Танцы под звёздами и видеокамерами. За повреждённые на территории суда машины житель Ушачского района приговорён к 4 годам ограничения свободы и штрафу

Закон - один для всех

Нарадзіўшыся і вырасшы ў Ільюшыне, Дзмітрый Яраш да 20 гадоў у адрозненні ад свайго вядомага цёзкі, лідара ўкраінскага “Правага сектара”, ніякіх канфліктаў з праваахоўнымі органамі не меў. Але сяброўства з “зялёным змеем” гэты “прабел” у біяграфіі хлопца не так даўно закрыла. 3 мая бягучага года Дзмітрый прыехаў ва Ушачы, каб сустрэцца з сяброўкамі. Спатканне не зладзілася і падрыхтаванае на кампанію спіртное ён ужыў адзін. Пры гэтым не абмяжоўваў сябе ні ў колькасці, ні ў разнастайнасці – у ход пайшлі гарэлка, піва, сухое віно. У пэўны момант грымучая сумесь дала аб сабе ведаць: малады чалавек страціў арыентацыю і апынуўся на беразе ракі. Каля 22 гадзін, на шляху доўгай дарогі дадому, “нялёгкая” занесла яго на пляцоўку за будынкам суда Ушацкага раёна – металічная агароджа перашкодай не стала. Там хлопец убачыў новенькі “Пежо” аддзела прымусовага выканання пакаранняў па Ушацкім раёне і яшчэ адзін аўтамабіль, які здаўся хлопцу надзейным прытулкам для адпачынку. З лёгкасцю забраўшыся пад іншамарку, Д.Яраш праспаў пад “Фольксвагенам” некалькі гадзін. Уначы ўжо 4 мая, прачнуўшыся ад холаду, вырашыў павысіць камфорт і перабрацца ўнутр аўто. Першапачаткова яму прыглянуўся “Фольксваген”. Аднак зачыненыя дзверы не паддаліся, і раззлаваны хлопец нанёс некалькі ўдараў…, з лёгкасцю матылька ўскочыў на капот і стаў біць па лабавым шкле. Прадукт нямецкага аўтапрама гераічна вытрымліваў выпрабаванні, але пад напорам маладой сілы прыкладна пасля трыццатага ўдару здаўся. Гэтага хлопцу паказалася мала і танцы пад зоркамі прадоўжыліся ўжо на капоце “Пежо”. Ці аўтамабіль аказаўся менш трывалым, ці Дзмітрый налаўчыўся на папярэдніку, але на ўскрыццё “француза” ён затраціў менш часу. Хоць правоў на кіраванне аўтамабілем Дзмітрый не меў, але знайшоўшы ў салоне “Фольксвагена” запасныя ключы і пракаціўся па пустынным двары храма Феміды пад звонкія гукі сігналізацыі. А рэціруючыся з месца адпачынку, “прыхапіў” з салона “Пежо” яшчэ адзін артыкул крымінальнага кодэксу: украў навігатар, які разбіў, пералазячы цераз агароджу. Заўважыў гэта Д.Яраш дзесьці каля чатырох гадзін раніцы на шляху да Ільюшына і выкінуў непатрэбны прыбор па дарозе…

Перарвалі спакойны сон стомленага юнака супрацоўнікі міліцыі. Доказаў віны было больш чым дастаткова – ад слядоў крыві і адбіткаў абутку на аўтамабілях да запісаў камер відэаназірання. Пра тое, што танцуе пад відэакамерамі, малады чалавек не заўважыў. А “кіно” з яго ўдзелам ад сораму не дагледзеў да канца. Ён не толькі нічога не памятаў, але і не мог паверыць, што “зялёны змей” апрануў на яго такую маску.

Суд Лепельскага раёна спаўна ацаніў “подзвігі” Д.Яраша. За здзейсненыя крадзеж, угон транспартнага сродку і наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці ён прыгавораны да 4 гадоў абмежавання волі і накіраваны ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго давядзецца пакрыць нанесены ўрон – цана некалькіх лішніх бутэлек спіртнога аказалася вельмі высокай – 122,27 базавай велічыні.

Д.КЛАЧОК, следчы Ушацкага раённага аддзела Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *