гэта прагучыць банальна, але пасля турніру я ўмацаваўся ў сваім жаданні і надалей займацца спортам, удасканальваць тэхніку, весці здаровы лад жыцця. Быць дужым, загартаваным зараз модна: гэта дапамагае ў рабоце, напаўняе цікавым зместам адпачынак”. Праўда, вольнага часу ў Аляксандра не так многа: шмат увагі патрабуе сям’я, а таксама будаўніцтва дома ў роднай вёсцы Качаны, дзе яны з жонкай вырашылі жыць і гадаваць дваіх сваіх дзяцей.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: А.Грак, К.Красноў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *