В Ушачах на одну точку шиномонтажа стало больше

Общество

Правільна падабраны абутак надае жанчыне ўпэўненасці. Тое ж і з аўтамабілем – якасныя выбар і ўстаноўка гумы робяць машыну больш устойлівай і ўпэўненай на дарозе. Вырашыць пытанне з “пераабуваннем” аўто з нядаўняга часу ўшачанам стала прасцей – у гарадскім пасёлку з’явілася яшчэ адна кропка шынамантажу, дзе заўсёды гатовы памяняць гуму з летняй на зімнюю і наадварот, адбалансаваць колы.

У апошні час аб гэтым новым аб’екце не раз прыходзілася чуць станоўчыя водгукі, якія датычыліся як абслугоўвання, так і ўдалага размяшчэння. А яно  сапраўды зручнае – каля гаражоў у раёне ПМК-66.

Ідэя заняцца такога рода паслугай у індывідуальнага прадпрымальніка з Наваполацка Дзмітрыя Тарасевіча ўзнікла дзесьці год таму. Малады хлопец, які ўжо мае вопыт работы ў аўтабізнесе, разглядаў розныя варыянты размяшчэння новай кропкі сэрвісу (але самым падыходзячым і зручным аказалася менавіта гэтае месца), збіраў і афармляў усе неабходныя для адкрыцця справы дакументы. І вось удалося рэалізаваць задуму. У кастрычніку шынамантаж прыняў першых сваіх кліентаў.

– Хоць і не першыя мы ва Ушачах у гэтай сферы, але палічыў мэтазгодным адкрыць яшчэ адну кропку па аказанні паслуг шынамантажу. Мяркую, што ніша гэта ў рэгіёне яшчэ не занята поўнасцю. Многія аўтаўладальнікі церпяць нязручнасці з-за вялікіх чэргаў, асабліва перад пачаткам сезонаў, ведаў гэта ад знаёмых з гарпасёлка. Канечне, давялося затраціць пэўныя фінансавыя сродкі на ўстаноўку і падрыхтоўку памяшкання, набыццё новага сучаснага абсталявання. Каб зрабіць цэны даступнымі, перш чым выставіць іх, вывучаў кошт такіх паслуг як ва Ушачах, так і іншых месцах. Да таго ж у першы месяц работы існавала сістэма скідак для наведвальнікаў, рабіць такія акцыі плануем і ў далейшым, асабліва для пастаянных кліентаў, – расказвае Дзмітрый.

У невялікім памяшканні ўдала размясціліся патрэбныя для работы станкі і інструменты. У штаце ж новага аб’екта налічваецца ўсяго адна адзінка – слесар Дзяніс Лычук, якому для авалодання новым відам дзейнасці давялося прайсці спецыяльныя курсы ў сталіцы.  Хлопец  хутка асвоіўся з работай і набіў руку, у гарачы сезон ці пры неабходнасці яму дапамагае або замяняе і сам гаспадар – Д.Тарасевіч упэўнены, каб ведаць “кухню” справы, трэба не толькі кіраваць, а і ўсё ўмець рабіць самому.

Нягледзячы на тое, што паслуга шынамантажу больш лічыцца сезоннай, ёсць кліенты і ў цяперашні час, бо тут  хутка і не ва ўрон якасці вырашаюць і такую частую праблему аўтамабілістаў, як прабітае кола. Дарэчы, сярод кліентаў новага аб’екта не толькі ўшачане, а і жыхары сельскіх населеных пунктаў і нават аўтаўладальнікі з суседняй Полаччыны. За некалькі месяцаў існавання шынамантаж ужо часткова акупіў укладзеныя ў справу сродкі.

І ўсё ж, каб быць загружанымі не толькі сезонна, а ўвесь год, Дзмітрый Тарасевіч думае і пра заўтрашні дзень, плануе ў будучым пашырыць спектр паслуг і ператварыць шынамантаж у паўнацэнны аўтасэрвіс. І гэта ў яго павінна атрымацца, дзякуючы мэтанакіраванасці, працавітасці, амбіцыйнасці і маладому запалу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *