Ушачанин Василий Андреевич Мазго — мудрый, эрудированный, трудолюбивый человек

Наш современник

З кнігай у бібліятэцы, сярод раённых актывістаў ветэранскай арганізацыі ў падарожжах, у масцы ля вулляў ці з вудай на саджалцы. З гэтым маладжавым падцягнутым эрудзіраваным мужчынам знаёмы, канечне, многія. З 1963 года Васіль Андрэевіч Мазго жыве ва Ушацкім раёне, працаваў на адказных пасадах. А вось што гэтым вераснёўскім днём яму 80 – ведаюць толькі самыя блізкія. Яму ніколі не дасі гэтых год – не адпавядае ні па духу, ні па постаці.

Колькі чытаю, столькі вучуся

– “Вашынтон неяк склаў вымову свайму генералу, які не ўзяў стратэгічны аб’ект. Пра вымову, праўда, не даведаўся ніхто, нават генерал. “Я сам не ведаў, што б я зрабіў на яго месцы,” – тлумачыў недаведзенае да канца пакаранне прэзідэнт. Гэтым прынцыпам я часта карыстаўся па жыцці. Ставіў сябе на месца чалавека. Што б зрабіў я? Ці зрабіў бы лепш. Наогул з кніг, перыёдыкі – пераважна мемуарнай і гістарычнай літаратуры – я ўзяў вельмі многае. Колькі чытаю, столькі і вучуся. А чытаў я заўсёды. Хаця асноўныя ўрокі дае жыццё – людзі, якія знаходзяцца побач.

Прыкладам, а не павучаннем

– Вельмі ўдзячны дырэктару саўгаса “Тураўлянскі” Полацкага раёна Івану Станіслававічу Гатоўскаму (гэта было другое месца працы пасля размеркавання) – ураўнаважанаму, разумнаму кіраўніку. Магу сказаць, што ён заклаў мой стыль паводзін з людзьмі. Ён не вучыў у літаральным сэнсе гэтага слова. Перакананы, што вучыць па жыцці прыклад, а павучанне прыносіць мала плёну. Я проста быў побач, глядзеў, пераймаў. Заатэхнік па адукацыі, я ўвесь час працаваў не з жывёлай, а з людзьмі. Нават на першым месцы працы – упраўляючым птушкафермай саўгаса “Тросніца” Полацкага раёна. У “Тураўлянскі” мяне перавялі галоўным заатэхнікам. Якім я быў спецыялістам? Няўпэўненым, і менавіта ўменню пераконваць, размаўляць і вучыўся ў Івана Станіслававіча. Едзем набіраць пастухоў. Ён з сабой абавязкова трымае расцэнкі, расказвае пра ўмовы працы, агаворвае, што залежыць ад іх, а што ад нас. Гэта я і запомніў на ўсё жыццё. Для людзей трэба стварыць умовы працы. І трымаць слова, якое даў. Прывяду яшчэ прыклад. Звольніўся свінар, на яго месца я пачаў шукаць замену. Абышоў усю вёску, на пальцах тлумачачы, што я гарантую кармы, лячэнне, а вы павінны рабіць тое і тое. Усе адмаўляліся – праца ж у жывёлагадоўлі ніколі не была лёгкай, механізацыі на той час практычна ніякай. Пагадзіліся толькі дзве жанчыны, адна з іх маці пяці дзяцей. Мы пастараліся стварыць умовы: тэхналагічны ланцуг, якому потым вучылі: асобна матачнік, асобна адкорм, кухня, была часткова механізавана падача кармоў. Памяталі і пра самы танны корм – свежае паветра. Свінаркі нават не хадзілі на выхадныя, добра працавалі і пачалі атрымліваць па 400–600 грамаў прываг, а адпаведна і добры заробак. А ў людзей зайздрасць – ледзь не стачкі: дайце і нам зарабіць. Узялі толькі падменную свінарку, каб даць работніцам выхадны. З людзьмі трэба працаваць.

Калі я абяцаў, я трымаў слова. Тады не цяжка гутарыць з работнікамі. І калі раней для вырашэння пытання ўсе беглі да дырэктара, то пазней, нават калі ён быў – спачатку да заатэхніка. Так і павінна быць – спецыялісты павінны здымаць свае пытанні і дапамагаць кіраўніку. Паступова расла і ўпэўненасць у сабе.

Людзей трэба паважаць

Гэта маё асноўнае жыццёвае крэда. Ім карыстаўся, калі працаваў дырэктарам саўгаса “Тураўлянскі” з простымі работнікамі, захаваў яго, калі перавялі намеснікам начальніка Полацкага і начальнікам Ушацкага райсельгасхарчаў і меў справу з кіраўнікамі гаспадарак. Людзі розныя, былі і антыпатыі, аднак твае схільнасці павінны застацца ў цені. Будзеш паважаць – яны адкажуць узаемнасцю і пойдуць табе насустрач, зробяць тое, што трэба. Ва ўсялякім выпадку ў мяне было так з кіраўнікамі і іншымі работнікамі сельскай гаспадаркі Ушаччыны. Мяркую, што гэта і ёсць сапраўдная павага.

Заахвочвальных мер, на маю думку, павінна быць больш, чым пакарання. Хоць мне даводзілася ініцыя­ваць і звальненне кіраўнікоў, а звольніць чалавека вельмі цяжка.

Я адбыў два тэрміны

Кіраўніком Ушацкага райсельгасхарча Васіль Андрэевіч адпрацаваў дзесяць год – з 1973 па 1983. І кажа, што затрымаўся, адбыў два тэрміны. Кім яны вызначаны? Ім самім. Лічыць, што чыноўніку на падобнай рабоце трэба быць не больш пяці гадоў. Бо менавіта першы час імкнешся да выніку, шукаеш нешта новае, вартае, а потым прывыкаеш.

– За гэтыя два тэрміны Вы маглі прапанаваць замену многіх кіраўнікоў, якія таксама прывыка­юць…

– Не, кіраўнік, як віно, з гадамі становіцца толькі лепш, калі ён, канечне, добры кіраўнік. Гэта зусім іншае, гэта канкрэтная работа з людзьмі, якіх ты выдатна ведаеш, ва ўмовах, з якімі ты добра знаёмы. Добрых кіраўнікоў трэба цаніць. І мы, я маю на ўвазе не толькі сябе, а і кіраўніцтва раёна, адстойвалі дырэктараў і старшынь, калі паступалі імклівыя загады звольніць з работы, напрыклад, з­за невыканання загада зверху.

Працаголік з дзяцінства

Васіля Андрэевіча можна штодня застаць на дачы ў Ціханятах. Незалежна ад надвор’я: раней – на веласіпедзе ці пешшу, цяпер на аўтобусе, ветэран накіроўваецца на дачу. Тут чакае жыўнасць. На гэты час невялікая – куры, індыкі. Зусім нядаўна – карова, цёлка, свінні. І канечне – пчолы. Ён падобны на руплівых меданосаў, ад якіх таксама вучыўся сабранасці, дакладнаму размеркаванню абавязкаў. Стаўкі – паўсюдна. Пераважна – пад стваламі шматлікіх яблынь, з рознакаляровымі яблыкамі. Сарты розныя, і асобныя ляжаць да ліпеня. І ніводную Васіль Андрэевіч не купляў. Плоданосяць яго прышчэпы: па некалькі сартоў на ствале, яблыня на бузіне, вінаград, грушы. Працяглы ўчастак проста пярэсціць як рэдкімі раслінамі, так і звыклымі. І складана сказаць, чаго не ўмее гэты ветэран вытворчасці. Усім цікавіцца, з многім эксперыментуе. Мог бы ляжаць на канапе з кнігамі, якія так любіць. Навошта яму ўсё гэта?

– Я не магу сядзець без справы, – адказвае Васіль Андрэевіч. – Заўсёды многа працаваў. Памятаю, у раннім дзяцінстве ўлетку і шасці гадзін няма, а брыгадзір будзіць – Вася, сынок, падымайся, я табе лепшага коніка дам. Ускокваеш і ідзеш, тым больш што табе паабяцалі лепшага – рыжага каня, які перад гэтым быў у сябра. Мы рана сталелі, на вёсцы ж засталіся ўдовы, інваліды і мы, дзеці вайны. Бацька прапаў без вестак. Цяжка паранены быў яшчэ на фінскай, мабыць і быў бы камісаваны, калі б не працаваў у воінскай часці Заслонава. А так пайшоў разам з часцю, хоць і быў вольнанаёмным, паспеў толькі перавезці нас да дзеда на вёску. У 1944 атрымалі пахавальную. У чацвёртым класе дзед зрабіў мне коску і я вучыўся касіць. Мужыкі гаварылі: пасля Васіля можна што знайсці – дзе высока зрэзаў, дзе ў купіну трапіў. Хутка касіў нараўне з усімі. Маці дома, лічы, не было, жанчыны суткамі працавалі ў калгасе, літаральна ўсё па доме было на нас з сястрой. Таму і ўчастак у мяне быў заўсёды, кім бы не працаваў. Атрымліваю сапраўдную асалоду, калі прыжыўся мой прышчэп, добра перазімавалі пчолы, завязалася новая грушка.

Быт вызначае свядомасць

– Вы памятаеце сваіх дзядоў, бачыце ўнукаў, розныя ці аднолькавыя галінкі роду Мазго?

– Розныя, вельмі розныя – быт вызначае свядомасць. На маіх вачах маці пухла з голаду. У студэнцкіх Горках, дзе вучыўся, складана знайсці падпрацоўку, жыў на адну стыпендыю на хлебе і вадзе. Памятаю, не ўтрымаўся аднойчы і купіў бляшанку печані траскі (тады гэта была танная кансерва) і не змог даесці – страўнік не прывык да раскошы. Таму для мяне праца без выхадных, калі толькі ў нядзелю дазваляў сабе прыйсці дадому раней – пасля абеду, было звыклым, нармальным. Чаго не хапала нашым дзецям? Напэўна, нашай увагі. Хаця яны ведалі, што трэба дапамагаць, і ў раскошы не купаліся. Калі мы зараз ходзім па магазінах з унукам, ён выбірае цацку, не задумваючыся, а назаўтра можа не глянуць на яе. Сённяшнія дзеці могуць ведаць цэннік але не ведаюць цаны. Іх дзяцінства гэтаму не вучыла, і гэта добра. Таму мы розныя, хаця, канечне, і аднолькавыя. Я задаволены сваімі дзецьмі, думаю, што знойдуць свой шлях і ўнукі. У іх будуць свае настаўнікі, свае памылкі і наш прыклад.

* * *

Васіль Андрэевіч – як мудрая кніга. Гаварыць з ім цікава гадзінамі, заўсёды знойдзеш аб чым, і ўсё роўна застаецца ўражанне, што аб самым галоўным ён прамаўчаў. Мабыць таму, што як казаў класік: “Мысль изречённая – есть ложь”. Ён жа – гэта прыклад сапраўднага інтэлігента з сялянскай соллю зямлі ў душы. Вельмі сціплага, які многа бачыў, многа зведаў, але не возьмецца некага павучаць. Ён вучыць сваім жыццёвым прыкладам.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Ушачанин Василий Андреевич Мазго — мудрый, эрудированный, трудолюбивый человек

  1. Очень замечательная статья. Счастья и долголетия этому доброму человеку.В статье не отражено, что Василий Андреевич непровзойденный мастер юмора (душа любой компании), что очень важно в повседневной жизни. Смело могу сказать,что и за время совместной работы,так и в дальнейшем многому от него научился,за что очень благодарен.

    Николай. г.Витебск. пенсионер.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *