Как заработал, так и потерял. Материалы из зала суда

Закон - один для всех

Як “зарабіў”, так і згубіў

Нашы жаданні, на жаль, не заўсёды супадаюць з фінансавымі магчымасцямі. І калі адэкватныя грамадзяне, ідучы да пастаўленай мэты, шмат працуюць, у чымсьці сябе абмяжоўваюць, то некаторыя спадзяюцца атрымаць усё за так. Максімум, на што яны “здольныя”, – дык гэта прыбраць да рук чужое. Відаць, забываюць народнае выслоўе аб тым, што бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы…

Ураджэнец вёскі Цётча 1967 года нараджэння доўгі час афіцыйна нідзе не працаваў, перабіваўся выпадковымі заробкамі. Напрыканцы чэрвеня ён вырашыў арганізаваць для сябе так званае свята жывата. Вось толькі грошаў на гэта не аказалася. Так, у выхадны дзень Уладзімір аказаўся ля будынка ПУП “Лясная губерня”, што ва Ушачах. Там мужчына ўжо бываў (час ад часу дапамагаў работнікам, за што меў нейкі прыбытак), а таму добра ведаў, што і дзе ляжыць.

Пераскокнуўшы праз агароджу, герой нашага аповеду аказаўся на тэрыторыі прадпрыемства і накіраваўся да будынка, у якім адсутнічала акно. Пранікнуўшы ўнутр, ён узламаў дзверы, што злучалі пустуючае памяшканне з суседнім – больш прывабным для злодзея. Менавіта там і знайшоў тое, дзеля чаго прыйшоў, – бензапілу “Шціль” коштам каля 540 рублёў. Гэтую здабычу мужчына збыў усяго за 40 рублёў!

І ўсё ж свята ад такой здзелкі не атрымалася – Уладзімір трапіў пад увагу праваахоўнікаў, а ў адносінах яго была ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт.205 КК Рэспублікі Беларусь. Суд прызнаў мужчыну вінаватым і назначыў яму пакаранне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам на адзін год з утрыманнем 10 працэнтаў штомесячнага заробку.

А.НАПРЫЕНКА, следчы раённага аддзела Следчага камітэта.

Няроўны абмен

Жыхар вёскі Рог 1961 года нараджэння ўжо меў судзімасць. За здзейснены крадзеж зусім нядаўна ён атрымаў пакаранне ў выглядзе папраўчых работ па месцы працы тэрмінам на адзін год з утрыманнем 10 працэнтаў штомесячнага заробку. Але ж, як аказалася, мужчыну такі прыгавор не надта напужаў – без уважлівай прычыны ён неаднаразова не з’яўляўся ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю райаддзела міліцыі, на ўліку ў якой знаходзіўся, а па месцы працы – у КУСГП “Глыбачаны” – дапускаў прагулы. Не ўздзейнічалі на Івана шматлікія выгавары і афіцыйныя папярэджанні.  Вось, як кажуць, і даскакаўся…

У адносінах мужчыны была ўзбуджана крымінальная справа па арт.416 КК Рэспублікі Беларусь. Суд прызнаў яго вінаватым у злосным ухіленні ад адбывання пакарання і замяніў ранейшую меру на больш жорсткую – арышт на 1 месяц. Сюды ж дадалася частка неадбытага “доўгу” – у выніку за кратамі парушальнік правядзе тры месяцы.

Ф.ЗІНЬКЕВІЧ, старшыня суда Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *