На озере Черствяды в Ушачском районе прошли областные соревнования по ловле рыбы на мормышку среди организационных структур БООР

Общество

У суботу на возеры Чарсцвяды паблізу вёскі Ляхі было як ніколі мнагалюдна. Менавіта гэты вадаём стаў месцам правядзення абласных спаборніцтваў па лоўлі рыбы на мармышку з лёду.

Тое, што Ушаччына славіцца сваімі азёрамі, ведаюць не толькі ў нашай вобласці, але і далёка за яе межамі, а таму ўсе без выключэння 19 раённых арганізацыйных структур РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Віцебшчыны з радасцю прынялі ўдзел у гэтым мерапрыемстве.

Ушачане рыхтаваліся і лавіць рыбу, і дастойна прыняць гасцей. Напярэдадні мерапрыемства выбіралі ўчастак вадаёма з адносна аднолькавымі ўмовамі: рэльефам дна, глыбінямі, расліннасцю, разбівалі месца лоўлі на зоны і сектары. Дарэчы, канкрэтнае месца кожнаму рыбалову даставалася па выніках жараб’ёўкі. Рыбаловам, а іх у кожнай камандзе было па тры чалавекі, дазвалялася карыстацца толькі адной вудай з адной мармышкай, мець пры сабе запасную. За тым, каб удзельнікі не парушалі правілы, уважліва сачыла строгае журы. Так што прывезці сюды з сабой злоўленую раней рыбіну нікому б не ўдалося. Тры гадзіны “варажылі” ўдзельнікі каля сваіх лунак, у кожнага былі свае метады лоўлі. Клёў быў нядрэнны і ні адзін рыбак не застаўся без улову.

– Мы ўжо не першы год праводзім падобныя спаборніцтвы. Робім гэта для прапаганды рыбалоўнага спорту як формы актыўнага адпачынку, умацавання сувязей паміж рыбаловамі, абмену вопытам, павышэння майстэрства, выяўлення мацнейшых. Чаму Ушачы? Па-першае, раён знаходзіцца ў самым цэнтры вобласці, па-другое, у тутэйшых азёрах шмат рыбы, – адзначыў выконваючы абавязкі старшыні Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Віктар Варанцоў.

Гонар Ушаччыны на абласных спаборніцтвах адстойвалі Аляксандр Лёля (на здымку), Дзяніс Дуброўскі, а нараўне з дарослымі выступаў і юны рыбалоў – адзінаццацігадовы Максім Бука. Рыбалкай хлопчык захапляецца не першы год, летась ён ужо прымаў удзел у такіх спаборніцтвах, вызначыўся не толькі добрым уловам, а быў самым юным удзельнікам мерапрыемства. Тады ільюшынскаму хлопчыку ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўніцтва абласной структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” уручыла членскі білет рыбалова і грамату. Не падвёў сваю каманду Максім і сёлета – налавіў рыбы больш за астатніх дарослых прадстаўнікоў з усіх 19 каманд! За самы важкі ўлоў Максім Бука атрымаў грамату і каштоўны падарунак – рыбацкую скрыню. Акрамя асабістага заліку, лепшых выяўлялі і сярод каманд раёнаў, дзе не аказалася роўных гаспадарам спаборніцтва. Другое месца занялі рыбаловы з Расоншчыны, “бронза” дасталася Докшыцам.

– Ну, ушачанам грэх быць не ў ліку першых! У “хатніх” умовах, ведаюць, што любіць тутэйшая рыба, столькі цудоўных азёр, што нават такія юныя рыбакі ловяць лепш за дарослых! – весела абмяркоўвалі за смачнай юшкай вынікі турніру ўдзельнікі.

Перамогі ўшачан становяцца прыемнай заканамернасцю – у мінулым годзе на міжраённых спаборніцтвах у Глыбокім яны не пакінулі шанцаў астатнім рыбаловам, добры ўлоў быў у іх і на мінулых абласных спаборніцтвах.

Удзельнікі ўсіх раёнаў незалежна ад занятага месца вярталіся дадому з добрым настроем і зарадам бадзёрасці, бо для аматараў рыбалкі не столькі важны ўлоў, як задавальненне ад самога працэсу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *