С лесной поляны — на центральную площадь. Как выбирали главную ёлку Ушачского района, читайте в нашем материале!

Общество

Учора цэнтральную плошчу Ушач упрыгожыў атрыбут, без якога нельга ўявіць Новы год – 17-мятровая галоўная ёлка раёна. Не ведаю як каму, мне ж заўсёды было цікава, якім чынам прыходзіць да нас на свята гэтае вялізнае дрэва. Калі верыць вядомай з дзяцінства песні, адказвае за дастаўку ёлкі мужычок з сякерай і санямі, але ж днямі на свае вочы давялося пабачыць, што працэс гэты зусім не такі просты, ды і ўдзельнікаў у ім значна больш.

Галоўную ёлку раёна выбіралі сёлета па некалькіх асноўных крытэрыях: эстэтычным, “прыступным” (магчымасці пад’езду транспарту) і экалагічным – абраны векавы экземпляр у хуткім часе мог стварыць небяспеку для людзей, бо рос у ажыўленым месцы ля Ушацкага лясніцтва. Адразу скажу, што проста спілаваць прызначаную для ўпрыгожвання елку нельга: пры падзенні яна зломіць сучча і страціць “таварны выгляд”. Дрэва трэба зрэзаць так, каб яно заставалася ў вертыкальным становішчы, а потым акуратна ўкласці на спецыяльны транспарт. Канечне, зрабіць гэта ўручную немагчыма, таму ў працэсе задзейнічана спецыяльная тэхніка – аўтакран ПМС. “З дапамогай вышкі верхавіна дрэва замацоўваецца за стралу крана, і калі вальшчык падразае елку знізу, яна не падае, а застаецца вісець у паветры”, – расказвае машыніст аўтакрана Алег Васільевіч Гіраўка, які ўдзельнічае ў падобным пераднавагоднім пра­цэсе ўпершыню, аднак прафесійныя навыкі не даюць яму ніякай падставы хвалявацца за дакладнасць сваіх дзеянняў.

Паколькі дрэва занадта высокае, “падвешаная” елка ставіцца на зямлю і падразаецца яшчэ некалькі раз – да патрэбнага памеру. Адказвае за гэту справу вопытны работнік УП ЖКГ Васіль Антонавіч Ярмош – менавіта ён вось ужо некалькі гадоў запар спілоўвае для ўшачан галоўнае навагодняе дрэва. Потым яно з дапамогай крана акуратна ўкладваецца на прычэп трактара, абсталяваны спецыяльнымі падпоркамі, замацоўваючымі ствол. Сёлета місія дастаўкі елкі на плошчу была даручана камунальніку Віктару Васільевічу Сіротку, якому для гэтага прыйшлося на некаторы час адкласці сваю асноўную работу па нарыхтоўцы шчапы. Паўдзельнічалі ў працэсе здабыцця лясной прыгажуні і энергетыкі, якім у мэтах бяспекі давялося часова адключыць электрычнасць на лініі, што праходзіць побач з лясніцтвам. Кіраваў жа работамі галоўны інжынер УП ЖКГ Мікалай Уладзіміравіч Свірко.

Усе гэтыя і іншыя работнікі прыклалі свае намаганні, каб галоўная гераіня аповеду – зялёная лясная прыгажуня – замігцела каляровымі агеньчыкамі і на цэлы месяц стала цэнтральнай фігурай святаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *