Николай Яловик первым в Ушачском районе намолотил тысячу тонн зерна

Сельское хозяйство

У ААТ “Дземенец” гэты тыдзень пачаўся з незапланаванага сходу калектыву. А нагодай таму стала віншаванне першага раённага “тысячніка” Мікалая Уладзіміравіча Яловіка. У суботу, 3 верасня, камбайнер пераадолеў запаветную мяжу і да дажджоў намалаціў тысячу пяць тон хлеба. Вось ужо ў пяты раз за сваю трыццацітрохгадовую працу ў гаспадарцы Мікалай Уладзіміравіч становіцца “тысячнікам”.

Упершыню гэта было ў 2006 годзе. Можна сказаць, што ў самым пачатку часу добрых хлябоў у гаспадарцы. Літаральна некалькі калег з іншых прадпрыемстваў змаглі пераадолець у папярэднія гады гэты важкі танаж. У “Дземенцы” ішоў пяты год кіравання Аляксандра Віктаравіча Шарыпенкі. Час, калі пры правільным падборы зямель, папярэднікаў і захаванні тэхналогіі менавіта гэта гаспадарка становіцца неаспрэчным лідарам па ўраджайнасці ў раёне. А менавіта ўраджайнасць хлябоў, як і нагрузка на камбайн у першую чаргу і ўплываюць на тое, у якой гаспадарцы раней за іншых з’явіцца “тысячнік” і колькі іх будзе наогул.

Ураджайнасць у “Дземенцы” сёлета больш 28 цэнтнераў з гектара. І пераважна з­за гэтага Мікалай Яловік абагнаў наступных лідараў жніва ажно на 200 тон. Як зазначыў кіраўнік гаспадаркі А.В.Шарыпенка,  адзін Яловік намалаціў больш хлеба, чым сабрана ў “Кублічах” ці “Райаграсэрвісе”.

Тысячным намалотам, канечне, нікога не здзівіш, у мінулым годзе ў раёне было ажно 12 тысячнікаў. Аднак сёлетнія бункеры даюцца намнога цяжэй і таму больш важкія. Нават 40 тон, якіх не даставала да тысячы, М.Яловік малаціў паўтары дні з­-за дажджу. А з кожным восеньскім днём уборка толькі ўскладняецца і павялічваюцца страты. Таму агульны каравай гаспадаркі, як і перамога асобных камбайнераў, залежыць ад захавання ўсяго тэхналагічнага працэсу. Гэтая тэма і была лейтматывам на сустрэчы ў калектыве. Трэба сказаць, што павіншаваць першага рэкардсмена прыехаў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч. Кіраўнік раёна адзначыў, што менавіта ад работы сельскагаспадарчай галіны залежыць выкананне раёнам многіх прагнозных паказчыкаў. В.В.Родзіч падкрэсліў асабістую заслугу ў стабільнай рабоце Аляксандра Віктаравіча Шарыпенкі, як вынік – усяго калектыву. “Калі б усе працавалі так, як вы! Вы сваім прыкладам перакрэсліваеце ўсе стэрэатыпы, паказваеце, што сельская гаспадарка і раслінаводства ў прыватнасці можа быць прыбытковым. Што можна па­гаспадарску сачыць за хлебам нават у такой адлегласці зямель ад цэнтра гаспадаркі. Менавіта ў “Дземенцы” стала прэстыжным працаваць, паколькі вы маеце няхай не вельмі вялікую, але большую за іншыя сельгаспрадпрыемствы заработную плату ў раёне. Стабільную зарплату побач з домам. І маеце перспектыву, з кожным годам пашыраючы пасяўныя плошчы. Менавіта такія гаспадаркі, як ваша, і будуць мець дзяржаўную падтрымку пры забеспячэнні ўгнаеннем, палівам, тэхнікай, а не той, хто не ўмее імі распараджацца. Параўнальны прынцып застаўся ў мінулым. Даражыце сваім працоўным месцам”, – рэзюмаваў кіраўнік раёна, віншуючы перадавікоў.

“Разлічваць перш за ўсё трэба і будзем на свае сілы, – падкрэсліў кіраўнік гаспадаркі А.В.Шарыпенка. – Зыходзячы з гэтага і плануем пасяўныя плошчы наступнага года. Улічваючы попыт і кошт на культуры ў папярэднія гады працавалі і сёлета. Скарацілі плошчы пад жыта, за якое з намі пакуль не разлічыліся, і павялічваем трыцікале, якое дае па 50 цэнтнераў з гектара. Каля мільярда атрымаем ад лубіну, столькі ж – ад продажу рапсу,  а гэтых сродкаў нам хопіць на выплату зарплаты да наступнага ўраджаю. Аднак працаваць мы павінны як адна сям’я, сумленна, з максімальнай аддачай кожнага. За пятнаццаць гадоў работы ў гаспадарцы я вывучыў лепшыя бакі кожнага работніка і імкнуся так размяркоўваць абавязкі. Ад кіраўніка залежыць многае, аднак працаваць можна толькі з калектывам. І поспехі нашай гаспадаркі – наша агульная заслуга”.

Прыгадаў пра сумленныя адносіны да працы механізатараў “Дземенца” і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу У.М.Круглік. Згодна з палажэннем аб прэміраванні за першую тысячу тон разам з Дыпломам экіпаж атрымаў прэмію ў 60 рублёў. Прывёз Уладзімір Мікалаевіч чырвоныя майкі і кепкі лідараў, спецыяльна падрыхтаваныя прафсаюзам АПК Мікалаю Уладзіміравічу і Уладзіміру Дзмітрыевічу Жарнасеку, які на невялікім ГАЗ­53 перавёз ужо 1200 тон. Наогул У.М.Круглік адзначыў, што нягледзячы на тое, што называюцца два прозвішчы, мала чым адрозніваюцца ад іх па стараннасці і прафесіяналізме і астатнія хлебаробы гаспадаркі. Ураджай жа – вынік агульнай працы.

Парадуецца за бацькаву перамогу і сёлетні выпускнік Сяргей Яловік, які і дапамагаў тату падчас жніва. Юнак прыступіў да вучобы ў Лепельскім каледжы, атрымлівае прафесію вадзіцеля і зусім не супраць менш чым праз год вярнуцца ў родную гаспадарку. Як некалі і Мікалай Яловік. “З калгаса імя Кірава ішоў у армію, сюды і вярнуўся. Маім першым трактарам быў новы “МТЗ­80”. Нават тады яму давяралі новую тэхніку. І за 33 гады, вельмі розныя па паспяховасці і прыбытковасці, ён не здрадзіў гаспадарцы, не шукаў лёгкага хлеба. “Некалькі такіх “Яловікаў”, і калгасу ніхто не патрэбны”. Так казаў пра механізатара яшчэ папярэдні кіраўнік гаспадаркі. А ў ёй зараз тое ўдалае спалучэнне кадраў, калі кожны на сваім месцы і працуе на агульную карысць. І хоць сёння віншавалі, здавалася б, аднаго тысячніка, ганарыліся поспехам абгрунтавана літаральна ўсе члены калектыву.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *