Грипп: меры профилактики

Здравоохранение

Штогод эпідэмія грыпу паражае значную колькасць насельніцтва ў большасці краінах свету. І прычыны гэтаму простыя: людзі не ведаюць, як правільна абараніцца ад уздзеяння негатыўных фактараў, ды і не спяшаюцца прымаць прафілактычныя меры.

Грып звычайна пачынаецца востра: ад заражэння да першых прыкмет захворвання праходзіць у сярэднім 1-2 дні. Пры лёгкім цячэнні тэмпература павышаецца да 38 градусаў, а пры цяжкім – вышэй за 40. З’яўляюцца моцны галаўны боль, дрыжыкі, боль у горле, нагах, паясніцы, суставах. Суправаджаецца захворванне таксама слабасцю, пагаршэннем апетыту, сухім кашлем, асіплым голасам, рэззю ў вачах. Пры ўсіх гэтых сімптомах трэба неадкладна звярнуцца за медыцынскай дапамогай да ўрача!

Не варта забываць аб прафілактычных мерах барацьбы з грыпам і вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Пазбягайце блізкага кантакту з людзьмі, якія выглядаюць нездаровымі. Не наведвайце шматлюдныя месцы ці скараціце да мінімуму час знаходжання ў іх. Захоўвайце гігіену рук: часцей мыйце іх з мылам або выкарыстоўвайце сродкі для дэзінфекцыі на спіртавой аснове. Павялічце прыток свежага паветра ў жылыя памяшканні, часцей адчыняйце вокны. Пры кантакце з хворым чалавекам выкарыстоўвайце ахоўныя маскі. Прытрымлівайцеся здаровага ладу жыцця – у гэтым дапамогуць паўнацэнны сон, рацыянальнае харчаванне, фізічная актыўнасць, рэгулярныя прагулкі на свежым паветры.

І ўсё ж самай надзейнай абаронай ад захворвання застаецца вакцынацыя. На сённяшні дзень ва Ушацкім раёне ад грыпу прышчэплена 5702 чалавекі.

Прытрымлівайцеся названых мер прафілактыкі – і вы зможаце зберагчы сябе і сваіх блізкіх ад хваробы. Будзьце здаровыя!

А.ЖАЛВАНАВА, памочнік урача-эпідэміёлага Ушацкага РЦГЭ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *