Адресная социальная помощь. Что она собой представляет и кто может на неё претендовать?

Калейдоскоп

У нашай краіне ўдзяляецца значная ўвага ўзмацненню дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва. Адна з формаў – аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі. Што яна сабой уяўляе? Хто можа на яе прэтэндаваць? Адказы на гэтыя і некаторыя іншыя пытанні дае загадчыца аддзялення па аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі ТЦСАН Ушацкага раёна С.М.САБІНА.

– Святлана Мікалаеўна, раскажыце, калі ласка, наколькі актыўна карыстаюцца ўшачане магчымасцю атрымання адраснай сацыяльнай дапамогі?

– За студзень­кастрычнік бягучага года нашым аддзяленнем у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта краіны №41 яна аказана ўжо 913 грамадзянам на агульную суму 129 тысяч 75 рублёў 9 капеек. З іх 352 чалавекам – штомесячна (у агульнай суме атрымалася 60 тысяч 741 рубель 93 капейкі) і 378 – аднаразова (5 тысяч 610 рублёў). На набыццё падгузнікаў выдаткавана 27 тысяч 846 рублёў 3 капейкі, у гэтым спісе значылася 134 чалавекі. Тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі аплачаны для 11 грамадзян – 2 тысячы 214 рублёў 13 капеек. Забяспечаны прадуктамі харчавання 38 дзяцей першых двух гадоў жыцця – сума склала 32 тысячы 663 рублі.

– Наколькі я ведаю, сёлета дапамога да новага навучальнага года аказвалася грамадзянам яшчэ і па рашэнні раённага Савета дэпутатаў…

– Сапраўды. На ранейшых умовах мы матэрыяльна падтрымалі 100 малазабяспечаных сямей, 146 школьнікаў на агульную суму 3 тысячы 650 рублёў. А па рашэнні райсавета аказана дапамога яшчэ 46 мнагадзетным ячэйкам грамадства (без уліку іх даходаў), у якіх выхоўваецца 91 школьнік, – сума выплат склала 2 тысячы 275 рублёў.

– Матэрыяльную дапамогу некаторым катэгорыям грамадзян традыцыйна аказвае Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва…

– Так. За адзначаны перыяд дапамога аказана 334 пажылым грамадзянам і інвалідам Ушаччыны, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Агульная сума выплат склала 14 тысяч 573 рублі 3 капейкі. У асноўным яна пайшла на рамонт печаў, замену электраправодкі.

– Нагадайце ўмовы прызначэння штомесячнай і аднаразовай сацыяльнай дапамогі.

– Гэтыя віды выплат выдзяляюцца сем’ям, чые даходы на кожнага члена сям’і па аб’ектыўных прычынах не перавышаюць 1 бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) – на сённяшні дзень гэта 175 рублёў 50 капеек. Адзначу, што права на такую дапамогу маюць працуючыя не менш 6 месяцаў грамадзяне.

– Пры якіх умовах аказваецца дапамога для пакрыцця страт на набыццё падгузнікаў?

– Яна не залежыць ад даходу сям’і. Атрымаць яе могуць інваліды 1­­й групы, а таксама дзеці­­інваліды ва ўзросце да 18 гадоў з 4­­й ступенню страты здароўя. Сума выплат не павінна перавышаць 1,5­­разовага памеру БПМ (261 рубель 78 капеек). Дапамога прызначаецца 4 разы ў год на падставе заключэння ўрачэбна­­кансультацыйнай камісіі ці індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда.

– Каму і на якіх умовах выдзяляецца дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі?

– Яна таксама не залежыць ад даходу сям’і і аказваецца інвалідам 3­­й групы, дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, якія не прызнаны інвалідамі, але па медыцынскіх паказаннях патрабуюць такіх прылад.

– Нагадайце, калі ласка, хто мае права на забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця?

– Гэта сем’і працуючых не менш 6 месяцаў грамадзян, якія маюць сярэднедушавы даход, ніжэйшы за памер БПМ. Зрэшты, пры нараджэнні двайнят або трайнят такая дапамога прызначаецца ў любым выпадку.

– Куды неабходна звяртацца за прызначэннем дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі?

– Заява з усімі неабходнымі дакументамі падаецца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, размешчаны па адрасе: г.п.Ушачы, вул.Ленінская, 12, кабінет №11. Дадатковую інфармацыю па лініі дзейнасці аддзялення адраснай сацыяльнай дапамогі ТЦСАН можна атрымаць па нумары 2­­74­­44.

– Дзякуй за тлумачэнні.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *