Ничего не предвещало беды. Многодетная семья в деревне Старое Село после пожара осталась без жилья и средств к существованию

Общество

У панядзелак пасля зімовых канікул школьнікі раёна не пайшлі на заняткі з-за моцных маразоў. Не пайшоў у школу і другакласнік Арсеній Магерка. Але ў той час як яго равеснікі сядзелі ў цёплых дамах і бавілі час за мульцікамі ці гульнямі, хлопчык у тоненькай куртачцы без рукавічак хадзіў разам з бацькам каля свайго згарэўшага дома, сумнымі вачыма назіраў, як апошняя з чатырох пажарных машын аблівала ўжо абвугленыя сцены для надзейнасці, уважліва ўглядаўся ў  груды абгарэўшых рэчаў, якія былі раскіданы вакол дома. Вось праглядваюцца напалову ўцалелыя некаторыя кніжкі, пачарнелыя сшыткі, а вунь санкі, ад якіх застаўся жалезны каркас. А якой надзеяй засвяціліся яго вочкі, калі выратавальнік працягнуў яго просценькі кнопачны тэлефон – ён некуды заваліўся і не згарэў, але пакрыўся коркай ільду пасля тушэння пажару і, канечне ж, не працаваў. “А як вы думаеце, мой папугай Кеша таксама згарэў ці, можа, паляцеў куды?” – усё яшчэ не губляў надзеі хлопчык…

Здаецца, яшчэ ўчора мнагадзетная сям’я сядзела разам у цёплай утульнай зале, вечарам як звычайна бавіла час за праглядам тэлевізара, рознакаляровымі агеньчыкамі гарэла навагодняя ёлка. На канікулы з Лепельскага каледжа прыехаў старэйшы 17-гадовы Кірыл, забаўляўся з Арсеніем, мірна спаў самы малодшы член сям’і – дзевяцімесячны Яраслаў. А зараз менш чым за гадзіну вогненная стыхія пераўтварыла ўтульны дом Алены Алексяёнак і Аляксандра Магеркі ў Старым Сяле Жарскага сельсавета практычна ў папялішча.

Пра такія сітуацыі звычайна кажуць “нічога не прадвяшчала бяды”. Гэтую радавую сям’ю ведаю не па чутках, ля дома на адной з галоўных вуліц вёскі буяла агародніна і кветкі, чысціня і парадак панавалі ўнутры жылля. Тут ніколі не дазвалялі сабе курыць у доме, не давалі запалкі дзецям, падтрымлівалі ў спраўным стане аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі – у доме іх было ўстаноўлена два (забягаючы наперад, скажу, што менавіта гэты прыбор сыграў важную ролю ў выратаванні людзей). Домаўладанне не раз правяралі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і ніякіх парушэнняў не выявілі.

Раніцай панядзелка гаспадар як і звычайна адправіўся на працу на ветсанутыльзавод, дома засталася Алена і дзеці. Усе яны ў гэты час яшчэ спалі, але сон перарваў моцны пах дыму ў доме і гук пажарных апавяшчальнікаў. У жыллі было ўсё моцна задымлена, а на гарышчы разгаралася полымя. Алена з Арсеніем і Кірылам наспех апранулі, што трапіла пад рукі, ухуталі ў коўдру Яраслава і хуценька выскачылі на вуліцу.

– Я толькі дабраўся да працы, а мне тут знаёмыя звоняць і кажуць, што мой дом гарыць. Я нават не мог паверыць, колькі тут, здаецца, хвілін прайшло, як я з дому. На машыне пад’язджаю, а там дым валіць, спужаўшыся, што мае знаходзяцца ўнутры, кінуўся ўжо да дзвярэй, але мяне спынілі, сказаўшы, што яны ўсе ў суседкі, – з хваляваннем расказвае  Аляксандр.

Шчытавы дом, які быў пабудаваны каля 12 гадоў таму, успыхнуў, як запалка. Верагоднай прычынай пажару выратавальнікі лічаць перагрэў кладкі дымаходу – ацяпляльны кацёл у моцныя маразы тапіўся без перарыву дрывамі і брыкетам. Жыллё моцна пашкоджана агнём, ад яго засталіся толькі сцены, аднавіць яго не ўдасца, хіба што адбудоўваць па-новаму на тым жа фундаменце. Уся нажытая гадамі маёмасць згарэла, у паніцы гаспадары не паспелі прыхапіць і дакументаў. Згарэлі і рэчы самай старэйшай дачкі Вікі, якая ў гэты дзень якраз здавала экзамен ва ўніверсітэце. Уцалела толькі падсобная гаспадарка сям’і: на хлеў, у якім знаходзіліся свінні і куры, агонь перакінуцца не паспеў.

Алена ад шоку і перажытага ледзь трымае сябе ў руках, выпіваючы адну за адной таблеткі ад сэрца, а Аляксандр, гледзячы на згарэўшы дом, не раз паўторыць: “Дзякуй Богу, што ўсе жывыя…” Пакуль яны часова прытуліліся ў родных. Каб дапамагчы гэтай сям’і справіцца з такой бядой, нераўнадушныя аднавяскоўцы збіраюць для іх грошы, дапамагаюць, чым могуць. Калі ў каго-небудзь з нашых чытачоў таксама ёсць магчымасць дапамагчы, вы можаце гэта зрабіць. Сям’і патрэбна дарослае мужчынскае адзенне (рост 180 см, памер 48-50), жаночае (рост 170, памер адзення – 46), адзенне для дзяцей на юнака 17 гадоў (рост 180см, памер адзення 46-48, абутку – 45), дзяўчыну 21 год (памер адзення 46), хлопчыка 8 гадоў (рост 134, памер абутку 32-34), дзевяцімесячнага хлопчыка, а таксама спальныя прыналежнасці, кухонныя, бытавыя  прыборы і іншае. Перадаць усё гэта можна ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які ў рамках  акцыі “Сям’я – сям’і” зараз збірае рэчы (тэлефон для даведак 2-92-89, (8-033) 696-04-44 МТС). Калі вам будзе зручней, перадаць рэчы можна і ў рэдакцыю.

Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “Ничего не предвещало беды. Многодетная семья в деревне Старое Село после пожара осталась без жилья и средств к существованию

  1. Когда мельком прочитала эту информацию на каком-то другом сайте,не придала значения,т.к были сухие факты: загорелось,извещатели сработали,люди спаслись. А у вас так грустно и жизненно написано,что аж за душу берет,что действительно захотелось хоть чем-то помочь этим,пускай даже мне незнакомым,людям…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *