Трудолюбивая семья Моисеенко из агрогородка Ильюшино никогда не сидит без дела

Личное подсобное хозяйство Наш современник Сельское хозяйство

Хтосьці лічыць, што жыць у вёсцы сумна, неперспектыўна і непрэстыжна, і любымі шляхамі імкнецца ў горад. Такое меркаванне памылковым назавуць многія жыхары аграгарадка Ільюшына. У апошнія гады гэты населены пункт дзякуючы рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла “прырос” новымі дамамі і жыхарамі. Тут няма пустуючага жылля, а ёсць чарга на дамы сельгаспрадпрыемства, сюды на працу прыязджаюць жыхары райцэнтра. Адны з тых, хто ніколі не прамяняе ільюшынскае наваколле на гарадскія выгоды, – працавітая сям’я Аляксандра і Святланы Майсеенкаў.

Сумуюць без работы

Аляксандр Пятровіч – адзін з лепшых механізатараў “Ільюшынскага”, перадавік на розных відах сельскагаспадарчых работ, а таму неаднаразова трапляў у аб’ектывы нашых фотакамер у полі. А вось застаць яго ў дамашняй абстаноўцы і пагаварыць грунтоўна давялося ўпершыню.

Аб тым, што давядзецца працаваць у сельскай гаспадарцы і работа будзе менавіта за рулём, ён ведаў з дзяцінства. Цяга да тэхнікі перадалася ад бацькі, мясцовага механізатара: не раз ён браў малога з сабой на працу, у кабіне трактара падвозіў у школу, любіў хлопчык пакруціцца каля бацькі і падчас рамонту. З заканчэннем школы Аляксандр атрымаў і спецыяльнасць трактарыста, а пасля арміі адразу ўліўся ў калектыў гаспадаркі. Увесь сельскагаспадарчы цыкл Аляксандр заняты на розных работах. Яго МТЗ-1221, які атрымаў два гады таму, гатовы да любой справы, а любімую мужчына хоць і не адразу, але ўсё ж вылучыў: “Касіць – цікава, хутка “ляціш” па полі, а за трактарам кладзецца сакавітая зялёная трава. Прасаваць салому – наадварот, спакойна едзеш па палетках, дзе яшчэ ўчора гулі камбайны, пакідаеш за сабой залацістыя рулоны. Але, напэўна, больш за ўсё люблю араць – закладваць аснову пад будучы ўраджай!”

А вось у Святланы, хоць і не такая прыкметная, але таксама важная задача: забяспечыць баяздольнасць арміі ілью­шынскіх механізатараў, накарміўшы іх смачным абедам і вячэрай. На працягу сямі гадоў жанчына працуе загадчыкам сталовай сельгаспрадпрыемства. Ужо даўно за межы “Ільюшынскага” разышлася слава пра тутэйшыя клёцкі і манты. Дарэчы, апошняя страва з’яўляецца тут “кароннай фішкай”. І калі клёцкі гатуюць у кожным кутку раёна, то манты характэрны менавіта для гэтай мясцовасці.

– Як вядома, у Ільюшыне пражываюць прадстаўнікі некалькіх нацыянальнасцей, са сваёй кухняй. Манты прыжыліся дзякуючы казахам, ад якіх дасталіся спецыяльныя мантаваркі. Страва падобная на пельмені, і адрозніваецца, па сутнасці, толькі сваёй незвычайнай формай і спосабам прыгатавання – варыцца на пару, – расказвае Святлана.

Зрэшты, мясцовыя аграрыі любяць не толькі манты, а ўсе стравы работнікаў сталовай, для якіх лепшай удзячнасцю з’яўляюцца пустыя талеркі і просьбы аб дабаўцы.

Зараз сям’я Майсеенкаў у водпуску – такая ўжо спецыфіка работы, што адпачываць прыхо­дзіцца выключна зімой. І калі многія людзі са шкадаваннем адлічваюць дні да яго заканчэння, то Аляксандр і Святлана ўжо засумавалі па рабоце: “Нязвыкла ў водпуску! Хочацца на працу”.

“Падсобная гаспадарка здымае стрэс!”

Як бы гэта дзіўна ні гучала, але Аляксандр Майсеенка лічыць менавіта так.

– Памятаю, як служыў у далёкай Туркменскай рэспубліцы. Акружалі мяне адны і тыя ж чужыя людзі, з дня ў дзень паўтараліся аднолькавыя справы. Хацелася дамоў, сумаваў па сялянскім жыцці. Таму хадзіў часам паглядзець… на свіней, якіх трымалі ў падсобнай гаспадарцы, і, натуральна, станавілася лягчэй, – прыгадвае Аляксандр.

Зараз у падсобнай гаспадарцы сям’і ёсць свінні, бычок, птушка. Па сённяшніх мерках – цэлая армія жыўнасці. Але для Майсеенкаў гэта нямнога і колькасць жывёлы перыядычна павялічваецца. Ёсць і любімец – сабака Жулік, які “ўсё разумее” і асабліва паважае гаспадара: “Калі яму кажу, што адпушчу пабегаць, толькі калі вернешся ў вызначаны час, ён заўсёды паслухмяна вяртаецца на сваё месца”.

Сям’я апрацоўвае больш васьмі сотак: і свой прысядзібны ўчастак, і зямлю ля дамоў бацькоў, якія і прывучылі іх да сялянскага жыцця. Маці Святланы, напрыклад, усё жыццё адпрацавала заатэхнікам, на хатнія справы заставалася мала часу, а таму многае дапамагалі рабіць дзеці. Дзякуючы руплівасці гаспадароў сёння большасць прадуктаў у доме – свае, натуральныя. Суседзі здзіўляюцца, як нягледзячы на мноства работы, асабліва ўлетку, яны паспяваюць падтрымліваць парадак на сядзібе, даглядаць вінаграднік і садзіць кветкі.

– Хоць гэта аднімае шмат часу і сіл, аднак мне падабаецца вадзіцца з жывёлай, капацца ў агародзе, – прадаўжае размову Святлана. – Неяк прывыклі спраўляцца і ў напружаную вясенне-летнюю пару, нават калі абое  занятыя ў гаспадарцы. Бывае, калі-небудзь Саша і ў тры гадзіны ўстае, каб зрабіць тое-сёе на агародзе, каля дома, а ў шэсць раніцы ўжо быць на працы…

На вуліцы Сонечнай – настрой адпаведны!

Неабходныя камунікацыі, газавае ацяпленне. Гледзячы на “новы пасёлак” у Ільюшыне, наз­ваць населены пункт неперспектыўным не павернецца язык. Адзін з дамоў гаспадаркі на прыгожай вуліцы Сонечнай як добрыя працаўнікі атрымалі і Майсеенкі.

– За апошняе дзесяцігоддзе наша Ільюшына змянілася ў лепшы бок. Тое ж можна сказаць і пра сельгаспрадпрыемства, дзе хоць і цяжка працаваць, але можна зарабіць. У нас ёсць усе неабходныя сацыяльныя аб’екты, і ў дадатак чыстая прырода, цудоўныя краявіды. Нам тут камфортна, а што яшчэ трэба? – разважаюць Святлана і Аляксандр.

Вучыцца і развівацца ў аграгарадку маюць магчымасць і дзеці. Напрыклад, іх дачка чацверакласніца Аксана не толькі паспяхова спраўляецца з вучобай, а і захапляецца спортам – год таму яна стала фіналісткай рэспубліканскага лёгкаатлетычнага праекта “300 талентаў для каралевы”. А вось 15-гадовы Андрэй, магчыма, пойдзе па слядах бацькоў, па хатняй гаспадарцы ён іх першы памочнік. І яшчэ адзін стэрэатып аб тым, што вясковыя жыхары менш сучасныя за гарадскіх, у хаце Майсеенкаў развейваецца, як дым. Рэдкія хвіліны вольнага часу гаспадар не супраць правесці за камп’ютарам, паблукаць па прасторах інтэрнэту: “Дзеці ў ноўтбуку ды планшэце, а я ўжо па-старыкоўску, у камп’ютары!” Як вам тое, што вясковы механізатар цікавіцца не толькі навінамі краіны, а і, напрыклад, уважліва сачыў за палітыкай Дональда Трампа, прыкідваў, як абранне новага прэзідэнта ЗША адаб’ецца на ўзаемаадносінах нашай краіны і Захаду?!

І, на жаль, зусім не застаецца часу ў Аляксандра на любімую рыбалку. Вось і ў гэты водпуск пакуль ніяк не выбраўся да вадаёму, бо заняліся з жонкай рамонтам свайго жылля: трэба трымаць марку годных гаспадароў і зноў жа – не сядзець без справы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *